Лячэбніца ад усіх немачаў

Традыцыйным і даўнім сродкам падтрымання здаровага духу ў целе лічыцца лазня. Руская ці фінская, егіпецкая ці грузінская, турэцкая ці грэчаская… А можа, сухая, вільготная… Кожны вырашае сам, зыходзячы з таго, чаму аддае перавагу, да чаго прывык. Галоўнае, што лазня спрадвеку лічыцца лячэбніцай ад усіх немачаў і хвароб. Яна бадзёрыць, уздымае настрой і жыццёвы тонус, надае сілы, можа звычайны дзень ператварыць у свята.Таксама існуе меркаванне, што самы папулярны сродак папярэджання вострых рэспіраторных захворванняў, хранічных бранхітаў і хвароб лёгкіх – гэта лазня.
– На Маларытчыне на сённяшні дзень дзейнічае 16 лазняў (таксама ёсць 17 парылак), – кажа Вольга Ніканчук, майстар участка добраўпарадкавання КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”. – Яны адначасова могуць умясціць 187 чалавек, душавыя – 33 чалавекі. Аднак загружанасць гарадской лазні, напрыклад, за мінулы год склала толькі 31,2% (па раёну – 32,3%).
– Маларытчане не любяць наведваць лазні?
– Дзяржаўныя, як бачна са статыстыкі, не. Магчыма, многія маюць свае ўласныя ці бываюць у прыватных. Такія таксама ёсць. Наколькі ведаю, 10 тыс. рублёў там трэба заплаціць за адно наведванне.
– Вольга Мікалаеўна, калі будзе завершана рэканструкцыя гарадской лазні?
– У 2012 г. у дзеянне ўведзена толькі першая яе чарга. Сёння гэта – мужчынскае і жаночае аддзяленні на 30 месцаў, 2 парылкі. Таксама ёсць VIP-аддзяленне на 6 месцаў. Аднак яно не працуе, бо не завершана яшчэ рэканструкцыя. У гарадской лазні праведзена аптымізацыя цеплазабеспячэння. Яна абаграваецца і атрымлівае гарачую ваду ад кацельні, якая працуе на мясцовых відах паліва. Пасля рамонту змяніўся знешні і ўнутраны выгляд будынка, з’явіўся сучасны дах з металачарапіцай.Поўнасцю рэканструкцыя будзе завершана пры паступленні фінансавых сродкаў.
– А як лазня працуе?
– Наведаць гарадскую лазню, якая знаходзіцца на Вакзальнай, 20, можна 3 разы на тыдзень у агульных аддзяленнях ІІ разраду. У пятніцу з 18.00 да 24.00 – жаночы дзень, у суботу з 11.00 да 24.00 – мужчынскі дзень, у нядзелю з 11.00 да 24.00 – мужчынскі і жаночы. Аматарам пару мы прапануем лазневую бялізну (ручнік, прасціна) і венікі. Працягласць сеанса памыўкі – 2 гадзіны.
На вёсцы лазні працуюць раз на тыдзень, як правіла – па суботах.
* * *
Сталыя наведвальнікі кажуць: “У лазні галоўнае – пара, але ж і камфорту хочацца”. На іх погляд, цудоўна было б, каб у гарадской лазні з’явіўся хоць невялічкі басейн. Не супраць яны і буфета. Хацелася б набыць мінеральную ваду, квас ці сок… А чаяпіцце ў лазні – не проста час адпачынку арганізма ад перападаў тэмпературы, але яшчэ і выдатная магчымасць папоўніць яго вадкасцю, якая губляецца ў парылцы.
* * *
Сяргей Андрыянаў:
– У лазні абавязкова бываю раз на тыдзень. Наведваю і гарадскую, і ў знаёмых у вёсцы. Ад гэтага атрымліваю пачуццё фізічнай і псіхічнай радасці, таму што выкарыстоўваюцца натуральныя па сваёй сутнасці аздараўленчыя фактары – вада, пара, цяпло, кантрасныя працэдуры.Перакананы, што лазня – асалода для душы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: будынак гарадской лазні; дзяжурная змена –Алена Алешчанка, Лідзія Салаўёва і Генадзь Фарынкоў.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 20.02.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий