Служба як эстафета пакаленняў

На Маларытчыне шмат сямейных дынастый. У іх прадстаўнікі малодшага пакалення паспяхова працягваюць эстафету – справу сваіх бацькоў і дзядоў.  Ёсць свае дынастыі і ў раённым аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама. Пра адну з іх сёння мы і раскажам.

Заснавальнікам гэтай дынас­тыі з’яўляецца Аляксандр Іва­навіч Астапук, які  першы ў сям’і пачаў працаваць у міліцыі.  Стаж яго службы ў органах унутраных спраў на Маларытчыне складае амаль 20 гадоў. Аднак карані дынастыі ідуць глыбей. Падмурак закладзены быў яшчэ яго  бацькам  Іванам Аляксандравічам Астапуком.

Ля вытокаў дынастыі

19-гадовым юнаком Іван Астапук у студзені 1944 года стаў партызанам атрада імя Літвінава брыгады імя Флегантава. Разам з іншымі хадзіў на розныя заданні, у тым ліку падрываў і чыгунку на ўчастку Брэст-Маларыта.

Пазней юнак праходзіў службу ў 222-м запасным палку, а затым атрымаў накіраванне ў 93-ці полк 160-й дывізіі 70-й арміі І Беларускага фронту. Нарэшце збылася яго мара. Іван даўно хацеў са зброяй у руках адпомсціць ненавіснаму ворагу за родных і блізкіх, за сваю вёсачку, за мары, якім не наканавана было пакуль збыцца. Ён ірваўся ў бой. Неўзабаве жыццё твар у твар сутыкнула хлопца з ваеннай  рэальнасцю на полі баёў на Прыпяці. Потым юнак не адзін раз удзельнічаў у жорсткіх змаганнях на тэрыторыі Маларытчыны (часць, дзе служыў Астапук, дыслацыравалася ля Замшан). Затым фарсіраваў Заходні Буг, на працягу 17 дзён разам з саслужыўцамі спрабаваў “узяць” Варшаву. А 13 жніўня 1944 года атрымаў раненне ў нагу каля польскай вёскі Куры. Для лячэння яго накіроўваюць у Рэчыцу. Пасля папраўкі зноў апынуўся на фронце пад Варшаваю. На гэты раз стралком-аўтаматчыкам у складзе 20-й гвардзейскай механізаванай брыгады І танкавай арміі. 14 студзеня 1945 года ўдзельнічаў у наступленні на Сандамірскім плацдарме. Івану Аляксандравічу яшчэ давялося з вінтоўкай у руках пабываць ва Усходняй Прусіі, Памераніі, выйсці да Балтыйскага мора, удзельнічаць у баях на Зеелаўскіх вышынях, фарсіраваць раку Шпрэе і нават штурмаваць Берлін. Ён таксама прымаў удзел у вызваленні вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Асвенцым”, гарадоў Познань, Гданьск, дзе і застала яго капітуляцыя фашысцкай Германіі. Ваенны шлях Івана Астапука адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі,  Айчыннай вайны ІІ ступені,  ваеннымі медалямі.

Пасля заканчэння вайны Іван Астапук служыў у цэнтральнай камендатуры Берліна. Дэмабілізаваўся з арміі старшы сяржант толькі ў 1949 годзе. Вярнуўшыся ў родную вёску, стаў працаваць рахункаводам у калгасе “Чырвоны партызан”, потым – некаторы час пашталь­ёнам у Лукаўскім аддзяленні сувязі. А  з 1954 года ўладкаваўся  ў Высокаўскую сямігадовую (пазней – васьмігадовую) школу настаўнікам. 33 гады Іван Астапук выкладаў тут фізічную культуру, працу і чарчэнне.

Быў Іван Астапук і бясспрэчным прыкладам для сваіх 2 сыноў і 2 дочак. Ганарацца цяпер сваім дзядулем і пра­дзядулем таксама 6 унукаў і 11 праўнукаў. Яго жыццё – прыклад для іншых, як трэба жыць, працаваць,  любіць сваю Радзіму, абараняць яе нават цаной уласнага жыцця.

Маёр мiлiцыi

– Мой бацька, Іван Аляксанд­равіч, быў чалавек просты,  сціп­лы, непрыкметны,  сапраўдны настаў­нік, – успамінае Аляксандр Астапук. – Такіх педагогаў асабліва любяць вучні. Для высокаўскіх дзяцей ён стаў бясспрэчным аўтарытэтам. Да кожнага ўмеў падабраць ключык, якім лёгка і проста адкрываў  душы. Сэрца, аддадзенае дзецям, – гэта пра яго. Настаўнік заўжды давяраў дзецям, у любой сітуацыі, дзеці – яму. На такое здатны толькі рэдкай душы чалавек. Быў прыкладам бацька ва ўсім і для мяне. Можа,  таму і я таксама вырашыў стаць настаўнікам.

Атрымаўшы атэстат сталасці, Аляксандр Астапук паступіў вучыцца ў Пінскае педагагічнае вучылішча імя А.С. Пушкіна. Набыўшы спецыяльнасць нас­таўніка пачатковых класаў,  атрымаў накіраванне на першае месца працы ў Высокаўскую васьмігадовую школу. Тут стаў выкладаць рускую мову і літаратуру,  спевы, маляванне. Пасля Аляксандр Іванавіч праходзіў тэрміновую службу ў пагранічных войсках у Львове,  некаторы час працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры і гісторыі ў Дарапеевіцкай васьмігадовай школе. Далей яго лёс закінуў у Макранскую СШ.

– Я адразу звярнула ўвагу на маладога ваенрука Аляксандра Астапука, калі толькі ён з’явіўся ў нашай установе адукацыі, – усміхаецца яго жонка Валянціна  Пятроўна. – Статны, падцягнуты, ветлівы, тактоўны. Мяне неяк адразу зачаравала яго ўсмешка. Аднойчы на перапынку ў настаўніцкай ён падышоў да мяне і папрасіў дапамагчы запоўніць класны журнал.  А я была ўжо “вопытная”,  бо ў школе выкладала англійскую мову другі год. Вось з гэтага моманту і ўспыхнула наша каханне. 31 студзеня 1982 года мы сыгралі вяселле.

Маладой сям’і не было дзе жыць. Якраз Аляксандр Астапук даведаўся, што ў Радзежскую школу патрабуюцца настаўнікі англійскай мовы і пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Маладая сям’я вырашыла ўладкавацца туды на працу,  паколькі кіраўніцтва калгаса адразу выдзяляла двухпакаёвую кватэру. Хутка на новым месцы сям’я Астапукоў папоўнілася – нарадзілася дачка Наталля. Аляксандр Іванавіч стаў членам Камуністычнай партыі  Беларусі, вырашыў набыць вышэйшую адукацыю. Для гэтага ён паступае завочна вучыцца ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М.Горкага.

Аляксандр Іванавіч  не любіў сядзець на месцы. Ён удзельнічаў ва ўсіх справах,  якія праводзіліся ў школе,  быў душой любой кампаніі. Кожнае лета працаваў піянерскім важатым у дзіцячых лагерах адпачынку. Умеў зацікавіць  падлеткаў рознымі справамі, падтрымаць, суцешыць, сказаць  патрэбнае і дарэчнае слова.

– Працу ў школе любіў, жыў ёю, – гаворыць Аляксандр Астапук. – Аднак я ў душы адначасова і рамантык, і рызыкант, і авантурыст. Не мог вытлумачыць гэтага, але чакаў нечага незвычайнага, хацелася таго, дзе, здавалася, мог бы сябе праявіць з большай карысцю для грамадства. Безумоўна, гэта перадалося ад бацькі. Бо і ён ірваўся ў свой час на фронт непаўналетнім, але ваяваць не пускала маці.  У мірны час  таксама можна змагацца з парушальнікамі  правапарадку і законнасці. Такім правам на­дзелены супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Можа,  так і застаўся б працаваць у школе ваенруком, каб не сур’ёзная размова з братам Мікалаем.  Менавіта пад яго уплывам вырашыў уладкавацца на працу міліцыянерам. Хоць на новым месцы службы са школай не парываў, бо стаў працаваць інспектарам у інспекцыі па справах непаўналетніх Маларыцкага РАУС. Набытыя ў школе веды, уменні і навыкі вельмі дапамагалі  на новым месцы працы.

Аляксандр Астапук па-раней­шаму часта бываў на сустрэчах з вучнямі ва ўстановах адукацыі раёна. Па-ранейшаму заставаўся цікавым апавядальнікам. Пра гэта сведчыла цішыня ў кабінетах,  дзе лектарам выступаў Аляксандр Іванавіч. Вучні яго заўсёды слухалі ўважліва.

– Спачатку трохі складана бы­ло: перад дзецьмі мала проста выступіць,  да іх неабходна данесці патрэбную інфармацыю, каб яны зрабілі правільныя высновы,  – кажа Аляксандр Астапук. – Галоўная задача не ў тым, каб выявіць правапарушэнне і пакараць за яго, а каб дапамагчы падлеткам у цяжкія хвіліны, перасцерагчы ад учынкаў, якія могуць сапсаваць іх далейшы лёс. Упэўнены, што няма безна­дзейных падлеткаў,  ёсць тыя,  каму не хапае ўвагі. Таму імкнуўся,  каб кожны падлетак стаў сумленным грамадзянінам. Для гэтага спрабаваў наладзіць сяброўскія адносіны з непаўналетнімі, каб шчыра пагаварыць з імі, нешта параіць, падказаць, пераканаць, што ёсць іншы, правільны шлях. Галоўнае – не ўпусціць момант.

На любой пасадзе ў органах унутраных спраў – начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі,  старшага інспектара групы нагляду, начальніка штаба – Аляксандр Астапук  працаваў добрасумленна,  шчыра  і адказна. Спакойны па характары, вытрыманы і заўсёды ўпэўнены ў сабе, Аляксандр Іванавіч умеў працаваць з людзьмі, і яны выказвалі яму падзякі за работу. Яго служба была адзначана рознымі ўзнагародамі, у тым ліку – нагрудным знакам “Выдатнік міліцыі” Міністэрства ўнутраных спраў, “За выдатную службу ў МУС”.

Звязаны жыццёвы шлях Аляксандра Астапука і з ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У ліпені-жніўні 1986 года ў складзе зводнага атрада з Брэсцкай вобласці прыехаў у Брагін. Разам з іншымі маларытчанамі на працягу месяца ён быў у камандзіроўцы ў  в.Савічы (за 22 км на поўдзень ад Брагіна), займаўся там аховай правапарадку ў 30-кіламетровай зоне адсялення з вёсак пасля аварыі.

– Столькі ўжо гадоў прайшло з таго часу,  – кажа Аляксандр Іванавіч,  – а здаецца,   што гэта было ўчора. Настолькі свежыя ў памяці тыя трагічныя падзеі. Наглядзеўся ўсялякага. Даводзілася бачыць і гераічныя ўчынкі ліквідатараў,  і подласць,  марадзёрства. Але самаахвярнасці, гераізму ўсё ж было больш. Многія прыязджалі на ліквідацыю аварыі добраахвотна. У тым ліку –  і я.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Аляксандр Іва­навіч уладкаваўся на працу выхавальнікам у інтэрнат Маларыцкага ПТВ-155. А пасля перанесенага інсульту цалкам аддаўся свайму хобі. Аляксандр Астапук выдатна піша карціны алеем. Цяпер іх кватэра нагадвае мастацкі міні-музей,  у якім экспануецца шмат жывапісных работ.

– Яны ўсюды ў кватэры, – гаворыць жонка Аляксандра Іванавіча  Валянціна  Пятроўна. – Ужо і месца на сценах не хапае. Таму частка карцін знаходзіцца ў кватэры дачкі Наталлі,  іншыя – падораны родным, знаёмым.

“Мастаком” Аляксандр Астапук стаў выпадкова. Неяк у аддзеле яму даручылі выпусціць насценгазету.  Хацелася, каб яна была і інфарматыўнай,  і прыгожа аформленай.  

– Прасіць дапамогі ў кагосьці мне было неяк няёмка, – успамінае Аляксандр Іванавіч. – Ды і камп’ютараў тады яшчэ не было. А калег хацелася прыемна здзівіць. Таму і вырашыў на свой густ аздобіць насценгазету малюнкамі. Я ж не выпадкова ў школе выкладаў маляванне! Задуманае ўдалося рэалізаваць. А гэта адначасова падштурхнула да думкі, што і я магу маляваць карціны алеем. Праўда, сябе не лічу выдатным мастаком. Карціны пішу для сябе. Мой самы  першы крытык – жонка. Калі Валянціне Пятроўне спадабалася – значыць карціна атрымалася і яе можна паказваць родным, знаёмым. Сярод яго работ асноўнае месца займаюць пейзажы і нацюрморты.

Аляксандр Астапук выдатна памятае, як старанна працаваў над сваёй першай карцінай “На возеры”. Яна была завершана 21 лістапада 2012 года і цяпер размяшчаецца на самым ганаровым месцы сярод іншых карцін. Аляксандр Іванавіч і цяпер піша чарговую карціну. Праўда, назву канчатковую ёй яшчэ не даў.

Цікавая дэталь. Піша мастак на палатне, вытканым на кроснах  яшчэ яго маці і цешчай. Частку палатна  таксама перадалі родныя з в. Лазіца. Спачатку Аляксандр Астапук прадумвае сюжэт, робіць рамку, пакрывае грунтоўкай палатно,  а ўжо пасля прыступае да працы. Яна ўскладняецца тым,  што пасля перанесенага інсульту мастак можа пісаць карціны толькі левай рукой. Пасля хваробы справа адразу не пайшла.  Пісаць карціны левой рукой ніяк не атрымлівалася. У роспачы давялося кінуць гэтую справу. Аднак праз 2 гады жаданне засесці за мальберт усё ж  такі ўзяло верх. Неймавернымі намаганнямі Аляксандр Іванавіч навучыўся выдатна працаваць левай рукой. 

– Я ганаруся сваім бацькам, – гаворыць дачка,  маёр мілі­цыі, старшы інспектар па адмі­ністрацыйнай практыцы аддзялення ДАІ  Маларыцкага РАУС Наталля Трафімук, – і імкнуся ва ўсім з яго браць прыклад. Ён для мяне, як і маці, і дзядуля, прыклад, варты пераймання.

Па закліку сэрца

– Стаць міліцыянерам канчаткова вырашыла тады, калі вучылася ў 7 класе, – кажа Наталля Трафімук. – З самага дзяцінства любіла прымяраць на сябе бацькаву форму міліцыянера, “красавалася” перад люстэркам. Сёння ніколькі не шкадую аб абранай прафесіі і з кожным днём усё больш пераконваюся ў тым, што гэта менавіта тая праца, якой я хацела займацца.

Наталля Аляксандраўна мэ­та­­накіравана ішла да сваёй мэ­ты яшчэ і таму, каб быць пра­даўжальніцай сямейнай мілі­цэйскай дынастыі. Ёй хацелася стаць такой, як яе дзядуля Іван Астапук. Брала прыклад ва ўсім і са свайго бацькі Аляксандра Астапука, маёра міліцыі ў адстаўцы. Захапленне выклікаў і выклікае цяпер стрыечны брат Мікалай, прапаршчык міліцыі, вадзіцель групы затрымання.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Наталля Трафімук набыла спецыяльнасць інструктара па фізічным выхаванні ў Пінскім педагагічным каледжы. На першае месца працы была накіравана ў Лукаўскую СШ настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Адначасова паступіла вучыцца на спартфак Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Некаторы час працавала настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў СШ №3 райцэнтра.

– Праца сапраўды прыносіла радасць і задавальненне, – гаворыць Наталля Аляксандраўна. – Усё атрымлівалася. Аднак жаданне і імкненне працаваць у міліцыі ў рэшце рэшт узяло верх. Атрымаўшы дыплом аб заканчэнні ВНУ,  канчаткова прыняла рашэнне змяніць прафесію. Настаў час ісці працаваць у міліцыю. Я палічыла,  што чамусьці маруджу,  што доўга працягваецца мой “сыход” з педагогікі.

Ужо будучы замужам і з паўга­довым дзіцём на руках, Наталля Трафімук цвёрда вырашае змяніць сваё жыццё і паступае на службу ў органы ўнутраных спраў, прайшоўшы папярэдне 6-месячную перападрыхтоўку.

– Вельмі ўдзячная мужу і ўсім сваім родным, што зразумелі і падтрымалі мяне, – кажа Наталля Аляксандраўна. – Дзякуючы блізкім людзям, а таксама разуменню і падтрымцы кіраўніцтва РАУС закончыла Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне і правазнаўства”. Набытая адукацыя  вельмі дапамагае ў маёй штодзённай службе.

Цяпер стаж службы Наталлі Трафімук у органах унутраных спраў складае 14 гадоў. Пачынала яна службу інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх, потым некаторы час працавала старшым інспектарам групы кадраў, у крымінальна-выканаўчай інс­пекцыі, цяпер – у аддзяленні ДАІ.

Наталля Трафімук па закліку сэрца самастойна выбрала адну з самых важных і адказных прафесій – служыць закону і абараняць правапарадак у краіне. Яна, не шкадуючы сілы,  часу,  з гонарам і годнасцю выконвае нялёгкія задачы, забяспечваючы спакойнае жыццё маларытчан. Нароўні з пяшчотай і далікатнасцю жанчына ўдала спалучае ў сабе патрабавальнасць і адказнасць за даручаны ўчастак службы. Яна плячом да пляча стаіць у страі з мужчынамі і добрасумленна выконвае абавязкі, ускладзеныя на яе. За сваю добрасумленную працу за час службы Наталля Трафімук адзначана шматлікімі граматамі і Пісьмамі падзякі рознага ўзроўню, а за высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці, прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў узнагароджана нагрудным знакам “За адзнаку”.

Наталля Трафімук – чалавек творчы. У вольны ад службы час яна ўжо сем гадоў шые інтэр’ерныя тэкстыльныя лялькі Цільда, а таксама іншыя  вырабы, якія ўпрыгожваюць кватэру.

– Акрамя таго,  у мяне,  сына Івана і майго бацькі ёсць агульнае захапленне, – гаворыць Наталля Трафімук. – Мы – заядлыя рыбакі. Нам  не так важна,  колькі і якую зловім рыбу,  як сам працэс. Рыбалка для нас – гэта адпачынак,  час цудоўнага настрою,  шмат  станоўчых эмоцый.

– Наталля Аляксандраўна,  пры­знайцеся,  вы любіце гатаваць?

– Па шчырасці,  так,  люблю. Аднак улічваючы спецыфіку маёй працы,  гэтым цяпер займаюся не так часта, як хацелася. На кухні кашаварыць дапамагае дачка Вікторыя і муж  Ігар. Ён у мяне – адменны повар. Любую страву прыгатуе так, што, як кажуць, пальчыкі абліжаш!

Працяг справы

У дынастыі Астапукоў-Трафі­мукоў ёсць працяг. Сын Наталлі Аляксандраўны цяпер з’яўляецца курсантам першага курса Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Ён навучаецца на факультэце крымінальнай міліцыі і набывае спецыяльнасць “Аператыўна-вышуковая дзейнасць”.

– З дзяцінства марыў служыць у органах унутраных спраў,  – кажа Іван Трафімук. – Ні пра якія іншыя прафесіі і слухаць не хацеў. Яшчэ ў дзіцячым садзе вырашыў: буду міліцыянерам. І толькі ім! Мне ёсць з каго браць прыклад. Гэта і мая мама,  і дзядуля  Аляксандр, і прадзядуля Іван, у гонар якога і назвалі мяне. Сваім абавязкам лічу годна працягваць тыя  “міліцэйскія” традыцыі, якія былі закладзены ў нашай сям’і. Міліцыя – гэта перш за ўсё адказнасць, а ў адказнасці няма выхадных. Прытрымліваюся слоў маёй маці, якая гаварыла, што супрацоўнік органаў унутраных спраў павінен атаясамлівацца з сумленнасцю, справядлівасцю, законнасцю,  ветлівасцю,  культурнасцю і іншымі лепшымі якасцямі беззаганных людзей. Я імкнуся да гэтага і буду імкнуцца  добрасумленна служыць народу і Айчыне!

Мікалай   НАВУМЧЫК.

Фота аўтара і з сямейнага архіва.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий