Гандбольныя мары Людмілы Сезік
У чэрвені гэтага года споўніцца 57 гадоў з моманту ўтварэння спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна. Як пачыналася яе гісторыя? Адказ на пытанне часткова дае раённая газета “Сельскае жыццё”. У нумары за 14 жніўня 1965 года яна змясціла невялікую інфармацыю дырэктара гэтай установы Уладзіміра Серады: “У нашым раёне створана спартыўная школа. Звыш 250 школьнікаў змогуць рэгулярна трэніравацца, павышаць сваё спартыўнае майстэрства па лёгкай атлетыцы. Будзе працаваць 14 груп у гарадскім пасёлку. Па дзве групы будзе створана ў Макранах і Ляхаўцах. Для правядзення заняткаў з юнымі фізкультурнікамі падабраны кадры з ліку лепшых выкладчыкаў фізічнай культуры раёна”.
Аддзяленне па гандболе ў спартыўнай школе адкрылі ў снежні 1966 года. Вучэбна-трэніровачныя заняткі па гэтым відзе спорту для дзяўчат і юнакоў былі арганізаваны ў спартыўнай зале Маларыцкай школы, дзе на той час былі створаны добрыя ўмовы для трэніровак.
Цяпер СДЮШАР Маларыцкага раёна спецыялізуецца на падрыхтоўцы юных лёгкаатлетаў і гандбалістаў. У штаце ўстановы працуюць тыя, хто ўлюбёны ў сваю справу. У іх ліку – трэнер-выкладчык па гандболе Людміла Сезік, якая мае першы дарослы разрад. Тут яна шчыруе ўжо амаль 25 гадоў. Спартыўная біяграфія Людмілы Уладзіміраўны, як і ў большасці работнікаў фізічнай культуры, пачыналася яшчэ ў дзяцінстве.
– Цяжка паверыць, але аб тым, кім стану, калі вырасту, сур’ёзна задумалася ўжо ў трэцім класе, – гаворыць Людміла Сезік. – Канечне, у такім узросце ў дзяцей зусім іншыя штодзённыя турботы і клопаты. І толькі, напэўна, адзінкі з іх ужо вызначаюцца з будучай прафесіяй. Я якраз у гэты лік і ўваходзіла. Сваёй мары ні разу не здрадзіла. Крок за крокам паступова, але ўпэўнена ішла да яе ажыццяўлення.
Стаць трэнерам Людміла Уладзіміраўна вырашыла пасля таго, як наведала некалькі заняткаў секцыі па гандболе ў Раісы Грэбень – цяпер заслужанага трэнера Беларусі, суддзі вышэйшай нацыянальнай катэгорыі па гандболе, якая не адзін год працавала метадыстам вышэйшай катэгорыі ва ўстанове “Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў”. Імя Раісы Грэбень залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна. Трэнерскай рабоце яна аддала 25 год свайго жыцця. За гэты час здолела захапіць гандболам не адзін дзясятак дзяўчат. Некаторыя з іх цяпер працуюць трэнерамі, настаўнікамі фізічнай культуры і здароўя. Ёсць і тыя, хто працягваў спартыўную кар’еру, – пайшоў у вялікі спорт.
– Мне ўсё падабалася ў Раісе Фёдараўне, – гаворыць Людміла Сезік. – Яе манера гаварыць, паводзіць сябе з тымі, хто акружае. Заняткі ў секцыі гандбола ў гэтага трэнера заўсёды чакала з нецярпеннем. Мне вельмі хацелася стаць падобнай на яе і адносінамі да справы, у якую яна ўкладвала ўсю душу, і ўменнем працаваць з дзецьмі. Таму імкнулася без прычыны не прапусціць ні адзін занятак. Гэта ў школу магла не з’явіцца, а на трэніроўку па гандболе нават з тэмпературай прыходзіла. Гэтым відам спорту проста “гарэла” і жыла ім. Памятаю такі выпадак з жыцця. Неяк у 5 класе нам задалі напісаць сачыненне “Кім хачу быць”. У ім ужо неяк сур’ёзна, па-даросламу абгрунтоўвала думку, чаму, калі вырасту, буду вучыцца на трэнера. Гэта было маёй самай запаветнай марай. Іншае зусім не цікавіла. Бацькі супраць нічога не гаварылі і займацца гандболам не перашкаджалі. Ім удзячна за падтрымку і разуменне.
Людмілу Сезік хутка заўважылі. Яе сталі ўключаць у склад каманд, якія выступалі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Закончыўшы 11 класаў Маларыцкай сярэдняй школы, Людміла вырашае паступаць на спартыўны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аднак яе чакала расчараванне.
– Калі б мне сказалі, што завалю ўступны экзамен па гандболе, проста не паверыла б, – гаворыць Людміла Уладзіміраўна. – Усе іспыты здала добра. Заставаўся толькі гандбол. Была пераканана, што набраных балаў хопіць для паступлення. А экзамен па гандболе абавязкова здам на пяць балаў. Аднак у самы адказны момант нешта пайшло не так. Тое, што ўмела і так любіла рабіць, на экзамене дало нейкі збой. Як вынік – не хапіла бала для паступлення на дзённае навучанне.
Навучацца Людміла Сезік стала на завочным аддзяленні. На працу ўладкавалася піянерскай важатай у Мельніцкую базавую школу. У гэтай установе адукацыі адпрацавала два гады, затым выйшла замуж, нарадзіла дачку Анастасію. Пасля дэкрэтнага водпуску на працу ўжо выйшла ў дзіцяча-юнацкую спартыўную школу Маларыцкага раёна трэнерам па лёгкай атлетыцы, а праз два гады стала трэнерам-выкладчыкам па гандболе. Першы дзень працы стаў асабліва памятным і незабыўным. Каб збылася запаветная дзіцячая мара, спатрэбіўся не адзін год трэніровак, работы над сабой.
Неўзабаве выхаванцы Людмілы Сезік сталі на спаборніцтвах паказваць зладжаную, імклівую гульню і заваёўваць прызавыя месцы. Цяпер у скарбонцы яе дасягненняў шмат розных узнарагод.
– Частка іх – на сценах у трэнерскай, – кажа Людміла Уладзіміраўна. – Вось самая першая ўзнагарода, датаваная лістападам 1999 года. Гэта Дыплом ІІ ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, які заваяваны на першынстве Брэсцкай вобласці па гандболе сярод дзяўчат 1985-1986 гадоў нараджэння. Ён стаў своеасаблівым штуршком, стымулам для далейшай працы. А вось – адна з апошніх і самых значных для мяне ўзнагарод. Гэта Пісьмовая падзяка за подпісам Міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь С.М.Кавальчука за прафесіяналізм і ініцыятыву ў падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву, прапаганду здаровага ладу жыцця, асабісты ўклад у развіццё гандбола Рэспублікі Беларусь. Безумоўна, за час працы былі і іншыя дыпломы з абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Усе яны заваяваны нялёгкай карпатлівай працай. У кожным з іх – частка мяне. Кожны дыплом для мяне дарагі і важны.
У “спартыўнай” біяграфіі Людмілы Сезік ёсць і такі факт: некалькі гадоў яе выхаванцы былі пераможцамі спаборніцтваў па гандболе рознага ўзроўню, а з 2005 па 2009 гады яна сама была старшым трэнерам каманды Брэсцкай вобласці па гандболе.
– Людміла Уладзіміраўна, а вы ў сям’і адзіны гандбаліст?
– Не. Гандбол у нас – сямейны від спорту (усміхаецца). Дочкі пачалі наведваць секцыю па гандболе з трэцяга класа. Старэйшая – Анастасія – падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце іграла за гэтую ўстанову адукацыі. Лепшай разыгрываючай яна была на рэспубліканскім першынстве сярод дзяўчат-шасцікласніц. Меншая – Антаніна – цяпер вучаніца 6 “Б” класа Маларыцкай раённай гімназіі, трэніруецца ў мяне і ўжо некалькі разоў абараняла гонар Маларытчыны на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Аматарам гандбола з’яўляецца муж Віктар і яго родны брат Раман, мая родная сястра Ларыса Мішчанка, яе муж Вадзім Мікалаевіч, таксама іх сын Мікіта і дачка Паліна. Мы перакананы ў тым, што лепш правесці некалькі гадзін у спартыўнай зале, чым ля тэлевізара ці камп’ютара і падзарадзіцца бадзёрасцю, аптымізмам, добрым настроем. Гэта выдатны прыклад прапаганды здаровага ладу жыцця.
– А чым вы захапляецеся яшчэ?
– Люблю праводзіць час у агародзе на прысядзібным участку, з задавальненнем бываю ў рускай лазні, захапляюся бегам. Дарэчы, я заняла першае месца на дыстанцыі тры кіламетры ў праграме І ультрамарафона “Маларыцкая накавальня”.
– Не шкадуеце, што сталі трэнерам-выкладчыкам у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву?
– Ніколькі не шкадую, – кажа Людміла Сезік. – Са жніўня 1997 года працую ў адной і той жа ўстанове. Люблю ва ўсім пастаянства. Калі б зараз перада мной зноў быў выбар, па якой жыццёвай сцежцы ісці, то, не задумваючыся, стала б зноў трэнерам-выкладчыкам па гандболе. Чаму? Многа ёсць розных прычын. А самае галоўнае, напэўна, любоў да дзяцей, жаданне навучыць іх выдатна іграць у гандбол. Пераканана, што калі юны спартсмен і не стане рэкардсменам ці пераможцам, то ён усё роўна ўмацуе сваё здароўе, у вольны час будзе займацца карыснай справай.
– А якая ваша прафесійная мара?
– Мая мара жыве ў вучнях, у іх спартыўных дасягненнях. Я, як і любы трэнер, спадзяюся, што мае юныя гандбалісты стануць тымі спартсменамі, якія змогуць іграць нават і за зборную краіны. Адна з асноўных задач, якую стаўлю перад сабой, – выхаваць любоў да гандбола, выявіць будучых спартыўных “зорак”, раскрыць іх здольнасці, навучыць настойліва ісці да пастаўленай мэты, не апускаць рукі перад цяжкасцямі, расці прафесійна, удасканальваць майстэрства і не спыняцца на дасягнутым. А яшчэ хацелася б выхаваць трэнера-выкладчыка для нашай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна.
Вядома, што сапраўдным трэнерам не становяцца, ім – нараджаюцца. А Людміла Сезік з ліку такіх. Таму і любяць яе выхаванцы.
– Я шчаслівая, што не памылілася і сваё жыццё звязала з трэнерскай работай. Не ведаю, ці здолела б рэалізаваць сябе ў іншым месцы, у іншай прафесіі. Праца з дзецьмі прыносіць мне радасныя і шчаслівыя імгненні. Побач са сваімі выхаванцамі адчуваю сябе маладзейшай.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.