“Вектар у мінулае”: вынікі міжнароднага праекта

У пятніцу, 9 снежня, у ГДК прайшла фінальная канферэнцыя  ў рамках рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Вектар у мінулае. Развіццё традыцыйнай культуры як драйвер росту  турыстычнага  патэнцыялу”. Ён рэалізоўваўся сумесна ў  партнёрстве з Гарадскім цэнтрам культуры, спорту і адпачынку ў Кляшчэлях і асацыяцыяй “Спадчына Падляшша” Падляскага ваяводства Польшчы. Фінансаванне ажыццяўлялася са сродкаў праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна” 2014-2020. Агульны бюджэт праекта склаў 66580 еўра, з якіх 59922 еўра – гэта сафінансаванне Еўрапейскага Саюза, фактычная беларуская частка склала 32550 еўра. Па часе рэалізацыя праект ахоплівае 1 студзеня – 31 снежня 2022 года.

Традыцыйныя  рамёствы і промыслы, характарныя для двух рэгіёнаў (Маларытчыны і Кляшчэляў), у цяперашні час хутка знікаюць. Прычына ў тым, што майстры, якія ў пераважнай большасці ўжо маюць шаноўны ўзрост, на жаль, паміраюць, няма ім змены, няма каму перадаць свой вопыт, уменні. Акрамя таго,  цяпер амаль адсутнічае попыт на прадукцыю рамеснікаў. У паўсядзённым жыцці людзі выкарыстоўваюць завадскія тавары, бытавую электратэхніку… Практычна страчаны аўтэнтычныя тэхнало­гіі. Паступова знікае спецыфіка, арыгінальнасць, унікальнасць мясцовых тэрыторый. Як заканамерны вынік – нізкая турыстычная прывабнасць рэгіёна, у тым ліку – і Маларыцкага. Таму мэтай праекта якраз і стала захаванне і прасоўванне рэгіянальных асаблівасцей аўтэнтычных культурных традыцый беларуска-польскага памежжа для павелічэння прывабнасці рэгіёна.

Адкрыў фінальную канферэнцыяю намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук. Аб арганізацыі міжнароднага супрацоўніцтва ў сучасных умовах гаварыў начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк, аб  мэце, задачах, партнёрах, накірунках рэалізацыі міжнароднага праекта – кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры турызму і краіназнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, эксперт праекта Аляксандр Панько.

У работу канферэнцыі па відэасувязі падключыліся і парт­нёры з Гарадскога цэнтра культуры, спорту і адпачынку Кляшчэляў. Сваімі думкамі, меркаваннямі падзяліліся кіраўнікі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Вектар у мінулае” з польскага боку Дар’я Сянкевіч і  Міраслаў Сцепанюк.

Падчас пленарнай сесіі “Захаванне і прасоўванне культурнай спадчыны ў Маларыцкім раёне” галоўны спецыяліст па спорту і турызму  райвыканкама Ганна Карацінская гаварыла аб прыродным і гісторыка-культурным патэнцыяле нашага рэгіёна. Ганна Іванаўна адзначыла, што ў раёне распрацавана 11 тэматычных турыстычных маршрутаў, у якія ўключаны помнікі прыроды, архітэктуры, Вялікай Айчыннай вайны, спартыўныя аб’екты, дзейнічае эколага-турыстычная сцежка “Дубавая” ў Пажэжынскім і Вялікарыцкім лясніцтвах працягласцю 5,9 кіламетра з 11 кропкамі агляду, якія абсталяваны інфармацыйнымі стэндамі, шыльдамі і ўказальнікамі.

У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй работа па прасоўванні турыстычнага патэнцыялу раёна, як адзначала Ганна Карацінская, перанесена ў анлайн-фармат. Маларыцкім раённым фізкультурна-спар­тыўным клубам распрацавана віртуальная экскурсія па турыстычных аб’ектах раёна ў 3D-праекцыі. У раёне таксама  праводзіцца пэўная работа і па развіцці спартыўнага турызму.

Дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра культуры Вольга Краско ў сваім выступленні ўвагу засяродзіла на рабоце ўстаноў культуры рэгіёна па папулярызацыі тэхналогіі ткацтва і выпякання грэчневага хлеба.

Па словах Вольгі Васільеўны, цяпер на Маларытчыне  функцыянуе  больш за 40 аматарскіх аб’яднанняў мастацкага і дэка­ратыўна-прыкладнога на­кірункаў, 2 школы народнай творчасці,  дзе ў 5 класах навучаецца амаль 40 дзяцей. На Маларытчыне, дзякуючы намаганням народнага майстра Сцепаніды Сцепанюк, адроджана традыцыя ткацтва “кажушком”. Цяпер гэтым майстэрствам  у раёне дасканала валодае 8 ткачых.

– Маларыцкая традыцыя прыгатавання грачанага хлеба стала нематэрыяльнай каштоўнасцю Беларусі, – гаварыла Вольга Васільеўна. – На тэрыторыі раёна яскрава праяўляецца традыцыя выпякання гэтага хлеба ў такіх вёсках, як Гвозніца, Брадзяцін, Арэхава, Дрочава, Хаціслаў, Сушытніца, Лукава, Грушка, Дарапеевічы, Збураж. Найбольш яркімі носьбітамі старажытнай традыцыі  з’яўляецца амаль 10 гаспадынь. У кожнай з іх свой рэцэпт. Майстэрства выпякання грачанага хлеба актыўна цяпер перадае  народны майстар Беларусі Валянціна Гатоўчыц з Дарапеевіч.

Метадыст Маларыцкага раённага метадычнага цэнтра культурна-асветнай работы Яўгенія Наўрасюк увагу прысутных засяродзіла на рабоце з насельніцтвам па падтрымцы мясцовых традыцый і рамёстваў. Яна расказала, што ў раёне налічваецца амаль 175 майстроў народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэтым займаюцца людзі розных прафесій ва ўзросце ад 18 да 70 гадоў у розных населеных пунктах Маларытчыны. У раёне ёсць майстры па ткацтве, вышыўцы, саломапляценні, лозапляценні, разьбе па дрэве. Наладжана навучанне дзяцей народным рамёствам. Мясцовыя традыцыі, звычаі збіраюць,  захоўваюць і папулярызуюць  13 фальклорных калектываў.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, кіраўнік праекта  міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Вектар у мінулае” Галіна Стасюк спынілася на выкарыстанні патэнцыялу традыцыйнай культуры Маларытчыны для вызначэння далейшых перспектыў для гісторыка-культурнага прадстаўніцтва  Маларыцкага раёна на міжна­родным узроўні.

– З гэтай мэтай ужо многае зроблена, – адзначыла Галіна Анатольеўна. – Важную ролю ў культуры мае міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне. У нас наладж­ваецца абмен канцэртамі паміж раёнамі ў межах правядзення святочных мерапрыемстваў. Напрыклад, такі “культурны” абмен адбыўся з аддзеламі Лунінецкага і Кобрынскага  райвыканкамаў. Арыентуючыся на ўсебаковае супрацоўніцтва ў сферы культуры, мы праводзім работу па ўдзеле ў мерапрыемствах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. За апошні час гэта адбылося ў Пінску ў рамках святкавання Дня народнага адзінства, у Мінску – на тэматычнай выставе “Беларусь адзіная”, на рэспубліканскім свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), на фестывалі нацыянальных культур “Суквецце культур” у Гродне,  на фестывалі “Беларусы запрашаюць сяброў” у Маскве, падчас навагодняй перадачы на расійскім тэлеканале “Поле цудаў”, у рамках дзён беларускай культуры ў Рэспубліцы Татарстан,  на міжнародным фес­тывалі традыцыйнай народнай культуры “Ганнінскае раздолле” ў Ленінградскай вобласці і інш. Мы працуем у любых умовах, дзякуючы гэтаму, у нас ёсць патэнцыял, планы і мары, якія абавязкова збудуцца!

Падчас мерапрыемства ў ГДК сваімі думкамі адносна рэалізацыі праекта  “Вектар у мінулае. Развіццё традыцыйнай культуры як драйвер росту турыстычнага патэнцыялу” падзяліліся начальнік фінансавага аддзела Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Сухарэвіч, старшыня Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры,  інфармацыі,  спорту і турызму Галіна Крынец,  начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Валянціна Пакалюк, адзін з кіраўнікоў першага міжнароднага праекта “Народная творчасць без межаў” на Маларытчыне (час рэалізацыі 30 лістапада 2017 года – 28 лютага 2019 года) дырэктар Брэсцкай абласной філармоніі Андрэй Гарбацэвіч.

Рэзюмаваў работу фінальнай канферэнцыі і вынікаў рэалізацыі праекта старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык. Ён адзначыў, што  праект сапраўды ўнёс пэўны ўклад у развіццё  культуры раёна, даў імпульс для далейшай яе папулярызацыі  не толькі за межамі раёна, вобласці, але і  рэспублікі.

– На дасягнутых выніках не трэба спыняцца, – адзначыў Алег Пятровіч. – Неабходна знайсці новыя нішы-тэрыторыі, партнёраў, для якіх дасягненні культуры Маларытчыны будуць цікавымі і запатрабаванымі. З імі найперш і трэба наладжваць супрацоўніцтва і развіваць, узбагачаць нашу культуру. Неабходна таксама звярнуць увагу і на ўнутраны вектар, скіраваны на наладжванне сувязей і парт­нёрскае ўзаемадзеянне, узаемаабмен з іншымі абласцямі Беларусі ў галіне культуры. З гэтымі рэгіёнамі трэба дзяліцца нашым вопытам, пераймаць нешта ў іх і навучыцца таму, чаго на Маларытчыне пакуль няма. Я маю на ўвазе,  найперш народныя абрады і рамёствы, фестывалі культуры рознай тэматычнай накіраванасці.

Удзельнікі фінальнай канфе­рэнцыі таксама  пабывалі ў Маларыцкім раённым цэнтры народнай творчасці, дзе яго загадчыца народны майстар Рэспублікі Беларусь Валянціна Струнец правяла  цікавую экскурсію. Акрамя таго, некаторыя  ўдзельнікі мерапрыемства селі за кросны і паспрабавалі самі выткаць фрагмент узору маларыцкага  арнаменту.

Закончылася фінальная канферэнцыя  канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі народны  ансамбль  народнай песні і музыкі “Хаціславяне” і  заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” Хаціслаўскага СДК.

* * *

– Галіна Анатольеўна,  што канкрэтна для Маларытчыны даў удзел і рэалізацыя міжнароднага праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Вектар у мінулае”?

– Спынюся коратка толькі на некаторых выніках. Для стварэння інфармацыйнага цэнтра развіцця і папулярызацыі традыцыйнай культуры і турызму на базе Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці набыта мэбля і аргтэхніка, выдадзена 5 буклетаў (“Ткацтва ў Маларыцкім раёне”, “Захаванне і развіццё традыцый саломапляцення”, “Маларыцкі грачанік – нематэрыяльная гісторыка-культурная спадчына Рэспублікі Беларусь”, “Народныя майстры Рэспублікі Беларусь: Струнец В.М. і Гатоўчыц В.І.”, “Ніткі  лёсу Сцепаніды Сцепанюк”. Таксама падрыхтаваны  камплект вучэбных матэрыялаў пра ткацтва з фотаілюстрацыямі (на рускай і польскай мовах), у якіх дэталёва пададзены асноўныя моманты  падрыхтоўкі асновы, запраўкі кроснаў,  апісана некалькі тэхналогій ткацтва, зняты навучальны відэафільм (працягласць – больш за га­дзіну), у якім падрабязна паказаны асноўныя этапы запраўкі кроснаў. Рэалізацыя праекта дала магчымасць адрадзіць на Маларытчыне спіральнае і аб’ёмнае саломапляценне, традыцыя якога была ўжо страчана. Для гэтага майстар-класы праведзены ў Маларыце і Хаціславе. У выніку 10 майстроў раёна засвоілі гэтую тэхналогію.

Яркім і незабыўным мерапрыемствам  праекта стаў між­рэгіянальны фестываль народнай творчасці “Са спадчынай продкаў – у будучыню!”, у якім прынялі ўдзел больш за дзесяць  фальклорных калектываў. У анлайн-рэжыме да фестывалю далучыліся і калегі з Польшчы.

Да канца гэтага года будзе завершана работа над элект­ронным фотаальбомам, пры­свечаным нематэрыяльнай спад­чыне рэгіёна,  а таксама ін­фармацыйны стэнд “Культурная спадчына Маларытчыны”,  які будзе ўста­ляваны на тэрыторыі ГДК уздоўж  вуліцы Савецкая.

Пасля заканчэння рэалізацыі міжнароднага праекта супрацоў­ніцтва з польскімі партнёрамі будзе працягнута.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  • 14
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий