Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі прайшоў на базе СШ № 2

На базе СШ №2 прайшло прафарыентацыйнае мерапрыемства “Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі” для вучняў 9 і 11 класаў устаноў адукацыі  горада.

– Асноўная мэта, якую мы ставілі,  – гаворыць загадчык сектара аховы дзяцінства аддзела па адукацыі райвыканкама вядучая мерапрыемства Людміла Кучарук, – гэта вырашэнне пытання дэфіцыту кадраў, пашырэнне і павышэнне эфектыўнасці мэтавай падрыхтоўкі, узмацненне прафарыентацыйнай работы, павышэнне матывацыі старшакласнікаў да ўсвядомленага і асэнсаванага выбару прафесіі.

Для 11-класнікаў ус­тупная кампанія пакуль пастаўлена на паў­зу. Цяпер найбольш важным для іх з’яўляецца падрыхтоўка да цэнтралізаваных эк­заменаў і здачы цэнтралізаванага тэсціравання. А ўжо потым наступіць гарачая пара паступлення. У такі час абітурыенты шукаюць любую магчымасць “падстрахавацца”, абы толькі трапіць у патрэбную навучальную ўстанову, каб набыць спецыяльнасць. Выратавальным кругам для многіх можа стаць мэтавае накіраванне. Для абітурыентаў гэта – своеасаблівая падушка бяспекі. Мэтавае накіраванне гарантуе першае месца працы ў раёне, таму не давя­дзецца хвалявацца за размеркаванне. Да таго ж,  некаторыя арганізацыі выплачваюць сваім “мэ­тавікам” надбаўку да стыпендыі. Абавязковы тэрмін адпрацоўкі для такіх маладых спе­цыялістаў складае 5 гадоў (з вышэйшай адукацыяй), 3 (з сярэдне-спецыяльнай) ці 2 гады (з прафесійна-тэхнічнай). У гэты тэрмін уключаецца час праходжання службы ва Узброеных Сілах і іншых воінскіх фарміраваннях,  а таксама дэкрэтны адпачынак. Але атрымаўшы на рукі накіраванне,  расслаб­ляцца таксама не варта. Сярод “мэтавікоў” таксама ёсць конкурс, і дамова – не стопрацэнтная гарантыя. Да прыкладу,  на нейкую спецыяльнасць выдзелена 10 месцаў, а жадаючых 13. У такім выпадку выберуць тых, у каго больш высокія балы,  астатнія ж  вымушаны будуць удзельнічаць у агульным конкурсе.

На “Кірмашы мэта­вай падрыхтоўкі” вы­сту­пілі прадстаўнікі ар­ганізацый-заказчыкаў кадраў, якія зацікаўлены ў заключэнні дамоў аб падрыхтоўцы спе­цыялістаў на мэтавай аснове. З цікавасцю слухаліся выступленні вядучага спецыяліста па арганізацыі вучэбнага працэсу эканамічнага факультэта Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта Вольгі Макарчук, старшага выкладчыка кафедры электрабудавання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта  Аляксандра Сілюцкага, кандыдата фізіка-матэматычных навук, дацэнта, загадчыка кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Дзмітрыя Грыцука, выкладчыка  кафедры вышэйшай матэматыкі і фізікі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (г.Горкі) Мікалая Дубіны. Яны расказалі пра свае ўстановы адукацыі, ма­тэрыяльна-тэхнічную базу, конкурсы мінулых гадоў для абітурыентаў… Падчас выступленняў прадстаўнікоў ВНУ былі прадэманстраваны  ві­дэапрэзентацыі.

Шмат карыснай і неабходнай інфармацыі старшакласнікі атрымалі ад старшага інспектара па кадрах аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Іны Чуль, старшага інспектара па кадрах Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы Таццяны Цёмкінай,  начальніка аддзела па працы і занятасці  насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Маларыцкага райвыканкама Таццяны Хатынюк, галоўнага спецыяліста  ўпраўлення  па сельскай гаспадарцы і харчаванні Маларыцкага райвыканкама  Аляксандра Шырокава.

Напрыканцы сустрэчы старшакласнікі атрымалі адказы на ўсе пытанні, якія іх цікавілі,  а таксама – агітацыйныя-рэкламныя  матэрыялы  пра ўстановы адукацыі.

Кожнаму чалавеку да­водзіцца выбіраць прафесію. Фінансавы стан сям’і, наяўнасць ці адсутнасць пэўнай установы адукацыі па месцы жыхарства, прыклад бацькоў – гэтыя і многія іншыя прычыны ўплываюць на прафесійны выбар. Зрабіць яго – складаны і адказны крок у жыцці, бо ад правільнасці выбару залежыць далейшы лёс. На жаль, часта выбар ажыццяўляецца без належнага абдумвання, на аснове інтуіцыі,  жаданняў і захапленняў, пад уплывам знаёмых, сяброў ці бацькоў. А вось такія мерапрыемствы,  як “Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі”, прымушаюць задумацца, сур’ёзна, грунтоўна і асэнсавана аднесціся да выбару свайго самастойнага прафесійнага шляху.

 Мікалай НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий