Маларыцкі хлебазавод выпускае да 4 тон высакаякасных хлебабулачных вырабаў за суткі
Прадукцыя хлебазавода Маларыцкага райспажыўтаварыства карыстаецца попытам не толькі ў жыхароў Маларытчыны. Аб гэтым сведчыць, напрыклад, такі факт, што больш за 50% хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў рэалізуецца за межамі раёна, задавальняючы таксама пакупніцкі попыт насельніцтва ў Брэсце і Брэсцкім раёне, Жабінцы і Жабінкаўскім раёне, у тым ліку – і ў гандлёвых сетках магазінаў “Санта”, “Бакалея” і “Еўрагандаль”. Маларыцкі хлеб заўсёды духмяны, пышны, смачны, апетытны, з непаўторным водарам.
– Прадпрыемстваў, якія выпускаюць хлеб па адной рэцэптуры і стандартах, многа, аднак смак атрымліваецца розны. Проста ўсё трэба рабіць з душой, з любоўю, – гаворыць начальнік лабараторыі хлебазавода Галіна Сулім. – Мы прывыклі працаваць менавіта так. Мы любім тое, што робім. Таму і вынік адпаведны.
За суткі маларыцкі хлебазавод выпускае ў сярэднім да 4 тон высакаякасных хлебабулачных вырабаў. У асартыменце цяпер налічваецца 12 найменняў хлеба (жытнёва-пшанічны (чорны), 8 – чарэневых, 4 – фармавых) і амаль 40 – булачных. Асноўны аб’ём прадукцыі выпякаецца ноччу, каб ранкам свежы хлеб паступіў ў гандлёвыя кропкі.
– Уся наша прадукцыя вырабляецца выключна з натуральнай сыравіны, – кажа Галіна Сулім. – Замес хлеба адбываецца на аснове густых натуральных заквасак, з чыстай сыравіны без дамешак, разрыхляльнікаў і фарбавальнікаў. Аснова нашага поспеху – у няўхільным выкананні дзяржаўных стандартаў і тэхналагічных нормаў, закладзеных яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Прадукцыя пры гэтым выпякаецца на сучасным абсталяванні.
– Галіна Гаўрылаўна, ці ёсць навінкі хлебабулачных вырабаў?
– Ёсць. Сёння існуе канкурэнцыя ў хлебабулачнай галіне. Удала заняць рынак і трывала замацавацца ў ім няпроста. Для гэтага неабходна ісці ў нагу з часам, задавальняць густы пакупнікоў. Таму мы пастаянна вывучаем “хлебныя” перавагі пакупнікоў, вядзем пошук новых рэцэптаў і ўдасканальваем старыя. Пры гэтым якасць прадукцыі па-ранейшаму абавязкова адпавядае ДАСТам і прынятым тэхнічным умовам. Хлебазавод пастаянна імкнецца прапаноўваць новыя віды хлебабулачнай прадукцыі. Напрыклад, нядаўна наладзілі вытворчасць цэльназерневага хлеба “Купец” і хлеба “Братонскі грэчневы з грэчневай сумессю”.
– Цяпер у вернікаў ідзе Калядны пост. Якую посную прадукцыю выпускае хлебазавод?
– Мы працуем на спажыўца і клапоцімся пра тое, каб на яго стале заўсёды былі высакаякасныя хлебабулачныя вырабы розных назваў і гатункаў. Не забываем і пра тых, хто прытрымліваецца посту. Асартымент поснай прадукцыі цяпер налічвае 15 найменняў. Хлебазавод прапаноўвае, напрыклад, хлеб пшанічны “Данскі” і “Ураджайны” (з разынкамі), булкі “Сельская” і “Яраслаўна” (з буякамі), пышкі “Маларыцкія” (з разынкамі), пампушкі “Маларыцкія з водарам”, булачку “Да булёну”, булачку з памадкай “Сонечная”, сухары “Летнія”, пернікі “Дняпроўскія”, язычкі “Мікс”, каўрыжку “Фестывальная”, ласункі мучныя “Залацістыя” і “Усходнія”, багет “Сталовы”. Выбар багаты.
Мікалай НАВУМЧЫК.