Чалавек на сваім месцы

Цяпер у штаце Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва налічваецца 89 супрацоўнікаў. Тут працуюць 21 сядзелка, чатыры няні,  а таксама 48 сацыяльных работнікаў аддзялення сацыяльнай дапамогі дома. У іх ліку і Сняжана Рэзановіч, якая ўжо 14 гадоў аддала гэтай прафесіі.

Чалавек на сваім месцы – так гавораць пра Сняжану Рэзановіч калегі і падапечныя. Міласэрная, адказная, ветлівая, спа­гадлівая, шчырая, уваж­лівая да чужых праблем, чалавек з добрай душой і чулым сэрцам, які ўмее праяўляць клопат, спачуваць,  суперажываць, – гэта ўсё пра яе. Цяпер на абслугоўванні ў сацыяльнага работніка знаходзіцца адзін мужчына і шэсць жанчын ва ўзросце ад 79 да 87 гадоў, якія пражываюць у вёсках Пажэжын,  Масевічы,  Струга і на станцыі «Закруцін».

– Сняжана Васільеўна стала па-сапраўднаму блізкім і незаменным чалавекам для тых,  хто па волі лёсу трапіў у цяжкія жыццёвыя сітуацыі,  – гаворыць загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Наталля Сай. – На прафпрыгоднасць яе не раз пратэсціравала само жыц­цё і практычная дзейнасць. Сняжана Рэзановіч – майстар сваёй справы,  ад­даная сваёй прафесіі.

Графік наведвання сацыяльным работнікам сваіх бабуль і дзядуль для кожнага свой. У адных Сняжана Рэзановіч бывае кожны дзень,  у іншых – два ці тры разы на тыдзень.

– На аднаго чалаве­ка, які пражывае ў сельс­кай мясцовасці без камунальных выгод,  заканадаўст­вам зацверджана норма – 2 гадзіны 40 хвілін,  – гаворыць Сняжана Васільеўна, якая ніколі не лічыцца з уласным часам.  – За гэты час трэба паспець многае зрабіць: прынесці вады, дроў, рас­паліць печку,  прыбраць у доме,  пры неабходнасці дапамагчы з асабістай гігіенай,  прыгатаваць ежу. А яшчэ падмесці, а зімой – расчысціць двор. Ёсць і дадатковыя паслугі…

Для сваіх падапечных сацыяльны работнік часта становіцца адзіным ратавальнікам ад адзі­ноты. Таму часта Сняжана Рэзановіч са сваімі бабулямі проста гаворыць пра жыццё, расказвае ім мясцовыя навіны, распытвае пра стан зда­роўя,  хатнія справы,  неш­та раіць,  падказвае і нават жартуе.

– У кожнай з маіх бабуль за плячыма нялёгкае пражытае жыццё, свой характар, погляды на навакольны свет, свае патрабаванні, – гаворыць Сняжана Васільеўна. – Таму часта, сапраўды, даводзіцца быць не проста памочніцай па доме, але ўважлівым і тонкім псіхолагам, аказваючы свайго роду маральную і псіхалагічную падтрымку, і нават медыкам. Старыя людзі, як дзеці (усміхаецца), таму да кожнага патрэбен індывідуальны падыход. Адным з галоўных крытэрыяў поспеху ў ра­боце сацыяльнага работ­ніка – уменне пасябраваць са сваім падапечным, звыкнуцца з яго характарам, зрабіць так, каб было камфортна і ўтульна знаходзіцца побач.

Сняжана Рэзановіч на асабістым вопыце пераканалася, што ў рабоце сацыяльнага работніка зусім не павінна быць фармалізму,  а тым больш  – абыякавасці, грубасці.

– Мы працуем з людзь­мі, кожны чалавек – асоба, – пераканана мая субяседніца. – Ніякіх памылак чалавека і раў­надушша. Сапраўдны сацыяльны работнік – пры­званне,  у аснове якога ляжыць бязмерная любоў да любога чалавека,  жаданне працягнуць яму руку дапамогі ў розных сітуацыях.

Матэрыялы старонкі падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 7
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий