Рэспубліканская спартакіяда па гандболе

Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна стала месцам правядзення спартакіяды дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Рэспублікі Беларусь па гандболе сярод юнакоў 2008-2009 гадоў нараджэння.

Спаборніцтва пра­ходзіла 19-23 снежня. За права называцца мацнейшай і Кубак спартакіяды змагалася 12 каманд: рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерву на гандболе (г.Мінск, дзве каманды), дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы імя Спартака Мірановіча (“СКА-Мінск”, дзве каманды), Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па гульнёвых відах спорту  імя Анатолія Мяшкова “Вікторыя”, Гомельскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па гульнёвых відах спорту, спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву гандбольнага клуба “Гараднічанка” (г.Гродна), Рагачоўскай спецыялізаванай дзіця­ча-юнацкай школы алім­пійскага рэзерву №2 імя Мікалая Гарбачова, спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву г.Слуцка, Віцебскага абласнога клуба па гульнёвых відах спорту, дзіцяча-юнацкай спар­тыўнай школы  гандбольнага клуба “Машэка” (г.Магілёў) і спе­цыялізаванай дзі­цяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна.

Падчас урачыстага адкрыцця спартакіяды да лепшых юных ганд­балістаў краіны звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук. Ён падкрэсліў, што нельга спыняцца перад цяжкасцямі, якія сустракаюцца на шляху спартсменаў,  пажадаў усім камандам удалых стартаў, паспяховага фінішу і спартыўных перамог. Свой танцавальны нумар удзельнікам  спаборніцтва падарыла каманда па чырлідзінгу “Лазурыт” СШ №1.

Балельшчыкі з нецяр­плівасцю чакалі яркіх выступленняў юніёраў. Напружаная барацьба на пляцоўцы пачалася з першай гульні. Аднак на п’едэстал пашаны ўзняліся самыя падрыхтаваныя каманды, якія паказалі высокае майстэрства і зладжаную гульню.

Галоўны прыз турніру аспрэчвалі каманды “СКА-Мінск-1” і ГК “Гараднічанка”. У напружанай барацьбе юныя гандбалісты з Мінска перамаглі саперніка і сталі пераможцамі. Трэцяе месца дасталося гандбалістам цэнтра алімпійскага рэзерву па гульнёвых відах спорту  імя Анатолія Мяшкова “Вікторыя”.

Каманды-пераможцы і прызёраў, а таксама лепшых ігракоў у сямі намінацыях узнагароджвалі  заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі, галоўны суддзя спартакіяды Рыгор Хіліцкі і галоўны спецыяліст Маларыцкага райвыканкама Ганна Карацінская, якая курыруе пытанні спорту.

Дарэчы, па папярэдніх гульнях у групе “Б” ма­ларыцкія гандбалісты занялі чацвёртае месца,  у фінальных – выніковае дзясятае.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий