17 гадоў дапамагае пажылым людзям Валянціна Корань з вёскі Арэхава
У маладыя гады ўсе дарогі перад намі адкрыты, любая работа пад сілу. А вось у пажылым узросце – хто раней, хто пазней – многія адчуваюць патрэбу ў дапамозе з боку іншых. Добра, калі побач сям’я і родныя людзі заўсёды прыйдуць на дапамогу. Але адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян наша дзяржава таксама не пакідае сам-насам са сваімі праблемамі. Пра іх клапоцяцца работнікі сацыяльнай службы. З адным з іх мы і пазнаёмім чытачоў газеты.
Валянціна Корань з вёскі Арэхава ў сацыяльнай службе не навічок – у яе за плячыма амаль 17 гадоў работы з пажылымі людзьмі. А вось прыйшла яна на працу ў Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва не зусім звычайна. Так атрымалася, што Валянціна Іванаўна афармлялася там па догляду за дачушкай-інвалідам, і ёй прапанавалі адначасова падмяніць сацыяльнага работніка, які ішоў у чарговы водпуск. Усе 10 чалавек, якіх ёй неабходна было абслугоўваць, жылі ў суседняй вёсцы Дрочава. Жанчына падумала і згадзілася. Дабіралася да сваіх падапечных на спадарожных машынах ці маршрутным таксі, а калі і пехатою.
– Неяк, – успамінала Валянціна Іванаўна, – тэлефаную колішняму дырэктару ТЦСАН Мікалаю Мішчанку: “Буду звальняцца з працы. Мне тут мае бабулькі амаль ніякай работы не даюць. Я толькі прыходжу і размаўляю з імі”. – “Нічога, – супакоіў мяне Мікалай Мікалаевіч, – гэта таксама ўваходзіць у вашы абавязкі. Пажылым людзям трэба нейкі час, каб прывыкнуць да вас”.
І сапраўды, з цягам часу ўсё наладзілася. І жанчына засталася ў прафесіі.
– Я зразумела, што вясковыя жанчынкі спачатку да мяне прыглядаліся, вывучалі, што я за чалавек, – расказвала Валянціна Іванаўна. – Ведаеце, як ключык да замка, так да душы кожнага чалавека неабходна знайсці падыход. Я баялася, каб ненарокам не згубіць іх давер. Па першым часе мне вельмі дапамагала Любоў Раманаўна Хоміч, якая тады працавала сацыяльным работнікам у Арэхаве. Мы з ёй часта размаўлялі па тэлефоне, яна давала мне слушныя жыццёвыя парады і раіла, як і што неабходна рабіць.
А потым, па словах Валянціны Корань, падапечныя бабулькі і дзядулі сталі быццам часткай яе сям’і.
– Да кожнай жанчыны я ставілася як да мамы ці бабулі сваёй, усе гэтыя людзі сталі для мяне як родныя, – дзялілася Валянціна Іванаўна. – Асабліва прыкіпела душой я да Марыі Ізмаілаўны Луцык, якой, на жаль, ужо няма з намі. Хаця многія тады мне чамусьці казалі, што я доўга не змагу ў яе працаваць. А я неяк адразу паладзіла з гэтай жанчынай, магла шчыра паразмаўляць з ёй аб усім на свеце, падзяліцца набалелым. І яна мне давярала.
А лёс не песціў Валянціну Іванаўну. З мужам жыццё не склалася, і ёй давялося самой падымаць на ногі дачку і сына. Добра, што бацькі яе таксама жывуць у Арэхаве і, калі маладзейшыя былі, дапамагалі дачцэ. А зараз і самім ужо патрэбна дапамога Валянціны Іванаўны.
Цяпер сацыяльны работнік абслугоўвае ў роднай вёсцы Арэхава 6 чалавек пажылога ўзросту, усе з трэцяй групай страты здароўя. Сярод іх адна сямейная пара, двое адзінокіх людзей і двое адзінока пражываючых. Наведвае іх Валянціна Іванаўна па графіку тры разы на тыдзень. Якую работу выконвае? Ды самую розную: дроў і вады прынясе дахаты, прадукты ў краме купіць, вясной дапамагае градкі рабіць, а восенню ўбіраць ураджай. Посуд памые, уборку ў хаце і нарыхтоўкі на зіму дапамагае рабіць, сочыць за тым, каб пажылыя людзі ў час прымалі неабходныя лекі, ціск памерае і г.д.
Асаблівую ўвагу Валянціна Корань удзяляе адзінокім людзям. Бо калі, напрыклад, Вольгу Маркаўну Рудзянок, акрамя сацыяльнага работніка, у іншыя дні яшчэ наведваюць дочкі, дык Ніна Якаўлеўна Луцык з Дрочава пасля смерці сястры засталася зусім адна. Яе забрала да сябе пляменніца з Арэхава.
– Што вы лічыце галоўным у сваёй рабоце? – пацікавіліся мы ў субяседніцы.
– Несці дабрыню ў кожны дом, каб чалавек, асабліва адзінокі, не баяўся гэтай сваёй адзіноты і бездапаможнасці, разумеў, што ёсць такі сацыяльны работнік, які заўсёды акажа неабходную дапамогу, не пакіне адзін на адзін з бядой.
Пазнаёміўшыся з Валянцінай Іванаўнай бліжэй, не перастаеш здзіўляцца, якое добрае сэрца ў гэтай жанчыны. Яго цеплыні хапае і на ўласных дзяцей і ўнукаў, сваіх бацькоў, і на ўсіх падапечных пажылых людзей, якіх яна даглядае, як родная дачка. А яшчэ ў сэрцы Валянціны Іванаўны знайшлося месца і для 10-гадовага хлопчыка Дзімы, апекуном якога яна з’яўляецца вось ужо 5 гадоў. Дзіма – сын пляменніцы Валянціны Корань і хрэснік яе сына Рамана. Калі хлопчыка хацелі аддаць у прыёмную сям’ю, Валянціна Іванаўна пашкадавала яго і, параіўшыся з роднымі, вырашыла ўзяць яго пад сваю апеку, выхоўваць сярод блізкіх яму людзей.
І для сваёй дачкі Насці жанчына рабіла ўсё, што магла, каб адаптаваць яе да жыцця. Навучыла Насцю чытаць, пісаць, лічыць, як настойліва раіла Валянціне Іванаўне яе былая настаўніца Марыя Пятроўна Жыгалава.
Вось такая яна, Валянціна Іванаўна Корань – чалавек вялікага сэрца і невычэрпнай дабрыні. Да ўсяго трэба дадаць, што толькі праз год сваёй працы жанчына ўжо заняла другое месца ў конкурсе “Лепшы па прафесіі” сярод сацыяльных работнікаў, а ў 2019 г. узнагароджана Ганаровай граматай Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу і ў сувязі са 100-годдзем з дня ўтварэння сацыяльнай службы. Партрэт Валянціны Корань занесены на Дошку гонару МТЦСАН.
Яе падапечныя, Вольга Маркаўна Рудзянок і Ніна Емяльянаўна Шаульская, у чыіх дамах разам з Валянцінай Іванаўнай мы пабывалі ў адзін са снежаньскіх дзён, шчыра дзякавалі свайму сацыяльнаму работніку за клопат і ўвагу да іх і ўвогуле за тое, што існуе такая служба, работнікі якой гатовы працягнуць руку дапамогі людзям сталага веку.
А Валянціна Іванаўна ў сваю чаргу ўдзячна ўсім сваім падапечным за вопыт і жыццёвую мудрасць, якой яны дзеляцца са сваёй клапатлівай памочніцай усе гэтыя гады.
Галіна ПРАКАПУК.
Фота Алега Крэмянеўскага.