3 ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
Сення мы адзначаем галоўнае свята нашай краіны – любімай, самай прыгожай і гасціннай сінявокай Беларусі. 3 ліпеня стала Днём Незалежнасці па рашэнні, якое было прынята на рэспубліканскім рэферэндуме ў лістападзе 1996 года. Тады больш за 88% удзельнікаў усенароднага апытання выказаліся за перанос свята на Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь першай прыняла на сябе ўдары гітлераўцаў. Ужо на другі дзень вайны Мінск трапіў пад бязлітасную бамбардзіроўку і артылерыйскі абстрэл. На подступах да горада гітлераўскія войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне. Аднак 28 чэрвеня фашыстам удалося авалодаць беларускай сталіцай. 1100 дзён акупацыі. Увесь гэты час працягвалася гераічная барацьба з гітлераўскімі захопнікамі. 3 ліпеня 1944 года сталіца Беларусі была вызвалена ад ворага. Гэты дзень стаў святам вызвалення ўсёй краіны.
Народ Беларусі высокай цаной заплаціў за Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. З дзевяці мільёнаў жыхароў Дзень Перамогі ў 1945 годзе сустрэлі толькі шэсць мільёнаў. Іншыя загінулі на фронце, памерлі ад голаду ці былі закатаваны фашысцкімі акупантамі.
Традыцыйна 3 ліпеня мы аддаем даніну павагі гераізму і стойкасці тых, хто са зброяй ў руках абараняў родную зямлю, самаадданай барацьбе падпольшчыкаў і партызан, працоўнаму подзвігу ўсіх, хто ўздымаў краіну з руін. Гэты дзень – сімвал подзвігу дзядоў і прадзедаў, а яшчэ – сімвал гонару за нашу свабоду і незалежнасць.
Дзень Незалежнасці – больш чым проста дата ў календары. Гэта свята, калі кожны з нас адчувае сябе неад’емнай часткай малой і вялікай радзімы і асэнсоўвае сваю асабістую адказнасць за будучае краіны. Менавіта ад нас – нашай працы, нашай творчасці і ініцыятывы, нашай з’яднанасці і агульнай памяці залежыць заўтрашні дзень, сіла і моц роднай Беларусі!
Святлана МАКСІМУК.