22 снежня – Дзень энергетыка

У апошні час чалавек стварыў для сябе вельмі камфортную зону пражывання, дзякуючы шматлікім электрычным прыборам і абсталяванню. У адной толькі хатняй гаспадыні столькі электрычных памочнікаў, што цяжка пералічыць. Для таго, каб усё гэта, як кажуць, круцілася-вярцелася, неабходна бесперапынная падача электраэнергіі. У гэтым і заключаецца асноўная задача энергетыкаў. Напярэдадні іх прафесійнага свята, мы пабывалі ў Маларыцкім раёне электрасетак РУП “Брэстэнерга” і пагутарылі з прадстаўнікамі адной з самых мужчынскіх, на мой погляд, прафесій.

– На балансе Маларыцкага раёна электрасетак налічваецца 8 высакавольтных падстанцый: тры з іх магутнасцю 110 кВ, пяць – 35 кВ, а таксама 425 трансфарматарных падстанцый,  – расказваў начальнік раёна электрасетак Уладзімір Куц. – Акрамя гэтага,  мы абслугоўваем 600 кіламетраў паветраных ліній электраперадач напружаннем 10 кВ і 460 кіламетраў ліній напружаннем 0,4 кВ.

Гаспадарка,  як бачым,  вялікая, таму работы энергетыкам заў­сёды хапае.

Уладзімір Васільевіч паведаміў нам таксама,  што акрамя пастаяннага абслугоўвання вядзецца і мадэрнізацыя электрычных сетак, напрыклад, уведзена ў эксплуатацыю шмат ліній напружаннем 10 кВ з пакрытымі ізаляцыяй правадамі. Іх перавагі ў тым, што на такіх правадах няма наліпання снегу, птушкі не могуць іх пашкодзіць і самі не траўміруюцца пры дакрананні да лініі.

– Увогуле ў РЭС узяты курс на аўтаматызацыю, – уступіў у размову начальнік дыспетчарскай службы Маларыцкага РЭС Арцём Ведзіянцаў. – Напрыклад, устанаўліваецца абсталяванне, з дапамогай якога можна адключыць лінію з дыспетчарскага пункта кіравання,  без выезду на месца.

– Яшчэ ў нас з’явілася брыгада, якая будзе працаваць на лініі 0,4 кВ без адключэння сілкавання, – дадаў Уладзімір Васільевіч. – Гэтая брыгада зможа, напрыклад, падключаць да электрычных сетак жылыя дамы. Але для таго, каб працаваць пад напружаннем,  неабходны адпаведныя ўмовы надвор’я. У снегапад ці дождж, наогул у перыяд павышанай вільготнасці такія работы пра­водзіць нельга. Акрамя гэ­тага, мы аказваем паслугі на­сельніцтву: мяняем кабелі ад ізалятараў на франтоне дома да электралічыльнікаў і ўводныя аўтаматы.

Шмат клопатаў ствараюць энергетыкам моцныя снегапады. Вось і 10-11 снежня пад цяжарам снегу некалькі дрэў упала, абарваўшы правады на лініі 10 кВ ля вёскі Хаціслаў, былі пашкоджанні таксама на лініі электраперадач у раёне в. Зарычка, Вотчын (Хаціслаўскі).

– Брыгады працавалі на ліквідацыі наступстваў стыхіі ў нядзелю, 11 снежня, з 11 гадзін раніцы да 11 гадзін вечара,  і практычна ўсе сур’ёзныя пашкоджанні за гэты час бы­лі ліквідаваны, – адзначаў Ула­дзімір Куц. – А людзі заставаліся без святла ў дамах усяго га­дзіну-другую, пакуль ажыццяўлялася пера­падключэнне да іншых ліній.

Увогуле,  работа ў энергетыкаў нялёгкая, бо неабходна працаваць на вышыні, у розных, часам даволі складаных,  умовах надвор’я. Тым не менш калектыў у Маларыцкім РЭС дружны, зладжаны. Нехта са знаёмых заўважыў неяк, што якую брыгаду ў Маларыцкім РЭС ні вазьмі, усе энергетыкі там нібы браты паміж сабой: разумеюць адзін аднаго з паўслова і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу таварышу. А  без узаемавыручкі ў іх рабоце ніяк не абысціся. Энергетыкі не працуюць па адным, заўсёды трэба падстрахоўваць калегу. Электрычны ток памылак не даруе. Таму ў электрыкаў існуе тры залатыя правілы: адключыў, праверыў,  зазямліў. І калі адно з іх не выканаеш,  можа здарыцца бяда.

Як адзначаў Уладзімір Куц, у калектыве РЭС шмат маладых працаўнікоў. Сярэдні ўзрост – 35-40 гадоў.

– Калектыў наш стабільны, – працягваў Уладзімір Васільевіч. – Энергетыкі маюць дастойную зарплату і добры сацпакет, страхоўкі. Прафсаюз таксама дапамагае ў арганізацыі адпачынку, набыцці білетаў на канцэрты і прадстаўленні,  а таксама абанементаў на наведванне басейна ў “Жамчужыне”. Бываем мы таксама і на базе адпачынку “Электрон” РУП “Брэстэнерга”. Сумесны адпачынак яшчэ больш збліжае працаўнікоў арганізацыі і спрыяе добраму мікраклімату ў калектыве.

 

Дарэчы,  шмат хто з інжынер­на-тэхнічных работнікаў,  як, напрык­лад, галоўны інжынер Аляксандр Сцяпанавіч Бабер, намеснік галоўнага інжынера Алег Дзя­дзюк ды і сам Уладзімір Куц, пачыналі сваю працу электраманцёрамі ў брыгадзе. І гэ­та,  лічу,  правільна,  бо чалавек, які прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы,  ведае ўсе нюансы работы энергетыкаў і зможа прафесійна і рэзультатыўна кіраваць калектывам і пры гэтым клапаціцца пра кожнага яго члена.

Пасля заканчэння Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта і трохгадовай адпрацоўкі у СВК “Гвозніца” з 2018 года шчыруе ў брыгадзе Уладзіміра Пракапука электраманцёрам па эксплуатацыі размеркавальных сетак Эдуард Аўдзяюк. Кіраўніцтва задаволена яго работай. “Працавіты,  адукаваны і адказны работнік, – так характарызаваў яго Уладзімір Куц, – не баіцца ніякай работы”. А Арцём Ведзіянцаў заўважыў,  што Эдуард Аўдзяюк – адзін з тых,  хто ў хуткім часе, як спадзяюцца ў арганізацыі, прыйдзе на змену ветэранам інжынернай службы РЭС. Эдуард Мікалаевіч з жонкай і сынам жыве ў інтэрнаце. Ён расказваў нам,  што ўмовамі працы і сваім калектывам задаволены і не мае намеру шукаць іншае месца работы.

Напярэдадні прафесійнага свята хочам пажадаць усім энергетыкам Маларыцкага РЭС менш няштатных сітуацый у рабоце, стабільнага напружання ў электрасетках,  здароўя і шчасця.

Галіна ПРАКАПУК.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

 

Поделиться:
  •  
  • 5
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий