Чым жыве Маларыцкая раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў?

Маларыцкая раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў – адна з самых шматлікіх грамадскіх арганізацый у раёне. Цяпер у ёй налічваецца 6300 чалавек, у тым ліку – два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і 7  вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Аб арганізацыі расказвае яе адказны сакратар, старшыня ветэранскай арганізацыі работнікаў педагагічнагай працы і  галіновага прафсаюза Соф’я Якубчык.

– Ветэранская арганізацыя нашага раёна была створана ў лютым 1987 года, – кажа Соф’я Лаўрэнцьеўна. – Першым яе старшынёй быў выбраны  Васіль Маркаў, удзельнік вайны, заслужаны настаўнік БССР. Ён узначальваў арганізацыю на працягу 24 гадоў. Васілю Піліпавічу было прысвоена званне “Ганаровы старшыня  ветэранскага аб’яднання”. У 2011 годзе раённую арганізацыю ўзначаліў Уладзімір Бойка.  На працягу 11 гадоў ён імкнуўся,  каб аб’яднанне не толькі захавалася,  але і захоўвала свае  лепшыя традыцыі. Уладзімір Андрэевіч укараняў у практыку работы новыя накірункі дзейнасці. У маі 2022 года ён пайшоў з жыцця.  Новым старшынёй стаў Фёдар Галянчук, малады ветэран, які поўны сіл, жыццёвай энергіі і жадання захаваць і працягнуць  вопыт  ветэранскага руху ў раёне. Фёдар Васільевіч паставіў задачу: павялічыць колькасць пярвічных арганізацый.  Іх неабходна ствараць ва ўсіх арганіазцыях, прадпрыемствах, установах.

– Соф’я Лаўрэнцьеўна, як арганізавана работа ў Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў?

– Структурна  яна складаецца цяпер з 20 пярвічных арганізацый, паміж якімі ёсць актыўнае ўзаемадзеянне, абмен вопытам, удзел у агульных мерапрыемствах. На кожны год складаецца план работы з улікам рэкамендацый абласной ветэранскай арганізацыі і прапаноў, а таксама планаў нашых пярвічак. У раёне склалася і пастаянна ўдасканальваецца сістэма ўзаемадзеяння ветэранскай арганізацыі з арганізацыямі, прадпрыемствамі, установамі па паляпшэнні сацыяльнага становішча ветэранаў, удзелу ў грамадска-палітычным жыцці Маларытчыны, арганізацыі іх вольнага часу. Сваё жыццё ветэраны арганізуюць так, каб заставацца ў цэнтры падзей.

Ветэранская арганізацыя – сур’ёзная грамадская сіла, якая стаіць на варце інтарэсаў людзей старэйшага пакалення і хвалюецца за будучыню краіны. Цяжка пераацаніць ролю людзей з працоўным вопытам у справе патрыятычнага выхавання нашай моладзі. Члены арганізацыі актыўна наведваюць установы адукацыі раёна, прымаюць удзел у класных і інфармацыйных гадзінах, у мерапрыемствах, якія праводзіць раённая бібліятэка, райвыканкам. Члены нашай арганізацыі ўдзельнічалі ў дыялогавых пляцоўках, мітынгах, сустрэчах з працоўнымі калектывамі. Ужо традыцыйным стала правядзенне мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня абаронцаў Айчыны, 8 Сакавіка, Дня Перамогі, дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дня пажылых людзей.

– Якія асноўныя задачы ветэранскай арганізацыі раёна?

– У ліку прыярытэтных – сацыяльная абарона ветэранаў, паляпшэнне іх матэрыяльнага становішча, жыллёвых умоў, гандлёвага, бытавога, медыцынскага, культурнага і іншых відаў абслугоўвання, далучэнне да грамадскай і пасільнай працоўнай дзейнасці. Мы падтрымліваем мерапрыемствы органаў дзяржаўнай улады, накіраваныя на паляпшэнне жыцця народа, забеспячэнне стабільнасці ў краіне, павышэнне аўтарытэту Рэспублікі Беларусь у свеце, а таксама прымаем удзел сумесна з дзяржаўнымі органамі і грамадскімі аб’яднаннямі ў падтрыманні ў належным стане помнікаў баявой і працоўнай славы, месцаў пахавання абаронцаў Радзімы, ўвекавечанні іх памяці, ва ўстанаўленні лёсаў зніклых без вестак і інш.

– Соф’я Лаўрэнцьеўна, якія пярвічныя арганізацыі вашага аб’яднання цяпер найбольш актыўныя?

– Мне асабліва хочацца адзначыць тую работу, якую цяпер праводзяць пярвічкі ветэранаў педагагічнай працы (аддзел па адукацыі райвыканкама), медыцынскіх работнікаў і Маларыцкай ЖКГ.

Мы актыўна падтрымліваем сувязь з кіраўніцтвам і грамадскасцю раёна. Маларыцкая раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў працуе з усімі тымі, хто ўжо на заслужаным адпачынку. Нас хвалююць праблемы кожнага! Таму і надалей будзем актыўнымі памочнікамі і добрымі дарадчыкамі ва ўсіх справах раёна. Для чалавека важна  ў  любым  узросце  заставацца запатрабаваным, быць у цэнтры падзей.

Мікалай   НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий