15 верасня – Дзень бібліятэк

Як часта маларытчане цяпер наведваюць раённую бібліятэку? Ці хапае часу ў іх на чытанне кніг, калі сярэднестатыстычны наш сучаснік большую частку дня праводзіць ў смартфоне? За адказамі на іх звернемся да загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціны Ібрагімавай.

– Жыхары райцэнтра, нягледзячы ні на што, па-ранейшаму чытаюць кнігі, – гаворыць Валянціна Піліпаўна. – Цяпер паступова адраджаецца цікавасць да літаратуры, класічнага чытання. У маларытчан ёсць магчымасць на свой густ выбраць неабходную літаратуру, паколькі аб’ём бібліятэчнага фонду цяпер на абанеменце налічвае больш за 42700 экземпляраў кніг. Колькасць паступлення новай літаратуры за мінулы год склала 1325 экземпляраў. Важнай крыніцай папаўнення фондаў бібліятэкі з’яўляецца падпіска на перыядычныя выданні. Цяпер да паслуг чытачоў 13 найменняў газет і 33 – часопісаў.

Звернемся да некаторых лічбаў. Паводле апошняга перапісу насельніцтва ў Маларыце пражывала 12746 чалавек. У 2021 годзе раённай бібліятэкай было абслужана 2503 чытачы ва ўзросце 15 гадоў і старэйшыя (прыкладна 17% ад агульнай колькасці гараджан),  выда­дзена 38435 кніг,  газет і часопісаў. Гэтыя лічбы,  магчыма,  і невысокія.  Аднак нельга сказаць, што ў ранейшыя часы раённую бібліятэку наведвала, напрыклад, 50 ці 60% жыхароў нашага райцэнтра. Многія людзі цяпер эканомяць на набыцці кніг альбо наогул не купляюць іх.  Неабходна ўлічваць і такую акалічнасць сучаснага жыцця, што ў інтэрнэце можна знайсці практычна любую выдадзеную кнігу – электронны яе варыянт. Больш таго,  ёсць магчымасць  кнігу, якая спадабалася ці зацікавіла, “закачаць” на ноўтбук,  планшэт ці смартфон. Электронныя кнігі ўвашлі ў моду. Некаторыя гавораць,  што гэта зручна і сучасна. Мне асабіста намнога прыемней перагортваць папяровыя старонкі, чым проста націскаць на пэўныя кнопкі. У звычайнай кніжцы ёсць душа, якую, здаецца, можна адчуць. Папяровая кніга стварае незвычайную ўзнёслую атмасферу і,  як кажуць,  эфект 3D-прысутнасці.

Дарэчы,  папяровыя кнігі можна абменьваць. Для гэтага ў Маларыце пашыраецца буккросінг – сацыяльны рух, блізкі да флэш-мобу. Чалавек, прачытаўшы кнігу, пакідае яе, напрыклад, у фае раённай бібліятэкі на паліцы ля ўваходу для таго, каб яе мог узяць і прачытаць іншы наш наведвальнік. Так што ўсе, хто жадае, можа далучыцца да гэтага руху.

– Эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя рэформы, якія цяпер адбываюцца, адпаведна істотна змянілі месца і ролю бібліятэкі ў нашым  грамадстве. Ра­зам з інфармацыйнай і адукацыйнай дзейнасцю бібліятэкі пачалі выконваюць такія функцыі, як камунікатыўная і сацыялізацыі. Валянціна Піліпаўна, ці так гэта, на ваш погляд?

– Так. Мне хацелася б яшчэ дадаць, што адной з асноўных функцый бібліятэкі з’яўляецца і культурна-асветніцкая, сутнасць якой заключаецца ў распаўсюджванні ведаў. Рэалізацыя гэтай функцыі адбываецца праз правя­дзенне шматлікіх мерапрыемстваў адпаведнай накіраванасці і тэматыкі.

Раённая бібліятэка шмат увагі цяпер надае мерапрыемствам, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці, у тым ліку – і  пра генацыд насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Бібліятэкары імкнуцца зберагчы памяць аб Другой сусветнай вайне на прыкладзе мясцовага, краязнаўчага матэрыялу, каб праз дакументы і ўспаміны, якія захаваліся, перадаць нашчадкам пачуццё глыбокага патрыятызму, любові да сваёй Радзімы. Для гэтага выкарыстоўваюцца такія формы работы, як дыскусійныя пляцоўкі, дыялогі, сустрэчы, актуальныя размовы, інтэрактыўныя пляцоўкі, акцыі, круглыя сталы.  Бібліятэка таксама прымае актыўны ўдзел у маладзёжных форумах, якія праходзяць у раёне,  арганізоўвае выставы да памятных дат,  творчыя работы ўмельцаў горада,  актыўна супрацоўнічае з органамі мясцовай улады,  грамадскімі аб’яданнямі.

– А якія новыя формы рабочы з чытачом з’явіліся ў вас?

– У новых умовах бібліятэка актыўна пераходзіць на віртуальны фармат правядзення мерапрыемстваў для чытачоў. У апошні час былі праведзены такія з іх, як анлайн-пазлы, стрыт-акцыі, анлайн-віктарыны, сеткавыя фотаакцыі, анлайн-крыжаванкі, анлайн-тэсты, буктрэйлеры, дайджэсты, лібмобы па краязнаўстве, анлайн-марафоны.  Цяпер працягваем працаваць над новымі віртуальнымі праектамі рознай тэматычнай накіраванасці для чытачоў рознага ўзросту, улічваючы іх густы і запатрабаванні. Свае напрацоўкі таксама абавязкова напаўняем зместам,  адпаведным цяперашняму дню. Мы імкнемся да таго,  каб бібліятэка і надалей заставалася  для чытачоў тэрыторыяй цікавых і карысных зносін і сустрэч.

– Валянціна Піліпаўна,  хто  цяпер працуе ў аддзеле, які вы ўзначальваеце?

– У аддзеле  абслугоўвання і інфармацыі Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі цяпер працуюць прафесіяналы сваёй справы. Гэта бібліятэкары абанементу і чытальнай залы Ніна Сіжук (стаж работы 36 гадоў), Ксенія Стрэха (стаж работы 17 гадоў),  а таксама Наталля Амяльчук. Наталля Валер’еўна  ў нас працуе толькі 3 месяцы. Нягледзячы на гэта, яна арганічна ўпісалася ў наш дружны калектыў.

У раённай бібліятэцы заўсёды ўтульна і шматлюдна. Атмасферу камфорту стварае няўрымслівы калектыў бібліятэкараў, які разумее значнасць сваёй прафесіі.

Мікалай   НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 10
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий