Ксёндз Юрый Хіневіч віншуе з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстова
Дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі!
Сардэчна віншую вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстова – святам любові, жыцця, святла і надзеі! Няхай яно стане часам разважання над таямніцай уцелаўлення Бога як таямніцай Яго бязмежнай любові да чалавека, таямніцай Божага дару жыцця, які мы павінны сцерагчы як зрэнку вока, і таямніцай Божага святла, якое прасвятляе цемру граху, каб адарыць нас новай надзеяй.
Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія перажываюць Адвэнт і рыхтуюцца да падобнага свята! Жадаю ўсім, каб Езус сваёй ласкай штодзённа нараджаўся ў вашых сэрцах! Так, як і мудрацы з Усходу, якія прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Збаўцу і потым вярнуліся дадому іншай дарогай, таксама і мы, якія прыйшлі пакланіцца Езусу, што знаходзіцца ў яслях, павінны вярнуцца да нашых дамоў, месцаў працы, вучобы і адпачынку дарогай, поўнай Божай ласкі і любові. Мы гэта можам учыніць дзякуючы перамяняючай нас любові, міласэрнасці, прабачэнню і спагадзе, якія прыходзяць да нас праз радасць сустрэчы з Хрыстом, каб свята Божага Нараджэння дапамагло нам адрадзіцца і напоўніла радасцю і любоўю.
Няхай Каляды і наступаючы 2022 год будуць напоўненыя духоўнай радасцю і Хрыстовым супакоем!
Са святам Божага Нараджэння!
Ксёндз Юрый Хіневіч.