Праект “Не прадаецца хата бацькоў”: Бацькоўская вотчына Васіля Хатынюка

Двор з самаробнымі фігуркамі мультыпліка­цыйных герояў – Ма­шы і Мядзведзя – за­прыкмеціла,  праязджаючы некалькі гадоў таму па адной з вуліц вёскі Мельнікі. Даведалася, што гэта бацькоўская вотчына Васіля Хатынюка, які жыве ў рацэнтры, але з душою адносіцца і да бацькоўскай хаты, і да добраўпарадкавання ўчастка, на якім стварыў сапраўдную казку. Але ж гаспадара тады пабачыць не атрымалася. Пра адрас, запісаны ў блакноце, можна сказаць, амаль забыла. Але нядаўна ў час фестывалю народнай творчасці “Са спадчынай продкаў – у будучыню”, які пра­ходзіў у гарадскім парку, на выставе зноў убачыла знаёмыя постаці казачных герояў. Та­ды і пазнаёмілася з Васілём Пятровічам, які прадстаўляў у “гарадку майстроў” свае вырабы халоднай коўкі і,  адначасова,  самаробныя малыя архітэктурныя формы, што ўпрыгожваюць двор. Майстар шчыра запрасіў наведацца да яго ў госці.

І вось мы ў Мельніках, ля дома №91 па вуліцы Інтэрнацыянальная. На верандзе ля дома нас сустракаюць усё тыя ж Маша і Мядзведзь, побач, ля мосціка з кованай агароджай, вясёлая сямейка жабянят.

– Усё гэта зроблена з мантажнай пены, – пабачыўшы зацікаў­ленасць  гасцей, пачаў расказваць Васіль Пят­­ровіч. – Матэрыял вельмі трывалы, ужо шмат гадоў вытрымлівае роз­ныя ўмовы надвор’я, дастаткова толькі перафарбаваць фігуркі і яны зноў маюць добры вы­гляд.

Па новаму абжываць бацькоўскі двор Васіль Хатынюк пачаў толькі гадоў 10 назад, калі малодшы брат, якому па рашэнні бацькоў дастаўся дом, перадаў яму бацькоўскую спад­чыну. Сам Васіль Пят­ровіч з  Мельнік у горад, як успамінае ў размове, падаўся яшчэ ў 16 гадоў. У Брэсце ўладкаваўся на газаапарат памочнікам токара,  пайшоў у армію,  а пасля армейскай службы зноў паехаў у горад. Некаторы час працаваў на газаапараце токарам,  потым з Брэста пераехаў у Маларыту і ўладкаваўся вадзіцелем. Спачатку – у райкаме камсамола, потым – на грузавым аўтамабілі ў сельгасхіміі. Быў час, якраз няпростыя 90-ыя гады, калі сам займаўся грузаперавозкамі. На  заслужаны адпачынак выходзіў з аддзела адукацыі, дзе шмат гадоў працаваў вадзіцелем, а, калі не дазволіла здароўе, стаў займацца электрыкай.

Пры набліжэнні пен­сійнага ўзросту, Васіль Хатынюк стаў усё больш задумвацца аб тым, каб мець домік у вёсцы. Вядома, цягнула ў бацькоўскую хату, якая стаяла пустая. Але яна належыла брату. Праўда, той, пачуўшы ад Васіля аб жаданні набыць сабе дом у Мельніках, вырашыў падарыць старэй­шаму брату баць­коўскую вотчыну. Так Ва­сіль Хатынюк стаў гас­­падаром ся­­дзі­бы баць­коў. Як успа­­мі­нае,  ад­ра­зу ж заняў­ся доб­ра­­ўпа­радка­ван­нем: пры­браў старыя хлеўчукі, пазба­віўся ад хмызняку, пасадзіў но­выя дрэвы, дабудаваў веранду, прыдаў новы выгляд калодзежу, пабудаваў павець і альтанку. Каб зрабіць утульным участак у 28 сотак, давялося прыкласці нямала намаганняў. Ля дома з’явіліся маліна, ажыны, дурніцы, агрэст, вінаград, шмат пладовых дрэў. Утульнасці, яркай прыгажосці прыдалі тэрыторыі кветкі, за якімі з любоўю даглядае жонка Васіля Пятровіча – Вера Адамаўна.

Арыгінальнасць баць­коўскаму двару прыдалі выкаваныя рукамі Васіля Пятровіча вырабы з металу. Для кветак ёсць тут прыгожая падстаўка-веласіпед, над­вор’е паказвае флю­гер, на калодзежы раз­мясціліся металічныя фігуркі катоў, цудоўна ўпісаліся ў інтэр’ер лаўка з ажурнымі металічнымі бакавінамі, арэлі.

Як успамінае Васіль Пятровіч, пачынаў ён зай­мацца халоднай коўкай з самых простых рэчаў, рабіў іх для сябе, многаму вучыўся ў сетцы інтэрнета. Калі захапленне выйшла за рамкі хобі, аформіў рамяство. Як жартуе: заплаці грошы – усяго дзве базавыя ў год, і працуй спакойна. Металічныя паштовыя скрынкі, нумары дамоў, назвы вуліц, мангалы, кветачніцы – усе гэтыя арыгінальныя рэчы просяць зрабіць многія.

Інструментаў для працы у майстра халоднай коўкі шмат, але галоўны з іх –балгарка. З гэтым інструментам выконваюцца самыя тонкія работы, выразаюцца з металу самыя мудрагелістыя ўзоры. Але зварыць нешта з металу – гэта толькі пачатак справы. А далей трэба выраб апрацаваць, пагрунтаваць, высушыць, пафарбаваць, таніраваць.

 З Васілём Пятровічам гуляем па двары. Гаспадар паказвае сваю вотчыну, расказвае пра бацькоўскі дом, з якім цесна сплецена душа.

– Тут жывуць успаміны, з домам звязана дзяцін­ства, таму ён дарагі сэрцу, – заўважае мой субяседнік.

Пабудаваны быў дом, як успамінае Васіль Пятровіч, яшчэ да вайны, на ім нават шыльдачка была з надпісам “застрахавана” на польскай мове. У час вайны ў акно заляцеў снарад, прабіў адну перагародку і ўзарваўся,  сцены былі ў асколках.

– Дому дасталася ў вайну, але ён вытрымаў. А ў кутку мы рабілі свае засечкі. Нас было пяць хлопцаў і  сястра. Дом напамінае пра гады дзяцінства, – расказвае Васіль Хатынюк.

Канешне, у доме давялося зрабіць рамонт, але ў ім засталіся сцены бацькоўскай хаты, а з імі і душа будынку. Перад уваходам Васіль Пятровіч выразаў сваімі рукамі надпіс: “Госпадзі, благаславі таго, хто ўваходзіць у гэты дом”. І ці то гэтыя словы дапамагаюць, ці проста гасціннасць гаспадароў, але ў доме, як расказвае Васіль Пятровіч, часта бываюць госці. Зазірнулі ў дом і мы. Першае, што вельмі спадабалася – уменне спалучыць у пакоях дзень учарашні і сучаснасць. Напэўна так і павінна быць. Бо ў пагоні за новым можна згубіць самабытнасць. А вось пакінуўшы маленькія элементы мінулага, захоўваеш памяць.

Святлана МАКСІМУК.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  • 15
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий