Сезон нарыхтоўкі сыравіны ў самым разгары на Маларыцкім кансервавагароднінасу­шыльным камбінаце

На Маларыцкім кансервавагароднінасу­шыльным камбінаце цяпер самы разгар сезона нарыхтоўкі сыравіны. У засекі прадпрыемства актыўна “засыпаюцца” яблыкі. У параўнанні з мінулым годам яны даспелі крыху пазней. Аднак гэта не перашкодзіць выканаць даведзены план нарыхтовак. Ён сёлета складае амаль 4 тысячы тон. Усё для ўласных патрэб. Закупка яблыкаў ажыццяўляецца на тэрыторыі Маларыцкага, Брэсцкага і Кобрынскага раёнаў. Дарэчы, яблычны сок прамога адціскання выпускаюць у цэху асептыкі. У вялікіх асептычных нержавеючых ёмістасцях ён можа захоўвацца да года.

Цяпер прадпрыемства купляе ў насельніцтва таксама маліну па кошце 6 рублёў за кілаграм. Пры плане 60 тон ужо нарыхтавана 42 тоны гэтай салодкай ягады. Назапашана неабходная колькасць для далейшай перапрацоўкі клубніц, вішань, чарніц… Спажыўцы з задавальненнем набываюць прадукцыю камбіната, вырабленую з персікаў і чарнасліву. Сёлета завадчане не пакінуць спажыўцоў без гэтай вітамін­най прадукцыі. Цяпер ідзе перапрацоўка малдаўскіх персікаў (план 200 тон). 200 тон на камбінаце запланавана таксама перапрацаваць і малдаўскага чарнасліву.

З 19 верасня прадпрыемства пачало закупляць у насельніцтва раёна гарбузы па цане 20 капеек за кілаграм. Для далейшай перапрацоўкі  іх неабходна назапасіць 250 тон. На чарзе – морква. Даведзены план яе нарыхтоўкі на гэты год – 300 тон.

– Чым парадуе Маларыцкі КГСК спажыўцоў у бліжэйшы час? – цікаўлюся ў начальніка тэхналагічнага аддзела  кам­біната Валянціны Грыгарук.

– У сучасных эканамічных умовах неабходна тонка адчуваць запатрабаванні рынку і хутка на іх рэагаваць, – гаворыць Валянціна Мікалаеўна. – З тым, што мы выраблялі некалькі гадоў назад, канкурыраваць сёння, безумоўна, ужо не бу­дзеш. Таму аддзел у штодзённым пошуку, а яго спецыялісты пастаянна працуюць над пашырэннем асартыменту, які пастаянна абнаўляецца. Вось толькі некаторыя віды новай прадукцыі, якая ўжо запушчана ў вытворчасць. 19 верасня мы пачалі выпуск нектару яблычна-вішнёвага з мякаццю, 20 верасня – пюрэ для дзіцячага харчавання з цвятной капусты, морквы і яблыка з цукрам. З 26 верасня плануецца пачаць выпуск чатырох найменняў новай прадукцыі для дзіцячага харчавання. Гэта пюрэ з яблыка, банана і ківі; пюрэ з грушы, банана і манга; пюрэ з грушы,  персіка і манга; пюрэ з персіка,  яблыка і банана.  На 2023 год запланаваны выпуск пюрэ з чарнасліву і грушы для дзіцячага харчавання.

Фруктовыя і гароднінныя сокі і пюрэ камбіната чакаюць свайго спажыўца. Натуральным і якасным харчаваннем “Таптышка” частуе дзяцей на працягу года!

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий