Выпадковая сустрэча – невыпадковае сямейнае шчасце сям’і Шаламай з в. Асавая-ІІ

Штодзень у жыцці чалавека здараецца шмат розных падзей. Аднак ці выпадкова адбываецца з намі ўсё, што даводзіцца перажыць?

– Выпадковасці зусім невыпадковыя! – перакананы Анастасія Мікітаўна і Мікалай Іванавіч Шаламай з  вёскі Асавая-ІІ. – Бывае, што адзін выпадак змяняе часам усё далейшае жыццё. Такі выпадак называюць лёсам. Ад яго нельга ні схавацца, ні збегчы, ні з’ехаць кудысьці. Наш жа выпадак, лічым, стаў шчаслівым.

Знаёмства  на  полі

 Мікалай Шаламай пасля заканчэння васьмі класаў Макранскай СШ пайшоў вучыцца на трактарыста ў калгас “Новы шлях”. У 70-я гады мінулага стагоддзя на базе гэтай гаспадаркі дзейнічаў філіял Маларыцкага СПТВ-11.

– З дзяцінства цягнула да тэхнікі, – прызнаецца Мікалай Іванавіч. – Любіў не толькі ездзіць, а і гайкі круціць… Калі трэба што было парамантаваць, не адмаўляў у дапамозе і сябрам. Калі першы раз самастойна праехаў за рулём трактара – адчуваў сябе найшчаслівейшым чалавекам на свеце. Столькі было станоўчых эмоцый і радасці! Бацька Іван Раманавіч, які шмат гадоў працаваў пчаляром, падахвочваў да таго, каб я набыў спецыяльнасць трактарыста і застаўся працаваць,  як і ён,  у мясцовым калгасе.

Пасля была  тэрміновая служба ва ўнутраных войсках, пасля якой зноў  вярнуўся трактарыстам у родную гас­падарку. Так склаліся жыццёвыя абставіны, што неўзабаве да­­вялося ўладкавацца на працу кам­плектоўшчыкам у Маларыцкую сель­гастэхніку. Аднойчы  вясной знаёмы папрасіў Мікалая Шаламая дапамагчы пасадзіць бульбу на выхадных ля в.Боркі. У юнака былі свае планы, якія не вельмі хацелася адмяняць. Ужо нават прыдумаў адгаворку, але ў апошні момант перадумаў. На полі ўпершыню і ўбачыў  Анастасію,  сваю будучую жонку.

Першае  спатканне – да  світання

Анастасія Мікітаўна нарадзілася і вырасла ў Старым Забалацці.  Пасля заканчэння Лукаўскай СШ яна паступіла вучыцца на швачку-матарыстку ў Брэсцкае вучылішча лёгкай прамысловасці.

– З пачатковых класаў марыла ма­дэ­ліраваць  і шыць адзенне, – кажа Анастасія Шаламай. – Калі ў мяне пыталіся: “Кім хочаш  стаць, калі вырасцеш?”, то,  не задумваючыся,  адразу адказвала: “Швачкай”.

Пасля заканчэння вучобы ўлад­кавалася на працу  на Брэсцкую фабрыку верхняга трыкатажу.

Неяк родзічы асабіста папрасілі Анастасію дапамагчы ім пасадзіць бульбу. Аб гэтым гаварылі і бацькі. У дзяўчыны на назначаны выхадны дзень не атрымлівалася прыехаць у вёску да бацькоў. Яна збіралася заняцца сваімі неадкладнымі справамі. Каб не пакрыўдзіць бацькоў,  а заадно і родзічаў,  усё ж  такі вырашыла паехаць. Такое рашэнне далося нялёгка.

Калгасны палетак ля в.Боркі, які быў адведзены пад пасадку бульбы, быў велікаваты. Анастасія працавала старанна, аднак настрою ў яе ў гэты дзень не было. Звычайна вясёлая і гаваркая, дзяўчына ў той час больш маўчала. Гэта заўважыла адна з вясковых жанчын, цётка Вера. Падчас абеду на полі яна,  усміхаючыся, сказала жартам, проста так: “Настачка, а вы з Мікалаем сталі б цудоўнай парай! Чаму ж вам не пабрацца?” Анастасія і Мікалай  паглядзелі пільна адно аднаму ў вочы, усміхнуліся, нічога больш так і не сказаўшы. На гэтым знаёмства, напэўна, і завяршылася б, каб не ўпартасць Мікалая. Юнак сам для сябе задаў пытанні: “Сапраўды,  чаму ж  нам з Насцяй не быць парай,  не быць разам па жыцці? Хіба ж  для гэтага ёсць нейкія перашкоды?” Да самага вечара гэтыя пытанні турбавалі, не давалі спакою.

– Вечарам, вярнуўшыся ў Асавую, вырашыў паехаць да Насці ў Старое Забалацце, – гаворыць Мікалай Шаламай. – Праўда, не ведаў, дзе яна канкрэтна жыве. Аднак адрас яе жыхарства быў у  Анастасіі Радчук з нашай вёскі. Прыйшлося ўгаворваць дзяўчыну праехацца са мной. Я завёў матацыкл,  і мы ўдвух паехалі. Па дарозе абдумваў,  што  і як скажу пры сустрэчы. Аднак на мосце праз канаву ля в.Добрасава нечакана ў матацыкле лопнула камера і парвалася пакрышка. Пачуўся гучны выбух. Далей з прабітым колам стала немагчыма ехаць. Давялося вяртацца ў вёску.

Мікалая Шаламая  не пакідала думка наведацца да дзяўчыны, якая не выходзіла з галавы. Праз тыдзень усё-такі зноў сабраўся ў Старое Забалацце. Паехаў сам. 15 кіламетраў шляху  праляцелі як адно імгненне.

– Сказаць, што я здзівілася, калі ля нашага плота ўбачыла Мікалая, – кажа Анастасія Мікітаўна, – значыць наогул нічога не сказаць. Пра яго таксама думала,  аднак ніяк не магла ўявіць,  што аднойчы пад вечар ён з’явіцца ля нашага плота. Мы прасядзелі на лавачцы аж да світання. І ўсё гаварылі,  гаварылі аб усім на свеце.

– Тады,  напэўна,  дагаварыліся да таго, – усміхаецца Мікалай Іванавіч, – што  праз некалькі месяцаў,  дакладней 1 верасня 1979 года,  згулялі вяселле. І вось з таго часу па жыцці ідзём разам ужо 43 гады. Сваё шчасце па цаглінцы будавалі, а каб яно было трывалым і ўстойлівым, неабходны надзейны падмурак.

– У чым сакрэт вашага сямейнага шчасця? – цікаўлюся я.

– У кожнага сваё разуменне шчасця, – гаворыць Анастасія  Шаламай. –  Для нас з мужам яно найперш  у дзецях, якія змацоўваюць, склейваюць шлюб, надаюць яму паўнату жыцця. Мы ганарымся сынам Аляксандрам і дачкой  Вольгай,  унукамі Арынай і Алегам.

– Сямейнае шчасце і шлюб часта руйнуюць звычайныя бытавыя праблемы, крыўды, няўменне дараваць і саступаць адно аднаму, – гаворыць Мікалай Шаламай. – Гатовых рэцэптаў і рэкамендацый у нас няма. У кожнай сям’і яны свае. Перакананы, што каханне жонкі і мужа – гэта нялёгкая і крапатлівая  штодзённая праца, якая патрабуе неймавернага цярпення, сілы волі, умення ўступаць адно аднаму, слухаць і чуць сваю палавінку, падтрымліваць словам і справаю.

– А вы за 43 гады сумеснага жыцця ні разу так і не пасварыліся? –  задаю “правакацыйнае “ пытанне.

– У нас былі свае “цёркі” і прыдзіркі, з якіх, бывала, і разгараліся іскры спрэчкі. Полымю непаразумення я не давала разгарэцца. Імкнулася пагасіць яго на самым пачатку. Звычайна першай брала ініцыятыву прымірэння ў свае рукі, – расказвае Анастасія Мікітаўна. – Быць разам з дарагім чалавекам – шчасце. А ўмець шчыра, па-сапраўднаму, самаахвярна кахаць – вялікі дар. Сапраўдае разуменне гэтага прыходзіць з гадамі. У сямейным жыцці неабходна стрымліваць сябе ва ўсім, не трымаць доўга ў сэрцы зла. Ні ў якім выпадку нельга гаварыць крыўдных,  абразлівых слоў.

– Зрэшты, нам не было калі высвятляць узаемаадносіны,  звяртаць увагу на тое, што не так паглядзеў,  не тое сказаў, не так зрабіў крок, не тое пададзена на абед ці вячэру, – заўважае Мікалай Іванавіч.  – Розныя непаразуменні, напэўна,  часта ўзнікаюць ад таго, што чалавеку няма чым заняцца. Мы з жонкай,  як кажуць, былі заняты штодзённымі клопатамі па гаспадарцы. Спачатку жылі разам з маімі бацькамі, потым вырашылі пабудаваць сваё жыллё і адсяліцца. Знаёмыя падказалі, што ва Ужове прадаецца добры дом. Паехалі на агледзіны. Вырашылі, што гэты дом купім і  перасунем трактарам у Асавую. Так і зрабілі.  Неўзабаве яго “ўзвялі” побач з бацькоўскім.

Жыццё  –  у  штодзённых клопатах

У вёсцы нельга жыць і без уласнай гаспадаркі. Таму сям’я Шаламаеў звычайна трымала некалькі кароў, свіней, разводзіла курэй, гусей, качак, коз, трусаў. У хатняй гаспадарцы абавязкова “вадзіўся” і конь. Гэтую жыўнасць неабходна было і пракарміць. Таму ў калгасе садзілі не менш чым паўгектара бульбы. А летам быў яшчэ адзін клопат,  каб нарыхтаваць жывёле  на зіму сена.

Анастасія і Мікалай Шаламай заўсёды лічыліся на добрым рахунку і на працы, карысталіся павагай і аўтарытэтам сярод калег і кіраўніцтва калгаса.  Працавалі шчыра, старанна, адказна і нічога за гэта ўзамен не патрабавалі. Выконваць даручаную справу абы-як ім не дазваляла  ўласнае сумленне.

Пасля заканчэння другога дэкрэтнага адпачынку Анастасія Мікітаўна  ўладкавалася на ферму №3 мясцовага калгаса  (в.Мыслячы) цялятніцай,  а пасля амаль 30 гадоў  шчыравала  на пасадзе яе загадчыцай. Мікалай Іванавіч працаваў  зваршчыкам у калгасе, а пасля – жывёлаводам і некаторы час – пчаляром.

– Бацька быў праслаўленым пчаляром, майстрам сваёй справы, – успамінае  Мікалай Іванавіч. – Не раз ён і мяне браў на пасеку. Я ўважліва назіраў за яго справай і пераймаў. Бацька не раз казаў: прыглядайся, сынку,  можа,  спатрэбіцца гэтая навука. Набытыя веды і ўменні  сапраўды сталі запатрабаванымі,  калі  не стала бацькі. Яго пчальнік перайшоў у спадчыну да мяне.  Цяпер у нас з жонкай  27 вулляў.  Мая Анастасія Мікітаўна – надзейны і самы лепшы мой памочнік. Пчол “выводзім” для душы, задавальнення, укладваем у гэтую справу шмат сілы і цярпення. Пчолы,  як і дзеці,  патрабуюць да сябе шмат увагі. Каб пчол вадзіць, трэба іх сэрцам любіць. Як падзяка за пчаліную працу – мёд.

З дзяцінства ў  Мікалая Шаламая  ёсць яшчэ адно захапленне – пляценне кошыкаў. Гэтае рамяство ён пераняў ад  бацькі і дзядулі.

– Мікалай Іванавіч, а колькі кошыкаў на  вашым рахунку?

– Калі сказаць шчыра, то не ведаю. Не вяду падліку. Толькі за мінулую зіму іх “сплёў” 60. Гэта таксама занятах для душы. Чым зімою займацца доўгімі вечарамі? Каб не марнаваць час- пляту кошыкі. Раблю іх па заказах сваякоў і знаёмых. У вясковага гаспадара абавязкова павінна быць некалькі кошыкаў. Не абысціся без іх дачніку і грыбніку. Кошыкі ў мяне атрымліваюцца не толькі прыгожымі знешне. Яны без перабольшання на­дзейныя і зручныя.

Па словах Анастасіі Мікітаўны, кошыкі, якія пляце яе муж,  карыстаюцца попытам. Іх з задавальненнем  набываюць не толькі мясцовыя жыхары.  Кошыкі з Асавой ёсць у жыхароў Мінска,  Краснадара… Дарэчы,  Мікалай Іванавіч і венікі для лазні вязаць навучыўся.

Вось так у штодзённых клопатах і турботах праходзіць жыццё Анастасіі Мікітаўны і Мікалая Іванавіча Шаламаяў з Асавой-ІІ. Галоўнае для іх у жыцці – узаемнае каханне, павага, шчырасць і адкрытасць пачуццяў, клопаты пра дзяцей і ўнукаў. Гэта надае сілы, дапамагае з годнасцю пераадолець і вытрымаць усе выпрабаванні і нягоды, якія сустракаюцца на жыццёвай дарозе.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота Алега Крэмянеўскага.

 

Поделиться:
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий