Творчасць маларытчан узнагародамі адзначыла журы VІІІ абласнога фестыва­лю фальклорнага мас­тацтва “Радавод”

Захаванне мясцовых традыцый, звычак, песеннай і танцавальнай спадчыны народа – неад’емная частка сённяшняга адукацыйна-выхаваў­чага працэсу на Маларытчыне. Для гэтага шмат робіцца ва ўстановах адукацыі раёна. Пацвярджэнне таму – вынікі VІІІ абласнога фестыва­лю фальклорнага мас­тацтва “Радавод”, які 20-21 мая пра­­хо­дзіў у Пінску. Ён быў прысвечаны Году гіс­та­рычнай памяці. За­с­навальнікамі і ар­гані­затарамі фес­тыва­лю сталі галоў­нае ўпраўленне па аду­­кацыі Брэсцкага абл­выканкама і Брэсц­­кі абласны цэнтр  маладзёжнай твор­часці.

Каб стаць удзельнікамі фіналу мерапрыемства, вучні з усёй Брэстчыны спачатку прайшлі адборачныя туры ў сваіх рэгіёнах. Затым кампетэнтнае абласное журы адабрала ўдзельнікаў для заключнага этапу фестывалю. Лепшыя з лепшых дэманстравалі свой талент пры выка­нанні народных песень, танцаў,  музыкі… У праграме абласнога свята былі праве­дзены розныя конкурсы, выставы, майстар-класы. Таксама адбылося шэсце ўдзельнікаў, навукова-практычная канферэнцыя. Асноўныя мерапрыемствы  прайшлі на  вуліцы Леніна і цэнтральнай гарадской плошчы Пінска.

Маларытчыну на конкурсе прадстаўлялі вуч­ні некалькіх устаноў адукацыі. Творчасць усіх іх прафесійнае журы фестывалю адзначыла ўзнагародамі.  Напрыклад, дыпломы ІІ ступені атрымалі Валерыя Штунь (Маларыцкі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, кіраўнік Ірына Штунь) у намінацыі “Майстар-клас. Вышыўка”; Дар’я Заляшчук і Валерыя Чуль (Маларыцкі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, педагог Алена Паўловіч), якія ў намінацыі “Юны майстар” дэманстравалі адпаведна працэс вырабу лялькі і выцінанкі; Сафія Аўтухова, Ганна Бандарэнка і Улада Кавальчук (Гвозніцкі д/с-СШ, кіраўнік Валянціна Панчук) у намінацыі “Ба­буліна кухня” (працэс падрыхтоўкі і выпякання грачанікаў двух гатункаў); Глеб Кацуба і Аляксандра Саўчук (Хаціслаўская СШ, кіраўнік Таццяна Лук’янчук) у намінацыі “Выканаўцы побытавых танцаў” (IV узроставая група), а таксама краязнаўчы музей “Спадчына” раённай гімназіі (кіраўнік Мікалай Навумчык) у намінацыі “Музейны куток” (былі прадстаўлены сялянскія побытавыя рэчы).

Дыпломамі таксама адзначаны вучні Ха­­ціслаўскай СШ у намі­нацыі “Выканаўцы побытавых танцаў”: Ксе­нія Грыцук і Ганна Лук’­янчук, Цімафей Палуян і Руфіна Люльковіч (IV узроставая група); Уладзіслаў Хомік і Арына Люльковіч (IІІ узроставая група); Арсеній Краўчук і Кіра Люльковіч (ІІ узроставая група). На суд журы юныя хаціславяне прадставілі элементы такіх танцаў, як, напрыклад, “Лявоніха”, “Лысы”, “Базар”, “Падэспан”, “Ва саду лі”, “Мясцовая полька”, “Кракавяк”,  “Яблычка”, “Вальс”, “Бабачкі”, “Ойра”, “Каробачка”, “Рэчанька”, “Мі­кіта”, “Какетка”, “Каханачка”, “Субота”…

Дыплом І ступені ат­рымаў фальклорны ка­лектыў СШ №2 “Вы­токі” (кіраўнік Таццяна  Трафімук) за рэканструя­ваны і адноўлены абрад  “Гуканне вясны” ў намі­нацыі “Фальклорны тэатр”.

Дыпломамі ІІ ступені ўзнагароджаны аддзел па адукацыі Маларыцкага райвыканкама ў на­мінацыях “Выстава-кон­курс дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Горад майстроў»” і “Леп­шая  фальклорная праг­рама”.

– Гісторыю нельга пазнаваць толькі праз кнігі, – гаворыць дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ала Шабогіна. – Праз песні,  музыку,  танцы, фальклорныя творы і рамёствы вучні далучаюцца да народнай творчасці, да гісторыі  роднага краю,  яго міну­лага. Гэта дапамагае ведаць свае карані і вы­токі,  шанаваць продкаў, адчуць пераемнасць па­каленняў, падмацоўвае гістарычную памяць. Народнае,  мудрае,  спадчыннае – вось што надзяляе моладзь неацэнным дарам прадбачання,  духоўнасці, грамадзянскасці.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий