Фотаздымкі як напамін аб ваеннай трагедыі
Масквіч Глеб Цукалаў краязнаўчаму музею “Спадчына” Маларыцкай раённай гімназіі пераслаў 4 копіі фотаздымкаў, звязаных з трагічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, якія адбываліся на тэрыторыі Маларытчыны.
– Нядаўна размаўляў з адным таварышам, – піша Глеб Валер’евіч. – Размова зайшла пра тое, што 75-я стралковая дывізія ў ліку першых прыняла на сябе ўдар на тэрыторыі Маларыцкага раёна і да 27 чэрвеня 1941 года стрымлівала на сваім участку прасоўванне нямецкіх захопнікаў. Большасць воінаў дывізіі з чэрвеня па верасень 1941 года загінула і прапала без вестак, многім давялося перажыць жахі фашысцкіх канцлагераў. Тыя, каму ўдалося вырвацца з акружэння, працягвалі ваяваць. Дакументы 75-й стралковай дывізіі па розных прычынах былі страчаны яшчэ пад Маларытай. У 60-я гады мінулага стагоддзя звесткі пра баявыя дзеянні дывізіі ў чэрвені 1941 года стаў збіраць тагачасны дырэктар Маларыцкай школы-інтэрната Васіль Піліпавіч Маркаў. Цяпер гэтую справу працягнуў я.
Знаёмы ўспомніў, што ў яго архіве ёсць некалькі трафейных фотаздымкаў Маларыты часоў Другой сусветнай вайны. Сярод тых, што ён даслаў, чатыры фатаграфіі, якія датаваны чэрвенем 1942 года. На іх зафіксавана знішчэнне яўрэйскага жылля ў райцэнтры. На адным фотаздымку – маёр Розе і каманда “Нюрнберг” пасля выканання задання. Думаю, жыхарам Маларыты будзе цікава ўбачыць і гэтую жахлівую праўду.
Восенню 1941 года немцы сагналі яўрэяў Маларыты і прылеглых вёсак у гета. Пад яго было выдзелена каля 50 дамоў у паўночна-заходняй частцы мястэчка. Гета займала тэрыторыю паміж сучаснымі вуліцамі Ткачэнкі, Леніна і Піянерскай. Яно было абгароджана калючым дротам і кругласутачна ахоўвалася. Сюды захопнікі сагналі больш за 2000 яўрэяў (па іншых дадзеных, каля 3500 чалавек), уключаючы дзяцей. У кожным доме размяшчалася ў сярэднім па 40-60 чалавек. З-за крайняй цеснаты і антысанітарыі ў гета была вялікая смяротнасць сярод вязняў. Немцы сур’ёзна ставіліся да магчымасці супраціўлення, таму ў першую чаргу забівалі ў гета яўрэяў-мужчын ва ўзросце ад 15 да 50 гадоў.
У чэрвені 1942 года для правядзення “акцыі” знішчэння яўрэяў Маларыты з Луцка прыбыў маёр Розе, начальнік карных атрадаў гестапа і СД Генеральнай акругі “Валынь-Падолія”. Разам з ім прыехалі карнікі з гестапаўскай каманды “Нюрнберг”. Па загадзе Розе гестапаўцы пачалі масавыя расстрэлы вязняў гета. У адзін з чэрвеньскіх дзён 1942 года ў 17.00-18.00 тэрыторыю гета акружылі. Нацысты мужчын расстралялі ў раёне Пясчанка, за кіламетр на паўночны захад ад Маларыты, на пясчаным пагорку каля прасёлкавай дарогі на Гвозніцу. Да 21.00-22.00 гадзін усе мужчыны з гета былі забіты.
Жанчын і дзяцей выгналі з хат і сагналі ў адно месца пад адкрытым небам, дзе яны ўсю ноч знаходзіліся пад узмоцненай аховай. З самай раніцы асуджаных людзей групамі выводзілі пад канвоем у раён Пясчанка, ставілі на краі ямы і расстрэльвалі з аўтаматаў. Параненых у ямах дабівалі паліцэйскія. Многіх параненых закапалі яшчэ жывымі. Маёмасць, якая засталася ў гета, была разрабавана і вывезена немцамі.
Глеб Валер’евіч – каардынатар таварыства “Памяці воінаў 75-й стралковай дывізіі”, унук камандзіра ўзвода 115-га стралковага палка, малодшага лейтэнанта Ігната Раманавіча Цукалава, які доўгі час быў у спісе тых, хто загінуў без звестак у перыяд з 22 па 26 чэрвеня 1941 года на Маларытчыне.
Глеб Цукалаў у 1981 годзе прысутнічаў падчас сустрэчы ветэранаў 75-й стралковай дывізіі, затым у Маларыце ён пабываў у 2015 годзе са сваімі двума сынамі, у 2016 годзе – з бацькам. Дзякуючы дырэктару СШ №1 Наталлі Івановай, Глеб Валер’евіч змог адшукаць тое месца, дзе пахаваны яго дзядуля. Гэта – Курган Славы (урочышча “Мелавая Гара”). Тут значыцца імя Ігната Раманавіча Цукалава сярод тых, хто пахаваны ў брацкай магіле.
У 2017, 2018, 2019, 2021 гадах Глеб Цукалаў стаў арганізатарам прыезду ў Маларыту родных салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі, якія са зброяй у чэрвені 1941-га першымі сустрэлі фашыстаў на тэрыторыі Маларытчыны.
Мікалай НАВУМЧЫК.