У раённай библіятэцы прайшоў адкрыты дыялог «Ёсць  памяць, якой не будзе забыцця…”

Адкрыты дыялог «Ёсць  памяць, якой не будзе забыцця…” прайшоў у мінулую пятніцу ў Маларыцкай раённай бібліятэцы. Са старшакласнікамі Олтушскай СШ і другой гарадской школы райцэнтра сустрэліся пракурор раёна Фёдар Міховіч, старшыня раённага савета ветэранаў Фёдар Галянчук, благачынны цэркваў Маларыцкай акругі протаіерэй Віктар Паляціла, старшыня РА “Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі” Соф’я Якубчык, прадстаўнікі аддзела ідэалогіі райвыканкама і РА ГА “БРСМ”.

Невыпадкова мерапрыемства адбылося ме­навіта ў гэты дзень. 9 снежня 1948 года Генеральнай Асамблеяй ААН была прынята Канвенцыя аб папярэджанні злачынстваў генацыду і пакаранні за яго, а з 2015 года 9 снежня лічыцца Міжнародным днём памяці ахвяр генацыду.

Як падкрэслівала вядучая мерапрыемства загадчыца аддзела абслугоўвання РЦБС Ва­лянціна Ібрагімава, мы ўспа­мінаем гэтыя падзеі сёння таму, што многія нашы суайчыннікі таксама сталі ахвярамі генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Школьнікі мелі магчымасць паглядзець кадры ваеннай кінахронікі, якія данеслі да нас жудасную карціну зверстваў фашыстаў.

Пракурор раёна Фёдар Міховіч напомніў вуч­ням, што генацыд, а ін­шымі словамі,  знішчэнне народаў, у тым ліку і беларускага, было загадзя спланавана фашысцкімі акупантамі. Нацысты спаль­валі цэлыя вёскі разам з яе жы­харамі,  вывозілі на­шых суайчыннікаў,  асабліва моладзь, на работу ў Гер­манію, марылі голадам і хваробамі ў шматлікіх лагерах смерці. І спіс ахвяр гэтых жудасных падзей яшчэ і сёння папаўняецца. Звест­кі і архіўныя да­дзе­ныя, успаміны сведак збіраюц­ца да гэтага часу. Было, напрыклад, вядома, што 26 вёсак на тэрыторыі Маларытчыны спалены ў гады вайны, а зараз іх налічваецца больш за 40. Знойдзены новыя месцы захаванняў загінулых.

– Памяць  пра  іх не павін­на знікнуць з розуму і сэрцаў беларусаў, – падкрэсліў Фёдар Рыгоравіч, – бо генацыд – гэта тое, што было з нашымі продкамі ў недалёкім мінулым і што можа прыйсці зноў,  калі мы забудзем пра гэта,  калі не захаваем гістарычную памяць свайго народа.

Аб зніжэнні духоўнага ўзроўню сучаснага маладога пакалення і прычынах гэтага разважаў у сваім выступленні благачынны цэркваў Маларыцкай акругі, протаіерэй Віктар Паляціла. Айцец Віктар расказаў старшакласнікам на прыкладзе падзей у суседняй Украіне, што зараз ідзе вайна супраць праваслаўя, а праз знішчэнне духоўнасці неафашызм імкнецца знішчыць дзяржаўнасць славян. Таму сённяшнім маладым людзям трэба абавязкова задумвацца аб тым,  што адбываецца ў свеце, шанаваць і цаніць сваю зямлю, Радзіму,  з павагай ставіцца да яе гісторыі. Бо толькі раз­важлівы чалавек будзе валодаць ісцінай.

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Соф’я Якубчык напомніла прысутным,  што ўпершыню акт генацыду быў праведзены фашысцкай Германіяй у 1940 годзе на тэрыторыі Францыі – горад Нант быў знішчаны разам з яго жыхарамі. А на тэрыторыі нашай краіны ўжо не было мяжы палітыцы генацыду. Для яе ажыццяўлення фашысты стварылі 260 канцлагераў і 180 гета.

Старшыня савета ве­тэранаў раёна Фёдар Галянчук расказаў стар­шакласнікам аб тым, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ахвярамі генацыду сталі яго бацька і дзве родныя цёткі, якія былі вывезены гітлераўцамі ў Германію. Адна з іх там загінула. Свае крывавыя аперацыі па знішчэнні славянскіх народаў нацысты старанна планавалі і педантычна выконвалі. У іх зладзействаў супраць чалавецтва няма тэрміну даўнасці. І хаця пасля вайны прайшло ўжо больш за 70 гадоў,  яшчэ ёсць сведкі жудасных злачынстваў гітлераўцаў.

На жаль, сённяшняя Еўропа імкнецца пера­пісаць гісторыю па-­свойму і зрабіць злачын­цаў героямі. На яе тэ­рыторыі планамерна раз­­­бураюцца помнікі са­вец­­каму салдату-вызва­лі­це­­лю. Гэтыя разбураныя сімвалы памяці з Еўропы ў Беларусь перавозіць і ўстанаўлівае ў “Алеі памяці” ў Брэсцкім раёне прадпрымальнік Наталля Ільніцкая.

– І на тэрыторыі нашага раёна ёсць 92 помнікі, 62 месцы воінскіх захаванняў, 15 мемарыяльных знакаў. Гэта святыя месцы для кожнага з нас, – сказала Соф’я Лаўрэнцьеўна. – Там неабходна бываць і схіляць галаву перад памяццю тых, хто загінуў, хто падарыў нам мірнае жыццё. Наша задача – захаваць памяць аб гэтых месцах для будучых пакаленняў. Бо ў народа, які не памятае свайго мінулага, не будзе і будучыні. Калі мы будзем рабіць усё дзеля міру, мір павінен захавацца на нашай зямлі.

Вынікі адкрытага дыялогу падвяла намеснік начальніка аддзела ідэа­лагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ніна Фядосава. Напры­канцы мерапрыемст­ва прадстаўнік РА ГА “БРСМ” Вольга Чырук уру­чыла дыпломы перамож­цам раённага этапу рэспублі­канскага прававога тур­ніру “Сіла закона” Анге­ліне Гірыковіч і Юліі Крэнь.

Галіна Пракапук.

Фота Алега Крэмянеўскага.

 

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий