80 гадоў з дня трагедыі ў вёсцы Багуслаўка
У нашым раёне няма такога населенага пункта, які не закранула б сваім чорным крылом Вялікая Айчынная вайна, жыхары якога не пацярпелі б ад рук гітлераўскіх акупантаў. Крывавы тэрор быў асноўным сродкам ўстанаўлення нацыстамі “новага парадку”. Паўсюдна на акупаваных землях фашысты ўчынялі масавыя расстрэлы мірнага насельніцтва, закопвалі людзей жывымі ў зямлю, спальвалі. Страшныя зверствы ўчынілі гітлераўцы восенню 1942 года і на тэрыторыі Маларыцкага раёна.
У час карнай аперацыі ў верасні 1942 года былі знішчаны разам з насельніцтвам вёскі Боркі, Забалацце, Барысаўка, у кастрычніку – в. Хмелішча, Зялёныя Буды… Але ніякімі рэпрэсіямі і здзекамі не змог вораг зламаць волю беларускага народа да свабоды. З кожным днём набіраў сілу партызанскі рух. Мясцовае насельніцтва чым магло дапамагала народным мсціўцам. Жыхары схаванай сярод балот і лясоў вёскі Багуслаўка таксама дзяліліся з партызанамі харчамі і вопраткай, а часам давалі ім прытулак на начлег.
У кнізе “Памяць” знаходзім звесткі аб тым, што восенню 1942 года непадалёку ад Багуслаўкі быў забіты чыноўнік ахоўнай паліцыі Розенгарт. Фашысты разлютаваліся. Азлобленыя сваімі няўдачамі ў барацьбе з партызанамі, яны бязлітасна знішчалі ўсіх, хто выклікаў у іх хоць нязначнае падазрэнне. Халодным восеньскім днём 23 лістапада раз’юшанай зграяй уварваліся гітлераўцы ў Багуслаўку. Гэты дзень стаў апошнім для 23 жыхароў вёскі, сярод якіх былі і зусім малыя дзеці. І дарослых, і дзетак фашысты расстралялі, а вёску спалілі.
Сёння пра тыя страшныя падзеі вайны напамінае помнік на ўскрайку Багуслаўкі. Няма ўжо сведкаў той жудаснай трагедыі, але жыве памяць пра ні ў чым невіноўных людзей, якія сталі ахвярамі генацыду беларускага народа. Званы Хатыні плачуць сёння і аб загінулых жыхарах Багуслаўкі. У памяці нашай сёння і вечна ўсе яны жывыя – усе, хто стаў бязвіннай ахвярай вайны, і тыя, хто цаной свайго жыцця здабываў для нашчадкаў Перамогу.
Мы памятаем, каб ніколі не дапусціць паўтарэння жахаў вайны.
Галіна ПРАКАПУК.