80 гадоў таму страшную трагедыю перажыла вёска Хмелішча
80 гадоў таму, 23 кастрычніка 1942 г., страшную трагедыю перажыла вёска Хмелішча Маларыцкага раёна – яе напаткаў жудасны лёс Хатыні.
…Жыла сабе між лясоў працавітая палеская вёсачка. Яе старанныя, гаспадарлівыя жыхары вырошчвалі хлеб, касілі росныя травы і гадавалі дзяцей. І не здагадваліся аб тым, якую долю вызначылі ім фашысцкія вылюдкі.
Па ўспамінах мясцовай жыхаркі Анастасіі Хведчык, якой цудам удалося застацца ў жывых, гэта быў звычайны будні дзень.Зранку вяскоўцы ўжо паціху корпаліся па гаспадарцы і гатавалі сняданак. А фашысты тым часам ужо акружалі вёску. Сялянам загадалі выходзіць на вуліцу. Усіх да аднаго жыхароў вёскі разам з малымі дзецьмі сагналі ў адну вялікую хату. Пераляканыя дзеці пачалі плакаць, крычаць. А дарослыя, хоць і ім было вельмі страшна, як маглі, супакойвалі іх, спадзеючыся ўсё ж, што іх патрымаюць і адпусцяць. “ А можа, на работы ў Германію будуць адпраўляць?” – губляліся ў здагадках некаторыя з іх.
Хутка ўсім загадалі выйсці на вуліцу і стаць у шарэнгу сем’ямі. Аднекуль з’явіўся солтыс і пачаў распытваць людзей аб тым, у каго родных забралі на работу ў Германію. Усіх, у чыёй сям’і былі “гастарбайтары”, аддзялілі ад астатніх людзей і зноў закрылі ў будынку. Мужчынам далі рыдлёўкі і загадалі капаць ямы. І тут няшчасныя людзі зразумелі, што іх прыгналі сюды на згубу. Жанчыны загаласілі, молячы аб літасці, прасілі пашкадаваць хоць дзяцей. Ды фашысцкія каты былі бязлітасныя. Іх не спынілі ні слёзы і малітвы мацярок, ні плач немаўлят. 128 ні ў чым не павінных жыхароў Хмелішча знішчылі фашысцкія нелюдзі ў гэту чорную пятніцу, а саму вёску да апошняй хаты спалілі.
Ужо шмат дзесяцігоддзяў аддзяляюць нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны. Дарослымі сталі праўнукі тых, хто ваяваў за свабоду Радзімы. Але з пакалення ў пакаленне перадаюцца ўспаміны пра той жах, боль, нечалавечыя пакуты, якія перажыў наш народ у гады мінулай вайны. Акупацыйны рэжым на тэрыторыях, захопленых гітлераўцамі, узводзіў у ранг дзяржаўнай палітыкі масавы тэрор, рабаванні, гвалтаванне і забойствы мірнага насельніцтва. Фашысты самымі бязлітаснымі сродкамі імкнуліся не дапусціць супраціўлення нашага народа, фізічна знішчыць значную частку насельніцтва, а астатніх людзей зрабіць рабамі. Дзве з 12 спаленых вёсак назаўсёды зніклі з карты Маларытчыны, бо жыццё ў іх так і не аднавілася. Ды памяць пра бязвінна загінуўшых у тыя далёкія ўжо ад нас гады жыве ў сэрцах нашчадкаў. Няма тэрміну даўнасці ў злачынстваў фашызму супраць чалавецтва. І мы, і нашы дзеці, унукі не павінны забываць аб гэтым, каб не дапусціць новага кровапраліцця на нашай шматпакутнай зямлі.
Галіна Пракапук.