Маларытчанка Валянціна Струнец пабывала у Маскве на здымках праграмы “Капітал-шоу «Поле цудаў»”
Дзень 19 снежня 2021 года стаў адным з самых памятных, яркіх і незабыўных дзён у жыцці загадчыцы Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Валянціны Струнец. Яна, першая і пакуль адзіная з жыхароў раёна, каму пашчасціла пабываць у Маскве на здымках праграмы “Капітал-шоу «Поле цудаў»”.
– Валянціна Мікалаеўна, як вы трапілі на “Поле цудаў”?
– Напачатку снежня гэтага года па запрашэнні грамадскай арганізацыі “Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі” пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Федэральнага агенцтва па справах нацыянальнасцей Расійскай Федэрацыі дэлегацыя Маларытчыны, у складзе якой была і я, прымала ўдзел у Маскве ў міжнародным фестывалі “Беларусы запрашаюць сяброў”. Падчас гэтага мерапрыемства мне прапанавалі прыняць удзел у гульні “Поле цудаў”. Безумоўна, трохі нават сумнявалася. Аднак, параіўшыся з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галінай Стасюк, згадзілася пабываць на “Полі цудаў”. Такі шанц выпадае, напэўна, раз у жыцці. Вярнуўшыся ў Маларыту з міжнароднага фестывалю, праз тыдзень зноў стала збірацца ў Маскву, каб прыняць удзел у праграме “Поле цудаў”. Да паездкі рыхтаваліся, як кажуць, усім светам. Дзякуй за падтрымку кіраўніцтву грамадскай арганізацыі “Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі”, Брэсцкаму аблвыканкаму, Маларыцкаму райвыканкаму, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі нашага райвыканкама.
Запіс пераднавагодняй святочнай праграмы праходзіў 19 снежня з 18.00 да 21.00 па маскоўскім часе. З трохгадзіннага адзнятага матэрыялу ў эфір выйдзе, па словах Валянціны Струнец, стандартны выпуск “Поля цудаў”, працягласць якога разам з рэкламай складае 70-75 хвілін.
– Я нiколi раней не прымала ўдзел у здымках такіх шоу-праграм, – гаворыць Валянціна Мікалаеўна. – Таму з самага пачатку трошкі нават хвалявалася. Сюрпрыз мяне чакаў адразу ў студыі, дзе праводзіліся здымкі праграмы. Мне паведамілі, што я буду іграць у першай тройцы пад нумарам адзін.
Пасля таго, як зрабіла першы ход “барабанам”, павіншавала ўсіх беларусаў з Новым годам, у студыю запрасіла сваю групу падтрымкі з музычным нумарам. Яго падрыхтаваў і падарыў гледачам дуэт салістаў народнага ансамбля песні і музыкі “Хаціславяне” ў складзе Віктара Галавія і Вольгі Ківачук. Яны ўжывую цудоўна выканалі беларускую народную песню “Ой, зіма-зіма” з рэпертуару “Хаціславян”, якая для праграмы была падабрана сумесна з загадчыкам Хаціслаўскага СДК Галінай Хомік.
Дарэчы, Валянціна Струнец на запіс праграмы выйшла ў касцюме Маларыцкага строю адзення, які сама ж і выткала па адноўленай тэхналогіі “кажушком”. Вольга Ківачук на сцэне выступала ў аўтэнтычным касцюме таксама нашага строю адзення, Віктар Галавій – у тканым касцюме, які выраблены майстрамі Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці.
– У час выступлення калег я назірала за гледачамі ў зале, – кажа Валянціна Мікалаеўна. – Яны, як і Леанід Якубовіч, былі зачараваны і нашым нацыянальным адзеннем, і выкананнем народнай песні. Падчас праграмы расказвала і пра народнага майстра Сцепаніду Сцепанюк з Дарапеевіч, і пра адноўленую ёю тэхналогію ткацтва “кажушком”, а таксама і пра сам Маларыцкі строй адзення.
– Валянціна Мікалаеўна, па традыцыі на “Полі цудаў” дораць розныя падарункі і пачастункі. З чым прыехалі вы на праграму?
– Так, усе прыязджаюць на праграму з падарункамi. Не з пустымі рукамі завіталі на капітал-шоу і мы. Па-першае, на “Поле цудаў” мы везлі падарункі ад старшыні аблвыканкама Юрыя Шулейкі (набор травяных чаёў з Белавежскай пушчы, набор кобрынскіх сыроў), па-другое, шмат падарункаў было і ад Маларыцкага раёна. Гэта найперш тое, што вылучае наш рэгіён сярод іншых: грачаны хлеб, кашулю тканую мужчынскую для самога Леаніда Якубовіча, саламяны капялюш, тканы пояс і ляльку, апранутую ў адзенне Маларыцкага строю, маларыцкія ручнікі, зразы бульбяныя з паштэтам, смятану, сала, напой, прыгатаваны на 18 травах, а таксама – кошык вітаміннай прадукцыі – дзіцячае харчаванне ад Маларыцкага кансервавагароднінасушыльнага камбіната. Акрамя таго, я перадала Леаніду Якубовічу ад імя грамадскай арганізацыі “Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі” сертыфікат, які засведчыў, што ён з’яўляецца ганаровым членам гэтай арганізацыі, а яшчэ – запрашэнне ад губернатара Брэсцкай вобласці Юрыя Шулейкі, адрасаванае асабіста Леаніду Якубовічу, прыняць удзел у фестывалі-кірмашы “Берасцейскія сані”.
Праграма “Поле цудаў” была прысвечана Новаму году. Валянціне Струнец падчас яе давялося толькі два разы пакруціць барабан.
– Безумоўна, хацелася б выйсці ў фінал гульні і мне, – са шкадаваннем кажа Валянціна Мікалаеўна. – Аднак удача не ўсміхнулася, мне не пашанцавала. Зрэшты, я ехала найперш за станоўчымі эмоцыямі, добрым настроем. Гэта якраз і атрымала.
Ад капітал-шоу «Поле цудаў» маларытчанка атрымала некалькі падарункаў. Гэта тэлевізар з вадкакрышталічным экранам, сімвал 2022 года – мяккую цацку – тыграня, набор цукерак, бутэльку шампанскага, букет кветак. Дарэчы, тэлевізар Валянціна Струнец вырашыла перадаць у карыстанне Маларыцкаму раённаму цэнтру народнай творчасці. Акрамя таго, яна яшчэ атрымала кубак з выявай Леаніда Якубовіча як ігрок, які не выйшаў у фінал.
Напрыканцы запісу праграмы “Поле цудаў” Валянціна Мікалаеўна яшчэ раз усіх на беларускай мове павіншавала з Новым годам, які наступае.
* * *
У эфір праграма “Капітал-шоу «Поле цудаў»” з удзелам Валянціны Струнец і яе групы падтрымкі выйдзе на тэлеканале АНТ 30 снежня ў 18.45.