Маларытчане далучыліся да рэспуб­лікансканскага марафона добрых спраў “Валанцёрства – гэта мы”

17 верасня праходзіў штогадовы рэспуб­ліканскі марафон добрых спраў “Валанцёрства – гэта мы”, які быў прымеркаваны да Дня народнага адзінства.

Далучылася да гэтага мерапрыемства і каманда педагогаў-валанцёраў дзіцячага сада №4 нашага райцэнтра разам з камандамі-аднадумцамі – Маларыцкага кансерва­в­агароднінасушыльнага камбіната і Маларыцкай раённай гімназіі. Валанцёры аб’ядналіся разам і з пазнавальна-забаўляльнай праграмай “Мы адзіныя!” наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу бацькоў-выхавальнікаў Таццяны і Вячаслава Абрамукоў (вул. Паўдзённая), у якім цяпер выхоўваецца 9 дзяўчынак і  хлопчыкаў.

Лепшым падарункам дзецям ад валанцёраў (Надзеі і Марыі Пстыгі,  Ганны Пішчык, Таццяны Холад, Таццяны Герасімук, Алены Шыгалёвай і Вольгі Сымонік) стаў час, праведзены ў сумеснай гульні і творчасці. Дзецям былі прапанаваны цікавыя рухомыя і пазнавальныя настольныя гульні. Дзяўчынкі і хлопчыкі таксама былі ў захапленні ад аквагрыму. Валанцёры падарылі дзецям салодкія пачастункі. Дзяўчынкі і хлопчыкі таксама атрымалі падарункавыя наборы (пюрэ і сокі) ад Маларыцкага кансервавагародніна­сушыльнага камбіната. На заканчэнне сустрэ­чы дзеці са сваімі бацькамі-выхавальнікамі і валанцё­рамі з задавальненнем выклалі на стале каляро­вымі вечкамі ад упаковак дзіцячага харчавання  словазлучэнне  “Мы адзіныя!”

– Увага – гэта адна з важных сацыяльных патрэб  кожнага чалавека ў любым узросце, – гаворыць кіраўнік валанцёрскага атрада, загадчыца дзіцячага сада №4 райцэнтра Надзея Пстыга. – Псіхолагі кажуць, што адной з праяў любові да дзіцяці  якраз і з’яўляецца ўвага да яго. На свеце шмат цудоўных людзей. Калі іх разам аб’ядноўваюць агульныя добрыя справы, то дзецям з няпростым лёсам можна падарыць не толькі ўсмешку, цудоўны настрой, цяпло і ласку, але яшчэ акружыць клопатам і ўвагай, навучыць дабру, узаемаразуменню, уменню жыць у гэтым няпростым свеце, бачыць цудоўнае і берагчы яго. Неабходна рабіць дабро тады, калі на гэта ёсць магчымасць. А  яна, пераканана, ёсць заўсёды. Было  б толькі жаданне! Разам мы  здолеем зрабіць свет лепшым і дабрэйшым.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий