На варце рубяжоў Радзімы

Служба на граніцы – справа адказная. Гэта своеасаблівы гадзіннікавы  механізм, дзе не павінна быць ніякага збою, дзе няма раздзялення на будні і выхадныя. Гэтая служба не дазваляе расслабіцца ні на хвіліну. Пагранічнікі заўсёды павінны быць напагатове, каб пры неабходнасці ў любы момант хутка затрымаць парушальнікаў. На варце яны стаяць 24 гадзіны ў суткі.

– Такая вось у нас няпростая,  але высакародная прафесія – трымаць граніцу на надзейным замку,  абараняць рубяжы Радзімы, – гаворыць камандзір групы рэзервовай заставы пагранічнай камендатуры “Маларыта” старшы прапаршчык Дзяніс Персіянаў. – Абараняць сваю Айчыну заўсёды лічылася вялікім гонарам для кожнага мужчыны,  асабліва – служыць у пагранічных войсках. Яны – гэта надзейны шчыт Радзімы.

У кожнага чалавека ёсць пэўная мэта ў жыцці. Дзяніс Персіянаў, як і ўсе, таксама задумваўся пра будучую прафесію. Было гэта яшчэ ў пачатковых класах школы. Аднак усвядомлена ён вырашыў, што будзе насіць ваенную форму, у восьмым класе. На гэта ў значнай ступені паўплываў бацька Мікалай Мікалаевіч, які тэрміновую ваенную службу праходзіў у пагранічных войсках на мяжы з Іранам. Ён не раз захапляльна і цікава расказваў пра гэта. Бацька для юнака быў  прыкладам. Ды і Дзянісу самому хацелася  быць мужным, рашучым,  дапамагаць іншым, быць сапраўдным абаронцам блізкіх і  сваёй Айчыны. Такім, на яго погляд, быў мужчына ў пагонах. Каб ажыццявіць сваю мару, вырашыў,  што будзе паступаць вучыцца ў Магілёўскую школу міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў. Аднак яго чакала расчараванне,  паколькі туды нельга было паступіць вучыцца пасля 9 класаў: не было набору.

Пасля заканчэння СШ №29 г.Бабруйска Дзяніс Персіянаў  падаў дакументы ў Бабруйскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №213 сельскагаспадарчай вытворчасці, дзе набыў спецыяльнасць механізатара меліярацыйных работ. Затым на яго жыццёвай дарозе была тэрміновая служба ў радах арміі. Яе Дзяніс Мікалаевіч праходзіў у Пінскім пагранатрадзе.

– Служба падабалася, з самага пачатку ніякіх цяжкасцей не ўзнікала,  – гаворыць Дзяніс Персіянаў. – Мне было цікава паглыбіцца ў тонкасці ваеннай справы,  а потым усе тэарэтычныя веды замацаваць на практыцы. Да службы хутка прывык і адаптаваўся. Пазней стаў не раз лавіць сябе на думцы,  што служба прыносіць пэўнае задавальненне. Ніколі не ўзнікала такога меркавання: “Хутчэй бы адслужыць і вярнуцца дадому”. Наадварот,  з кожным днём мацнела жаданне застацца на службе па кантракце ў пагранічных войсках. У гэтым мяне падтрымаў бацька, ды і маці Любоў Валянцінаўна не была супраць.

Тым больш, што юнак сябе добра зарэкамендаваў падчас праходжання службы, стаў кваліфікаваным спецыялістам, дасканала авалодаў неабходнымі ўменнямі і навыкамі ваеннай спецыяльнасці, меў неабходную фізічную і маральна-псіхалагічную падрыхтоўку. У камандавання Дзяніс Персіянаў быў на добрым рахунку. Аб тым, што гэта так, сведчыць выпіска з яго службовай характарыстыкі: “Мае высокія паказчыкі па прафесійна-службовай падрыхтоўцы. Дысцыплінаваны,  адказны…”

У 2006 годзе Дзяніс Пер­сіянаў быў залічаны на ваенную службу па кантракце з ліку салдат тэрміновай службы ў Пінскі пагранічны атрад.  Яго накіравалі ў пагранічную камендатуру “Маларыта”.

У Маларыту Дзяніс Персія­наў накіраваўся разам з трыма сваімі саслужыўцамі.  Ехалі і ўяўлялі далейшае месца службы.

– У райцэнтр дабраліся на дызель-цягніку, – гаворыць  Дзя­ніс Персіянаў. – Горад здзівіў сваёй цішынёй. Мы не ведалі, у які бок ісці. На вакзале распыталі ў мясцовых жыхароў,  як трапіць у пагранкамендатуру. Нам сказалі, што будзе прасцей і хутчэй, калі спачатку ісці па шпалах у адваротным накірунку (у бок Брэста) да шлагбаўма,  потым ля яго звярнуць направа. Мы так і зрабілі. Гэты маршрут з усімі рэчамі за спіной і сумкамі ў руках быў не зусім лёгкім,  але запомніўся назаўсёды. Так у першы дзень прыезду ў Маларыту адбылося знаёмства з новым месцам службы.

Паступова стаў наладжвацца і быт. Цяпер у Дзяніса Персіянава ёсць кватэра. У Маларыце ён сустрэў і сваё сапраўднае каханне – Алену Анатольеўну,  шлюб з якой узяў у 2007 годзе.

– Ваенны служыць там, дзе Радзіма загадае, куды накіруе, – апярэджваючы маё пытанне, адказвае Дзяніс Мікалаевіч. – Загады,  як вядома,  не абмяркоўваюц­ца, а выконваюцца. Ваеннаслужачыя гэта разумеюць і гатовы да любога павароту лёсу. Наша сям’я – не выключэнне. Маларыта стала для мяне ўжо сапраўды другой радзімай. Здаецца,  што жыву тут з самага дзяцінства. І калі атрымаю загад ехаць на службу ў іншае месца, то пакідаць райцэнтр будзе вельмі балюча.

– Дзяніс Мікалаевіч,  вы служыце на граніцы ўжо 16 гадоў на адным месцы. Ці ёсць розніца паміж тым, што  тут было і што стала?

– Безумоўна. Адрозненні каласальныя. На пачатку маёй службы на Маларытчыне дзяржаўная мяжа на мясцовасці была адзначана толькі інфарматыўнымі таблічкамі,  якія вызначалі рубяжы тэрыторыі Беларусі і аддзялялі яе ад Украіны. Граніца была зусім не абсталявана. Цяпер зусім іншая справа. Дзяржаўная граніца пастаянна мадэрнізуецца.  Няпроста кантраляваць такі  важны і адказны ўчастак. Таму на дапамогу прыхо­дзяць супрацьтранспартныя рвы, кантрольна-следавая паласа, загараджальныя збудаванні, сігналізацыйныя комплексы з відэакамерамі. Усё гэта для таго,  каб розным парушальнікам (нелегалам, незаконным мігрантам…) не даць магчымасці пранікнуць на тэрыторыю нашай краіны ці на Украіну.

– Раней, напэўна, для абодвух кірункаў (Беларусь – Украіна) былі характэрны спробы перамяшчэння і таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў?

– Такое, безумоўна, раней назіралася. Я памятаю свой першы ўдзел у адным з такіх затрыманняў. Гэта адбылося ў канцы студзеня 2006 года. Неяк паступіў сігнал для хуткага рэагавання. Наша разведвальна-пошукавая група накіравалася на ўказаныя каардынаты. У выніку ўдалай “аперацыі” быў затрыманы аўтамабіль ГАЗ-66, поўнасцю загружаны шакаладнымі цукеркамі,  які накіроўваўся з тэрыторыі Украіны. А  гэта некалькі тон кантрабанднай прадукцыі.

Дзяніс Персіянаў у пра­фесію трапіў па закліку сэрца. Ён ніколькі не шкадуе, што свой лёс звязаў з аховай дзяржаўнай граніцы Беларусі.

– Мне падабаецца справа, якой займаюся ўжо не адзін год,  – гаворыць Дзяніс Мікалаевіч. – Мяняць у жыц­ці  нічога не хацелася б. Здаецца,  усё задавальняе. Ёсць любімая работа. Ёсць сям’я, дзе мяне заўсёды чакаюць.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий