Маларытчане атрымалі ўзнагароды ад арганізатараў абласной выставы-конкурсу для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізіялагічнага развіцця і дзяцей з інваліднасцю
Падведзены вынікі абласной выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізіялагічнага развіцця і дзяцей з інваліднасцю “Сябруюць дзеці на планеце”. Пісьмовую ўдзяку ад арганізатараў за ўдзел у ёй атрымала калектыўная работа пераможцаў раённага этапу гэтага спаборніцтва, выхаванцаў Маларыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, а таксама вучня Олтушскай СШ Івана Баярчука. Дарэчы, Іван і выхаванцы РЦКРНіР нядаўна прынялі ўдзел у абласной дабрачыннай ёлцы.
Лепшымі ў раённым этапе творчага спаборніцтва “Сябруюць дзеці на планеце” таксама сталі дзве работы Паўла і Дар’і Братчукоў з Радзежскай СШ і Усевалада Стрэхі з СШ №1. Усе пераможцы і ўдзельнікі будуць узнагароджаны дыпломамі і сувенірамі.
Цяпер работы раённага этапу конкурсу можна ўбачыць на выставе, якая арганізавана ў Маларыцкім раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Яе ўжо наведала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Тамара Шатлікава, старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, а таксама вучні ўстаноў адукацыі горада. Дарэчы, сёлета выстава будзе перасоўнай.
Конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізіялагічнага развіцця і дзяцей з інваліднасцю праводзіцца штогод. Сёлета ён меў назву “Сябруюць дзеці на планеце”. Свае конкурсныя работы на суд журы даслала 49 вучняў з 13 устаноў адукацыі раёна.
Мікалай НАВУМЧЫК.