Грамадскія памочнікі
Прадстаўнікі маладзёжнага атрада аховы грамадскага правапарадку Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці разам са сваім камандзірам Вячаславам Бабурам цэлы тыдзень праводзілі эксперымент, ініцыятарам якога выступіла іх навучальная ўстанова.
Дырэктар ліцэя Станіслаў Ляшчук расказвае:
– На працягу тыдня кожны дзень прадстаўнікі нашага атрада з 7.30 да 8.00 гадзін у так званую гадзіну-пік дзяжурылі на вуліцах горада. Галоўная задача, якую мы ставілі перад сабой, – зберагчы жыццё і здароўе дзяцей, лішні раз напомніць ім, што кожную хвіліну на дарозе трэба быць уважлівым, бо аб сваёй бяспецы ў першую чаргу мы павінны клапаціцца самі.
Юнакі разам з камандзірам атрада неслі дзяжурства ў асноўным ля пешаходных пераходаў, сачылі за тым, ці пешаходы пераходзяць дарогу ва ўстаноўленых месцах. Калі бачылі, што некаторыя парушаюць правілы, спынялі іх, папярэджвалі аб небяспецы і нават пераводзілі праз дарогу. Як гаварылі самі юнакі, большасць малых пешаходаў разумелі ўсё правільна, чаго не скажаш пра многіх дарослых.
– Наш эксперымент доўжыўся пакуль толькі тыдзень, – расказваў Станіслаў Яўгенавіч. – Але хочацца верыць, што нашу ініцыятыву падтрымаюць і іншыя ўстановы, бацькі і таксама выйдуць на вуліцы горада з такой добрай, на мой погляд, місіяй.
Анастасія МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час акцыі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.
Опубликовано в “ГЧ” 20.10.2012 г.