19 студзеня ‒ Дзень выратавальніка. Больш за 21 год у прафесіі Аляксандр Сезік.

Стаж працы старшага прапаршчыка камандзіра аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 1 Маларыцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандра Сезіка складае ўжо больш за дваццаць адзін год. За шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, асабістую мужнасць і адвагу, праяўленыя пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый, ён узнагароджаны чатырма медалялі, чатырма нагруднымі знакамі, а таксама ‒ граматамі Брэсцкага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Акрамя таго, ён уладальнік звання “Лепшы пажарны-выратавальнік падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Брэсцкай вобласці” па выніках  работы за 2005 год.

Для прафесіі выратавальніка патрэбны мужнасць, стойкасць, смеласць, адказнасць. А яшчэ выратавальнік павінен быць рашучым, арганізаваным, вынослівым, фізічна моцным і эмацыянальна ўстойлівым. Менавіта гэтымі  якасцямі і валодае Аляксандр Сезік.

‒ Мая прафесія ‒ выратаванне людзей, ‒ гаворыць Аляксандр Пятровіч. ‒ Нічога гераічнага ў гэтым не бачу. Менавіта падчас працы ў  аддзеле па надзвычайных сітуацыях адчуў сябе на сваім месцы. Мне заўсёды хацелася быць патрэбным людзям. На мой погляд, выратавальнік ‒ самая мужчынская прафесія, бо прадназначэнне мужчыны – гэта найперш быць абаронцам, ахоўнікам. Агонь – стыхія, якую цяжка ўтаймаваць. Самае страшнае, калі гінуць людзі. Служба выратавальніка – камандная, таму ўменне зладжана працаваць плячом да пляча з калегамі проста неабходна. За час службы разам са сваім аддзяленнем сотні разоў выязджаў на тушэнне пажараў. Пры непасрэдным маім удзеле аддзяленне змагло ўратаваць жыцці 5 чалавек. Праца пажарнага няпростая, але яе выбраў усвядомлена. Калі б давялося рабіць прафесійны выбар, не раздумваючы, стаў бы зноў выратавальнікам. Гэта для мяне не проста работа, а, прызванне.

Пра тое, што прафесія выратавальніка стане лёсам, Аляксандр Сезік у школьныя гады не думаў. Пасля заканчэння дзевяці класаў СШ № 1 Маларыты ён вырашыў паступіць вучыцца ў мясцовае ПТВ-155, каб набыць спецыяльнасці  вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі “С”, трактарыста катэгорыі “А” і газазваршчыка. Пры выбары жыццёвага шляху юнак арыентаваўся на тое, што гэтыя спецыяльнасці заўсёды запатрабаваны. Таму з уладкаваннем на працу не будзе ніякіх пытанняў. Пасля заканчэння тэрміновай ваеннай службы, якую праходзіў ў танкавым батальёне,  ён вярнуўся ў родны горад.

‒Адразу задумаўся, дзе працаваць далей? ‒ гаворыць Аляксандр Сезік. ‒ Пачаліся пошукі. Недзе праз месяц уладкаваўся на службу па кантракце ў батальён сувязі (былы 44-й полк ракетных войск стратэгічнага  прызначэння), які знаходзіўся ў Чорным лесе. Быў прызначаны камандзірам аддзялення. Аднак неўзабаве з-пад Замшан быў выведзены апошні ваеннаслужачы. Я некаторы час на службу ездзіў у Брэст. Аднак гэта стварала пэўныя нязручнасці. Таму праз тры гады службы давялося прыняць рашэнне перайсці на працу ў Маларыцкі раённы ваенны камісарыят. Тут мне прапанавалі пасаду начальніка сакрэтнай часці.

Прыкладна праз чатыры гады пасля гэтага аднакласнік Алег Асадчы параіў  Аляксандру Сезіку перайсці на службу ў Маларыцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Ён прывёў аргументы, з якімі было цяжка не пагадзіцца. Падумаўшы, усё ўзважыўшы, згадзіўся. Адразу быў прызначаны камандзірам аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 15 в.Чарняны. Затым працаваў дыспетчарам цэнтра аператыўнага кіравання пажарнай аварыйна-выратавальнай часці. Там і там калегі прымалі цёпла. З першага дня падтрымлівалі, давалі пры неабходнасці парады, падказвалі, падстаўлялі плячо ў патрэбныя хвіліны і працягвалі руку дапамогі.

 ‒Аляксандр Пятровіч, што трэба, каб звязаць сваё жыццё з прафесіяй выратавальніка?

‒Найперш, жаданне працаваць ім, каб ніколі не палохалі пэўныя цяжкасці і адказнасць. Таксама неабходна ўменне хутка прымаць правільнае рашэнне ў экстрэмальных умовах, мець добрую вытрымку і ў любой сітуацыі навучыцца валодаць сабой. Выратавальнік заўсёды з’яўляецца ў тых месцах, дзе здараецца бяда, дзе патрэбна тэрміновая дапамога. Кошт прамаруджвання ‒ чалавечае жыццё. Служба ў нас ўніверсальная. Мы спяшаемся на дапамогу на пажары і дарожна-транспартныя здарэнні, да тых, хто церпіць бедства на вадзе,  выязджаем на нейтралізацыю небяспечных рэчываў, ліквідацыю наступстваў стыхіі…  Работа выратавальніка – гэта пастаянная небяспека і рызыка. Аднак у гэтым і заключаецца высакародства прафесіі. Трывожных выклікаў у нас бывае шмат. Страшна і трагічна, калі ў полымі пажару гінуць людзі. Напэўна, асноўны прынцып працы выратавальнікаў заключаецца ў трох словах:  выратаваць, захаваць, дапамагчы.

‒  Ці былі  за час вашай службы нейкія незвычайныя сітуацыі?

‒ Безумоўна, і не адна. Аднак мне хацелася б прыгадаць гісторыю са шчаслівым заканчэннем. Неяк мы выехалі на чарговы выклік. Жыхары шматпавярховага дома райцэнтра патэлефанавалі, што іх суседка “заблакіравана” на балконе і замярзае, паколькі на дварэ была мінусавая тэмпература. Пад’ехаўшы, высветлілі наступнае. Жанчына вырашыла на балконе развесіць  адзенне, каб яно прасохла. У  гэты час яе двухгадовае дзіцё глядзела мультфільмы. Нечакана яно падбегла і зачыніла за маці дзверы на балкон. Жанчына сама іх адкрыць не магла. Яна прасіла, угаворвала, каб дзіцё адчыніла, але яно не змагло. Тады за дапамогай жанчына і звярнулася да суседзяў. Выратавальнікі  падаспелі ў час. На любы выклік аддзяленне прыбывае ў поўнай баявой гатоўнасці. Ніколі не прадбачыш, што  трэба, каб было пад рукой.

‒ Аляксандр Пятровіч, калектыў вашага аддзялення дружны, згуртаваны і, несумненна, – спартыўны. Вы самі з’яўляецеся прыкладам у занятках спортам для іншых. Якія вынікі ёсць у скарбонцы вашых спартыўных дасягненняў?

‒ Выратавальнік абавязаны займацца спортам, каб трымаць сябе ў форме. Са спортам сябрую са школьных гадоў. Ды і цяпер я – прыхільнік здаровага ладу жыцця. З лёгкасцю, напрыклад, магу падцягнуцца на перакладзіне дваццаць разоў, выконваю і ўсе астатнія нарматывы па фізічнай падрыхтаванасці для свайго ўзросту. У гэтым мне дапамагаюць заняткі гіравым спортам.

Між іншым, Аляксандр Сезік  восем гадоў  займаў першыя месцы  на чэмпіянаце Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС па гіравым спорце,  адзін раз быў другім і  чатыры разы ‒ трэцім на чэмпіянаце  МНС Рэспублікі Беларусь па гіравым спорце. У  складзе каманды ён два разы займаў другія месцы на абласных спаборніцтвах сярод груп выратавання на вадзе, шмат разоў у складзе  каманды прымаў удзел у спаборніцтвах Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС “Трохбор’е выратавальнікаў”…

– Што пажадаеце калегам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у дзень прафесійнага свята?

–Каб розных надзвычайных здарэнняў было як мага менш, а пажарныя рукавы надаўжэй заставаліся сухімі. Усім здароўя, спакойнай службы, цярпення, вытрымкі, поспехаў ва ўсім.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

На здымку: Аляксандр Сезік.

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий