На “хобі” свет трымаецца

Існуе думка, што сучасная моладзь свой вольны час бессэнсоўна траціць на сумніўныя заняткі, падоўгу проста так “завісае” ў сацыяльных сетках, пакутуе ад камп’ютарнай залежнасці. А гэта ў сваю чаргу негатыўна ўплывае на іх здароўе і псіхіку. Моладзі патрэбна альтэрнатыва, якая б паказала зусім іншы лад жыцця.  “Жывы” прыклад ёсць! Далёка хадзіць не трэба. Жыццёвы вопыт педагогаў Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці сведчыць, што свой вольны час можна правесці цікава, разнастайна і з карысцю для сябе.

У кожнага з выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання ёсць сваё захапленне. Якое? Адказ на гэтае пытанне шукалі навучэнцы 304 групы ўстановы адукацыі Міхаіл Дутаў і Арцём Цяліга разам з выкладчыкам Надзеяй Дзем’янюк.

Зацікаўленасці ў тых,  хто цяпер працуе ў прафліцэі, надзвычай разнастайныя. Для Уладзіміра Галавея і Рамана Морскага – гэта спорт. Заўзятымі рыбакамі з’яўляюцца Сяргей Чыкіта, Валерый Хоміч,  Вадзім Чыжэўскі і Міхаіл Пташыц. Дарэчы, апошняму  восенню дапамагае адпачыць пасля працоўнага дня і ціхае паляванне. А  кампанію пайсці ў грыбы яму маглі б скласці Надзея Дзем’янюк і Сяргей Хатынюк.

Актыўнае хобі ў Любові Заруцкай: яна любіць падарожнічаць. Жанчына ўжо пабывала ў Расіі,  Швецыі,  Германіі,  Аўстрыі, Вялікабрытаніі,  Шатландыі,  Італіі, Польшчы, Украіне… Любоў Зубоўская – аматар кветак. Іх шмат не толькі ў доме,  але і на прысядзібным участку. Асаблівы гонар Любові Фамінічны – кіпарыс,  які яна вырасціла з семя,  узятага ў знакамітым садзе А.П. Чэхава ў Ялце.

Андрэй Троц  вырошчвае  гарбузы і дыні. Яшчэ адно яго хобі – вінаград. Цяпер на невялікім  участку ў 13 сотак у яго расце ўжо больш за 50 гатункаў вінаграднай лазы.

Ірына Крысіна і Алена Косік у вольны час вяжуць. Ірына Аляксандраўна – на прутках, Алена Пятроўна – кручком. Аднак рэчы ў адной і другой атрымліваюцца вельмі прыгожыя. Уладзімір Няфёдаў выдатна фатаграфуе, прафесійна займаецца відэаздымкай і  стварае ўласныя фільмы. Фотаздымкі калекцыяніруе Надзея Смаль. Бярэш іх у рукі – і здаецца, што ажывае гісторыя, адчуваеш яе подых. З фотаздымкаў можна даведацца, як выглядалі  родныя мясціны некалькі гадоў таму.

Як звязана матэматыка і тарты? Не спрабуйце знайсці адказ! Проста выкладчыца матэматыкі  Таццяна Жуліна даўно захапляецца выпяканнем тартоў. Яны заўсёды атрымліваюцца  прыгожыя, апетытныя і смачныя. Для Андрэя Сацюка хобі – рамонт аўтамабіляў. А яшчэ – ён чараўнік,  які стварае  дэкаратыўныя ручныя работы з металу. Дарэчы, некаторыя з іх упрыгожваюць тэрыторыю Маларыцкага прафліцэя.

 

Дзмітрый Хільчук – звычайна сур’ёзны і стрыманы чалавек. Аднак, аказваецца, што ў яго душы шэсць струн. З дзяцінства Дзмітрый Генадзьевіч  захапляецца ігрой на гітары. Цяпер у гэтым ён – непераўзыдзены майстар. Мужчына лічыць, што гітара – люстэрка душы гітарыста,  якое адлюстроўвае  толькі тое, што бачыць.

Таццяна Кароль любіць разгадваць розныя сканворды і збіраць карціны з пазлаў. Гэтаму яе захапленню ўжо 20 гадоў. Даўняе хобі і ў Аксаны Мірчук. Яна з дзяцінства малюе, а з 10 класа вырабляе розныя сувеніры з прыроднага матэрыялу. Дарэчы, дыпломная работа Аксаны Анатольеўны (вучылася ў Кобрынскім прафесійна-тэхнічным каледжы) была прадстаўлена наведвальнікам у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Цяпер яна яшчэ захапляецца  пляценнем з  газетных трубачак. Сяргей  Пішчык сваім хобі лічыць сельскую гаспадарку. Цяпер ён займаецца развя­дзеннем  дамашніх жывёл:  курэй,  трусоў,  кароў,  індыкоў. Атрыманыя  прадукты  спажываюць самі.

Генадзь Масюк – нумізмат і мастак. У яго калекцыі  амаль 300 грашовых знакаў з розных краін. Ёсць манеты, напрыклад, з Тайланда, Непала, Ганконга, Інданезіі, В’етнама, Нарвегіі, Даніі, Ірландыі, Швейцарыі, Партугаліі, Бельгіі, Францыі, Нідэрландаў, Кіпра, Канады, Мексікі, Грэцыі, Вялікабрытанія, манеты з астравоў Кука, Новай Гвінеі,  Экватарыяльнай Гвінеі… Ёсць грашовыя сродкі былых сацыялістычных краін: Югаславіі, ГДР, Чэхаславакіі. Яшчэ адно хобі Генадзя Масюка – жывапіс. Мужчына на працягу апошніх 20 гадоў піша карціны. Гэта ў асноўным  пейзажы родных краявідаў. Дзіяна Чыкіта знаходзіць задавальненне ў навуковай дзейнасці. Жанчына піша артыкулы ў часопісы, праводзіць  розныя даследаванні  і апытанні. У перыядычных выданнях друкуецца ў сааўтарстве.

Ірына Сікорская шмат гадоў захаплялася фатаграфіяй. Цяпер яна не сядзіць без справы. У вольны час аддае перавагу рукадзеллю. Хобі жанчыны – шыццё,  пэчворк, тапіарый, работа з салёным цестам, пляценне з газетных трубачак. Ірына Сікорская лічыць, што яе захапленні даюць стымул для жыцця, ствараюць настрой, узвышаюць над будзённасцю. У Сяргея Кавалевіча некалькі хобі.

Адно з іх – тэхна-арт. Гэта  накірунак у народнай творчасці, які заснаваны на вырабе розных скульптур з непатрэбных кавалкаў металу, дэталяў машын і механізмаў. Між  іншым,  быў час, калі Сяргей Кавалевіч  пісаў і карціны маслам. Гэта, па яго словах, была праверка сваіх магчымасцей.

Дырэктар установы Алена Талашка выдатна шые, вырабляе лялькі, любіць жывёл. Дома ў яе жывуць каты і сабакі. А яшчэ Алена Аляксандраўна захапляецца ёгай, займаецца практыкай стаяння босымі нагамі на цвіках (рытуал з дошкай Садху)…

– Надзея Міхайлаўна, які вывад зрабілі вашы вучня пасля апытанняў выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання вашай установы адукацыі?

– Вучні даведаліся шмат новага і цікавага пра сваіх педагогаў,  пераканаліся, што яны – асобы  рознабаковыя і творчыя, – гаворыць На­дзея Дзем’янюк. – Хобі – занятак, якому чалавек з радасцю аддае свой вольны час. Захапленні  дапамагаюць адчуць нашым педагогам задавальненне ад самога працэсу, адцягнуць увагу ад дрэннага настрою, справіцца са стрэсам, супакоіцца, ажыццявіць свае мары, пашырыць кругагляд,  па-іншаму глянуць  на свет у цэлым  і  на сваё жыццё – у прыватнасці. Навучэнцам  прафліцэя ёсць што пераняць у сваіх педагогаў, ёсць чаму ў іх навучыцца.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий