З пакалення ў пакаленне

Ужо добрай традыцыяй у нашым раёне стала напярэдадні 9 Мая, свята Перамогі, праводзіць аўтапрабег “Памяць”, які быў арганізаваны Кобрынска-Маларыцкай арганізацыйнай структурай ДТСААФ, райкамам ГА “БРСМ”. Аўтапрабег праводзіцца ў рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “ДТСААФ за моцную, квітнеючую Беларусь” і прысвечаны Дню Перамогі.
У гэтым годзе аўтапрабег пралягаў па маршруту Олтуш – Арэхава. Удзельнікі яго наведалі школы і помнікі загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне ў гэтых вёсках.
Як адзначыла інструкар МРАС ДТСААФ Валянціна Козак, мэтай аўтапрабегу з’яўляецца не толькі ўшанаванне памяці герояў, загінуўшых у час вайны, але і патрыятычнае выхаванне сучаснай моладзі.
Вельмі знакава, што ў аўтапрабегу прымалі ўдзел і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны – Васіль Піліпавіч Маркаў і Мікалай Пятровіч Наўрось. Вэтэраны з задавальненнем зносіліся са школьнікамі і расказвалі ім пра той страшны час, што перажылі.
– Вайна прынесла шмат пакут нашаму народу, але ён не зламаўся і выстаяў, – гаворыць Васіль Піліпавіч, – таму што ва ўсіх была адна агульная мэта, якую як мага хутчэй прагнулі дасягнуць. На вайне было ўсякае, але ніхто ніколі ні на хвілінку не забываў, што была вайна. І дзякуючы чалавечай цярпімасці і вынослівасці, мы дасягнулі перамогі. Я жадаю вам моцнага здароўя, поспехаў у вучобе і толькі міру на ўсім вашым жыццёвым шляху, а самае галоўнае – любіць сваю Радзіму.
Васіль Піліпавіч Маркаў падарыў у школьныя музеі Олтушскай і Арэхаўскай школы кнігу пад назвай “Дзеці вайны”. У кніжцы сабраны ўспаміны людзей, якія пасля заканчэння вайны былі яшчэ дзецьмі і засталіся без бацькоў. Для такіх дзяцей адразу пасля заканчэння вайны ў Маларыце быў створаны дзіцячы дом, а пасля школа-інтэрнат, якую і ўзначальваў Васіль Маркаў.
Мікалай Пятровіч Наўрось таксама звярнуўся да школьнікаў з пажаданнямі і расказаў, якой была вайна для яго.
– Гэта быў сапраўды вельмі жудасны і страшны час, які прынес шмат пакут і болю людзям. Але яны выстаялі і перамаглі. Перамаглі, таму што змагаліся за сваё, за роднае. Сёння ў нашай краіне, напэўна, няма такой сям’і, дзе хтосьці з родных не загінуў на вайне. Таму нам з вамі патрэбна аб гэтым памятаць заўсёды. Няхай у вашым жыцці ніколі не будзе такіх жудасных падзей, што давялося перажыць нам.
Дырэктары школ Наталля Зезюкова і Валянціна Жалнерык шчыра падзякавалі ветаранам за іх мужнасць, за перамогу і за тое, што сустрэліся з вучнямі, якія мелі магчымасць пагутарыць з жывымі сведкамі Вялікай Айчыннай вайны.
Да вучняў школ таксама звярнуліся і начальнік ідэалагічнага аддзела Сяргей Строк, і старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка, якія звярнулі ўвагу школьнікаў на тое, што сваю гісторыю, сваіх герояў забываць нельга.
У рамках аўтапрабегу ў Арэхаўскай школе некалькім вучням былі ўручаны білеты членаў БРСМ не толькі з рук выконваючага абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Аляксея Дзямінскага, але і з рук саміх ветэранаў. Як прызналіся школьнікі, гэты момант сапраўды для іх застанецца ў памяці.
Удзельнікі аўтапрабегу разам з вучнямі школ усклалі вянкі да помнікаў загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне ў Олтушы і ў Арэхаве.
Анастасія Пархамук.
На здымку: у час аўтапрабегу.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 8.05.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий