У раёне працягваецца нарыхтоўка кармоў для грамадскага статка

У раёне працягваецца нарыхтоўка кармоў для грамадскага статка. Нягледзячы на “сюрпрызы” надвор’я, актыўнымі тэмпамі вядуцца работы па нарыхтоўцы сіласу  з кукурузы і ў СВК “Дарапеевічы”. Сёлета ў гаспадарцы  гэтая культура пасеяна на плошчы 1000 гектараў, 750 з іх будзе ўбрана на  сілас. Па стане на 26 верасня гэтая культура ўжо ўбрана з плошчы 442 га, што складае 66% да плана. З кожнага гектара атрымана па 365 цэнтнераў зялёнай масы.  У СВК ужо закладзена ў сіласныя ямы  13 тысяч тон якаснага корму з кукурузы для жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд.

У СВК “Дарапеевічы” мы наведаліся  напрыканцы мінулага тыдня. Уборку кукурузы сельгаспрадпрыемства вяло бліз Дарапеевіч. Сельгаспрадпрыемства славіцца тым, што тут штогод ствараецца трывалая кармавая база, якая, несумненна, – стабільны задатак высокаэфектыўнай работы жывёлагадоўлі.

За штурвалам кормаўборачнага камбайна “Jaguar 870” – вопытны механізатар Сяргей Бойка. Працуе ён не пакладаючы рук. Праца кіпіць з самай раніцы. “Jaguar 870” у страі, а гэта значыць, што работа не будзе стаяць. У сельгаспрадпрыемстве Сяргей Сяргеевіч працуе ўжо 30 гадоў.  Падчас вучобы ў школе  ён наведваў вучэбна-вытворчы камбінат, дзе атрымаў вадзіцельскія правы, пасля  наведваў  курсы  трактарыстаў на базе Маларыцкай сельгастэхнікі. Атрымаўшы пасведчанне трактарыс­та-машыніста, некалькі месяцаў працаваў механізатарам у мясцовым калгасе. Пасля тэрміновай службы ў радах Савецкай Арміі зноў вярнуўся ў гаспадарку. З таго часу тут і працуе.

Сяргей Сяргеевіч гаворыць,  што работу сваю любіць. Усё лета ён правёў на палях СВК, шчыраваў на ўборцы збожжавых,  а зараз заняты ўборкай кукурузы на сілас.

– Да земляробчай прафесіі душа ляжыць яшчэ з дзяцінства, – гаворыць механізатар. – Сёлетні ўборачны сезон быў, напэўна, трыццатым па ліку. Пачынаў працаваць яшчэ з  бацькам на “Ніве”, затым – на “Доне”. Сёлета на ўборцы ўжо  пяты сезон  са мною за штурвалам камбайна быў сын Максім, студэнт чацвёртага курса Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта.

Юнака з дзяцінства таксама  вабіла да сябе хлебная ніва. Ён любіў здалёку назіраць, як па залацістым полі спелай збыжыны плыве, як карабель, камбайн, якім кіруе яго бацька.

Сёлетняя корманарыхтоўчая кампанія прыносіць сапраўднае задавальненне Сяргею Бойку: кукуруза на палетках гаспадаркі стаіць густой сцяной, вабяць вока расліны пад два і больш метраў у вышыню.

– Галоўнае ў працы хлебароба – з павагай адносіцца да зямлі, – гаворыць Сяргей Сяргеевіч. – Тады і адплаціць яна шчодрым ураджаем. Калі зразумеў гэта, будзеш сапраўдным земляробам.

На адвозцы зялёнай масы ў гаспадарцы штодзень задзейнічана некалькі адзінак тэхнікі. На адным з МАЗаў – Аляксандр Балка, які на нарыхтоўцы кармоў заняты не першы год. У гаспадарцы ён працуе больш за 12 гадоў. Кіраўніцтва  СВК характарызуе Аляксандра Іванавіча толькі са станоўчага боку: спрактыкаваны, вопытны, адказны, старанны. Ён знаёмы з любой сельскагаспадарчай работай, свае абавязкі выконвае заўсёды  на выдатна.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Фота Алега Крэмянеўскага.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий