17 верасня – важная дата ў гісторыі Беларусі
На гэтым тыдне мы адзначым дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. Летась яно было заснавана ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Гэты дзень вяртае нас да гістарычнай даты 17 верасня 1939 года, калі адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР і былі тэрытарыяльна аформлены граніцы сучаснай суверэннай Беларусі. Што было да гэтай даты? У 1921 годзе Рыжскім мірным дагаворам лёс беларускага народа вырашылі без беларусаў. У выніку – палова тэрыторыі Беларусі (мяжа праходзіла ў 30 кіламетрах ад Мінска), апынулася ў складзе польскай дзяржавы. На гэтай тэрыторыі ажыццяўлялася палітыка мэтанакіраванай паланізацыі, якая ажыццяўлялася і культурнымі, і палітычнымі, і эканамічнымі сродкамі. І ўсё нягледзячы на тое, што Польшча брала на сябе абавязкі захоўваць правы нацыянальных меншасцяў на сваёй тэрыторыі. Рэчаіснасць была іншай. У польскай дзяржаве, па ўспамінах старажылаў, жылося добра толькі невялікай частцы грамадства, астатнія – проста выжывалі. Таму, калі адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР, большасць насельніцтва ўспрыняла гэта, як гістарычную справядлівасць. Уключэнне заходнебеларускіх зямель у склад БССР садзейнічала паскарэнню сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця.
Змены да лепшага адчуліся адразу. Гэта пацвярджаюць лічбы: калі ў 1938 годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі было 80 бальніц і каля тысячы ўрачоў і медработнікаў, то ў 1940-м – 243 бальніцы, 207 паліклінік і амбулаторый, звыш 1750 урачоў, больш за 5.5 тысячы медработнікаў. Прычым медыцынскае абслугоўванне стала бясплатным. Змены да лепшага адбыліся і ў адукацыі. У 1938 годзе ў заходнебеларускіх рэгіёнах было звыш 4670 школ на польскай мове, а з беларускай мовай не засталося ніводнай. Напачатку саракавых на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўжо дзейнічала больш за 5 тысяч школ, большасць з іх вялі навучанне на беларускай мове. Акрамя таго былі школы, дзе вучыліся на ідыш, польскай, рускай і літоўскай мовах, а значыць улічваліся асаблівасці мясцовага складу насельніцтва. Развівалася прамысловасць, было ліквідавана беспрацоўе.
17 верасня 1939 года – важная дата не толькі ў гісторыі краіны, але і ў лёсе большасці беларускіх сем’яў. Нават на Маларытчыне знойдзецца нямала людзей, якія могуць расказаць, што іх продкі родам з Усходняй Беларусі. З-пад міншчыны родам быў мой прадзядуля, бацькі і прадзеды майго мужа каранямі з Маларытчыны, а значыць жылі на землях, якія ўваходзілі ў склад Польшчы. Ці з’явілася б калі небудзь наша сям’я? Але народ, які быў падзелены, уз’яднаўся. І мы жывем у сувярэннай дзяржаве, якой не было б, калі б не адбылося аб’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года.
І сёння мы выразна бачым, як важна нам усім памятаць мінулае. Спробы новага геапалітычнага падзелу ў сусветным маштабе не спыняюцца. Гэтым выклікам мы зможам супрацьстаяць, калі будзем берагчы нашу гісторыю, калі будзем адзіным народам.
Падрыхтавала Святлана МАКСІМУК.