“Гагарынцы” – за мір і талерантнасць

У раённай гімназіі з 2012 года працуе клуб “Гагарынцы”, якім кіруе настаўніца англійскай мовы Алена Сезік. Аб’яднанне па інтарэсах цяпер наведваюць вучні розных класаў установы адукацыі.

– Асноўныя задачы клуба, – кажа Алена Леанідаўна, – гэта  аб’яднанне дзяцей для сумеснай дзейнасці ў галіне навукі, культуры і адукацыі з мэтаю прапаганды гуманістычных прынцыпаў і ідэалаў ЮНЕСКА, ідэй міру і ўзаемаразумення паміж людзьмі. А яшчэ – знаёмства з нацыянальнай культурай і культурай іншых краін для набыцця такіх каштоўнасцей, як беражлівыя адносіны да гістарычнай, культурнай і прыроднай спадчыны,  фарміраванне і развіццё талерантных зносін паміж людзьмі.

 Актывісты клуба “Гагарынцы” нядаўна наведалі дзіцячы сад № 5 Маларыты і правялі з яго выхаванцамі сустрэчу-прэзентацыю “Мы – за мір ва ўсім свеце”. Дзеці даведаліся пра цырымонію знакамітага Звана Свету, якая праводзіцца пры адкрыцці Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у верасні кожнага года, а таксама ў Міжнародны дзень міру. Усе прысутныя на мерапрыемстве актыўна далучыліся да гэтай акцыі, пазваніўшы ў званочак. “Гагарынцы” падарылі выхаванцам дзіцячага сада сімвалы міру – белую галубку, якая нясе ў дзюбе аліўкавую галіну, і салодкія падарункі. Дзяўчынкі і хлопчыкі  выканалі руховы  танец і паслухалі песні пра мір.

– Мы спадзяёмся, – гаворыць Алена Сезік, – што дзяўчынкі і хлопчыкі  зразумелі, як важна быць добрым, міласэрным, умець сябраваць і шанаваць наша жыццё, бо кожны з нас – гэта непаўторная часцінка свету!

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий