У Маларыце пабывала дэлегацыя з Гарадскога цэнтра культуры, спорту і адпачынку Кляшчэляў

У Маларыце  пабывала дэлегацыя з Гарадскога цэнтра культуры, спорту і адпачынку Кляшчэляў. Яе трохдзённае знаходжанне ў нашым райцэнтры было звязана з рэалізацыяй  праекта  міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Вектар у мінулае. Развіццё традыцыйнай культуры як драйвер росту  турыстычнага  патэнцыялу” ў  партнёрстве з Гарадскім цэнтрам культуры, спорту і адпачынку ў Кляшчэлях і асацыяцыяй “Спадчына Падляшша” Падляскага ваяводства Польшчы.

Нагадаем, што рэалізацыя праекта ставіць мэтай захаванне і прасоўванне рэгіянальных асаблівасцей аў­тэнтычных культурных традыцый беларуска-польскага памежжа для павелічэння прывабнасці рэгіёна. Фінансаванне ажыццяўляецца са сродкаў праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна”. Па часе праект ахоплівае 1 студзеня –  31 снежня 2022 года.

– Дэлегацыя Маларытчыны ў складзе тых, хто непасрэдна прымае ўдзел у рэалізацыі гэтага праекта, пабывала ў Кляшчэлях ужо некалькі разоў, – гаворыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы,  культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Стасюк. –  Маларытчане дзяліліся вопытам работы з польскімі калегамі – праводзілі,  напрыклад,  майстар-класы па ткацтве ў Кляшчэлях. Для нашых партнёраў гэта актуальна, паколькі на тэрыторыі гміны на сённяшні дзень страчаны традыцыі ткацтва. Цяпер там няма ніводнага майстра-ткача. У нашым жа раёне працуе 6 такіх  спецыялістаў. Маларытчына,  можна сказаць, стала адным з цэнтраў ткацтва на Брэстчыне, а адноўленая старадаўняя тэхналогія ткацтва “кажушком” і створаныя па ёй народныя касцюмы можна лічыць сапраўдным брэндам раёна.

Асацыяцыя “Спадчына Падляшша” адра­джае будаўніцтва печаў для выпякання хлеба.  На сядзібе асацыяцыі ў гміне Нарэў былі праведзены майстар-класы для печнікоў, – працягвае Галіна Анатольеўна. – У гэтым пытанні  ў нас узаемная зацікаўленасць. Здаўна на Маларытчыне выпякалі смачны грачаны хлеб. Яго сямейны рэцэпт перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Маларыцкая традыцыя прыгатавання грачаніка нядаўна стала нематэрыяльнай каштоўнасцю Беларусі. Такое рашэнне было прынята ў Міністэрстве культуры на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Аднак выпякаць “сапраўдныя” грачанікі магчыма толькі ў класічных хлебных печах. У межах рэалізацыі праекта якраз і прадугледжана, што польскі бок адроджвае ўнікальную тэхналогію складання хлебных печаў на сваёй тэрыторыі і вучыць гэтаму будучых печнікоў. Мы ж  у сваю чаргу з  партнёрамі дзелімся традыцыйнымі сакрэтамі выпякання грачанікаў, якія бытуюць у некаторых населеных пунктах раёна. Акрамя таго, для захавання і папулярызацыі рэгіянальнай кухні, якая абапіраецца на прыгатаванне страў у печы, плануецца, што будуць арганізаваны кулінарныя трэнінгі.

– Галіна Анатольеўна, якая асноўная мэта візіту польскай дэлегацыі ў Маларыту?

– Адна з мэт рэалізацыі міжнароднага праекта “Вектар у мінулае” – адраджэнне на Маларытчыне традыцыйнай тэхналогіі спіральнага і аб’ёмнага саломапляцення. Раней яна была пашырана ў раёне. Цяпер – страчана. З дапамогай гэтай тэхналогіі нашы дзяды і прадзеды выраблялі  карабы, кашы, скрыначкі, кузубы і кубялёчкі з вечкам, талеркі, гарнцы, сявенькі і іншыя рэчы. Цяпер жа такіх умельцаў проста няма. Праўда, у раёне ёсць майстры, якія робяць дэкаратыўныя і мастацкія вырабы з саломы. Вось яны і былі запрошаны на майстар-класы па спіральным і аб’ёмным саломапляценні, якія праводзілі польскія ўмельцы. Урокі гэтага даўняга рамяства атрымлівала 9 чалавек. На працягу трох дзён малая зала ГДК ператварылася ў сапраўдную майстэрню па саломапляценні. Гэта, безумоўна, паспрыяе захаванню і развіццю традыцыйных рамёстваў. Мэтанакіраваная работа ў гэтым напрамку ў нас пачалася яшчэ ў 90-х гадах XX стагоддзя.

Свае ўменні і навыкі нашым жанчынам перадавала народны майстар Польшчы па саломапляценні, член Саюза народных мастакоў,   пісьменніца Зоя Майстровіч. Яна гэтым рамяством зай­маецца з 13-гадовага ўзросту. Умее плесці з саломы ўсё: розныя ёмістасці для захоўвання прадуктаў, адзення,у тым ліку – збожжа і мукі, а таксама  падвясныя саламяныя канструкцыі – павукі, зоркі,  лялькі… Зоя Іванаўна лічыць, што саломапляценне – неўміручая спадчына.

Жанчына свае майстар-класы па спіральным саломапляценні право­дзіла ў розных рэгіёнах Беларусі і Польшчы,  а таксама  – у Літве. Цяпер вось чарга дайшла і да Маларыты.

– Тэхналогія спіральнага пляцення саломай простая, – гаворыць на са­кавітай беларускай мове Зоя Іванаўна. –   Са жгутоў саломы ўкладваюць па спіралі круглае альбо авальнае дно, нарошчваюць вышыню і аб’ём сценак. Тэхналогія дазваляе звужаць або пашыраць аб’ём, рабіць круглыя, цыліндрычныя і шарападобныя ёмістасці. Для злучэння жгутоў паміж сабой ўжываюць часцей за ўсё лазовыя стужкі, а таксама карані хвойных парод дрэў, ільняныя ніткі. Сцягваюць віткі паміж  сабой лазовай стужкай пры дапамозе качэдыка альбо іголкі з вялікім вушкам.  Маларытчанкі аказаліся здольнымі і здатнымі да навукі вучаніцамі. Яны зачаравалі сваім жыццялюбствам,  шчырасцю,  сардэчнасцю! З жанчынамі, што былі на маім майстар-класе, працаваць было надзвычай лёгка і проста. Тры дні ў Маларыце праляцелі як адно імгненне.

Мне таксама спа­дабаўся  і запаў у сэрца ваш сімпатычны горад, – дзялілася ўражаннямі Зоя Майстровіч. – Ён невялікі, але такі дагледжаны,  утульны,  прыгожы. На кожным кроку,  як кажуць,  адчуваецца рука сапраўднага гаспадара. Ды і гараджане ветлівыя і гасцінныя.

Задаволена візітам у Маларыту і кіраўнік праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Вектар у мінулае” з польскага боку Дар’я Сянкевіч:

– Я для сябе адкрыла Маларытчыну, край таленавітых і цудоўных людзей. Дзякуй Богу, што апынулася ў вашым гасцінным і прыгожым краі. Хочацца выказаць асаблівую падзяку за стварэнне спрыяльных умоў для працы найперш начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіне Стасюк, дырэктару Маларыцкага раённага цэнтра культуры Вользе Краско, народнаму майстру Беларусі загадчыцы Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Валянціне Струнец, а таксама ўсім тым, з кім мы пазнаёміліся  і мелі стасункі.

Я таксама захапляюся ткацтвам і займаюся яго адра­джэннем у Кляшчэлях. Падчас апошняга візіту маларытчане  нашаму Гарадскому цэнтру культуры, спорту і адпачынку зрабілі шыкоўны прэзент – падарылі тканы камплект касцюма Маларыцкага строю адзення і 5 ручнікоў. Цяпер увачавідкі ўбачыла, хто і дзе стварыў гэтыя сапраўдныя шэдэўры. У захапленні і ад Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці. Я доўга не магла наглядзецца на калекцыю аўтэнтычнага жаночага касцюма Маларыцкага строю адзення з Замшан, Збуража,  Радзе­жа,  Мельнік,  Ляхавец, Дарапеевіч, Багуслаўкі. Гэтае адзенне ўразіла і зачаравала. Валянціна Мікалаеўна са сваімі майстрыхамі з цэнтра народнай творчасці змагла паўтарыць строй з характэрным узорам на сучаснай тканіне і тым самым не дала памерці даўняй традыцыі.  У мяне таксама ёсць жаданне ткаць жаночыя касцюмы. Аднак пакуль удасканальваю майстэрства тэхналогіі ткацтва ручніка. Цяпер займаюся гэтым у Кляшчэлях. У мяне ўжо з’явіліся вучні, якія таксама  вучацца ткаць  іх на кроснах. У Маларыту прыехала з пэўнымі “ткацкімі” пытаннямі, адказы на якія і дала Валянціна Струнец. Візіт для нас быў плённым, карысным і цікавым.

– Галіна Анатольеўна, чарговы крок па рэа­лізацыі праекта  між­народнай тэхнічнай да­памогі “Вектар у мінулае” зроблены. Што далей? – цікаўлюся ў Галіны Стасюк.

– Далей наша сумесная праца працягваецца. Яшчэ многае з таго, што запланавана, чакае свайго часу рэалізацыі. Напрыклад, праектам прадугледжана правядзенне ў Пухлах міжнароднага фестывалю традыцыйнай народнай кухні, дзе мы будзем браць удзел, знаёмства з турыстычнымі маршрутамі ў Кляшчэлях, выданне сумеснага фотаальбома, брашур, якія звязаны з такімі рамёствамі, як ткацтва, саломапляценне, складанне печаў. Пасля завяршэння праекта ў райцэнтры адкрыецца гурток па спіральным саломапляценні. Акрамя таго, ужо створаны відэафільмы пра ткацтва і саломапляценне з адпаведнымі метадычнымі рэкамендацыямі. Актыўна вя­дзецца работа над відэафільмам пра складанне печаў і над брашурай “Выкарыстанне культурных каштоўнасцей у сферы турызму”, ін­фармацыйным стэндам “Культурна-турыстычныя славутасці Маларытчыны”. Таксама запланавана правя­дзенне выніковай міжнароднай канферэнцыі па завяршэнні праекта і інш.

З польскімі калегамі, якія заняты ў рэалізацыі “Вектара ў мінулае”, мы падтрымліваем цеснае супрацоўніцтва. Яно адбываецца ў розных формах, у тым ліку – і ў рэжыме анлайн па відэасувязі. Падчас такіх сустрэч абмяркоўваем далейшае супрацоўніцтва, абменьваемся вопытам, раімся, уносім неабходныя карэкціроўкі ў планы. Уся праведзеная работа ў межах праекта будзе спрыяць захаванню і папулярызацыі культурнай спадчыны Маларытчыны, уключэнню яе ў турыстычныя маршруты.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 14
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий