У госці – з яблыкамі з уласнага саду

Штогод у час Каляднага посту благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатвор­цы райцэнтра протаіерэй Віктар Паляціла  і настаяцель храма вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы ў аг. Арэхава протаіерэй Анатоль Дударчук наведваюць дамы сямейнага тыпу Маларытчыны. Не стаў выключэннем і сёлетні год.

Нядаўна святары пабывалі ў доме сямейнага тыпу  №1 (бацькі-выхавальнікі Таццяна і Вячаслаў Абрамукі, 8 прыёмных і двое сваіх дзяцей) і № 2 (бацькі-выхавальнікі Валянціна і Пётр Лямачкі, 10 прыёмных дзяцей) райцэнтра,  у доме сямейнага тыпу аг. Лукава (бацькі-выхавальнікі Алена і Уладзімір Бойка, 6 прыёмных дзяцей), а таксама ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Святары  пажадалі дзецям і іх бацькам-выхавальнікам, маладым людзям з абмежа­ванымі магчымасцямі мі­ру,  душэўнай раўнавагі, бадзёрасці духу, здзяйснення ўсіх мар і задуманага, божага благаславення. Акрамя таго, айцы Віктар Паляціла і Анатоль Дударчук у госці прыехалі з вітаміннай прадукцыяй. Яны традыцыйна перадалі яблыкі дзецям з дамоў сямейнага тыпу і маладым людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Дарэчы, гэта яблыкі з уласнага саду протаіерэя Анатоля Дударчука.

Між   іншым,    на прысядзіб­най тэрыторыі дома сямейнага тыпу Валянціны і Пятра Лямачкаў некалькі гадоў таму быў закладзены сад (паса­джана 40 саджанцаў яблынь гатункаў “айдарэд”,  “лігол” і “чэмпіён”, 40 кустоў буякоў і інш.). У закладцы будучага саду прымала ўдзел не толькі сям’я Лямачкаў, але і протаіерэі Віктар Паляціла і Анатоль Дударчук. Між іншым, гэтыя святары таксама прымалі ўдзел і ў закладцы саду на прысядзібнай тэрыторыі дома сямейнага тыпу Таццяны і Вячаслава Абрамукоў. Па словах протаіерэя Віктара Паляцілы, плануецца,  што будучай вясной невялікі сад будзе закладзены і на тэрыторыі дома сямейнага тыпу ў аг. Лукава.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 11
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий