Сустрэча кіраўніцтва раёна з таленавітай моладдзю

 

Традыцыйна на пачатку года праходзіць сустрэча кіраўніцтва раёна з таленавітай моладдзю Маларытчыны. Сёлета яна ладзілася ў ГДК. На мерапрыемства было запрошана сто пераможцаў і прызёраў прадметных алімпіяд і вучнёўскіх навукова-даследчых канферэнцый, дыпламантаў і лаўрэатаў абласных, рэспубліканскіх музычных і творчых конкурсаў і фестываляў, чэмпіёнаў і прызёраў абласных, рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў, а таксама актывісты БРСМ, педагогі ўстаноў адукацыі, валанцёры.

Перад пачаткам мерапрыемства яго арганізатары запрасілі ўсіх прысутных на выставу метадычных матэрыялаў вучняў СШ №2, прымеркаваную да Года гістарычнай памяці, навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі,  а таксама на выставу “Зімовая палітра” вучняў выяўленчага аддзялення Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Тут жа праводзіла майстар-клас “Падарунак за хвіліну” педагог дадатковай адукацы Алена Паўловіч. Аднак найбольшую цікавасць выклікаў 3D-прынтар, работу якога прадэманстравалі  навучэнцы, што наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “ІТ-канструктар” (педагог Аляксандр Чурбанаў). Яны спраекціравалі і раздрукавалі некалькі сімвалаў 2023 года –  рознакаляровых трусаў.

Сустрэча кіраўніцтва раёна з таленавітай моладдзю была напоўнена шчырым хваляваннем і радаснымі эмоцыямі ўсіх удзельнікаў. Пачалася яна з выступлення народнага аркестра народных інструментаў Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Музыка, якая гучала,  стварыла пазітыўны настрой,  атмасферу свята.

Са словамі вітання да прысутных у зале звярнулася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка, а таксама старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Станіслаў Ляшчук, першы сакратар Маларыцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ” Марыя Горнік,  благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі протаіерэй Віктар Паляціла. Яны гаварылі аб тым, што тыя вучні,  якія  знаходзяцца ў зале,  сваімі справамі ствараюць аўтарытэт раёна,  праслаўляюць яго.

Выступоўцы акцэнтавалі ўвагу на тым, што моладзь – гэта будучыня краіны, важная і неад’емная частка грамадства і дзяржавы. “За маладымі – будучыня”, – так гаворыць старэйшае пакаленне. І сапраўды, дзякуючы ініцыятыўнасці і мэтанакіраванасці маладых людзей, наша краіна дасягае высокага ўзроўню развіцця ў розных напрамках і сферах жыццядзейнасці. Менавіта таму ў Беларусі вялікая ўвага надаецца маладзёжнай палітыцы, якая накіравана на пастаянную падтрымку маладых грамадзян краіны і дзякуючы якой яны маюць магчымасць самарэалізоўвацца.

Падчас мерапрыемства не раз прагучала думка,  што моладзь робіць прыкметны  ўклад у развіццё нашай краіны,  аказвае дапамогу ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў эканамічнай, сацыяльнай і духоўнай сферах грамадства, дае ёй магчымасць выйсці на новы ўзровень сярод іншых краін свету. Гэта значыць, што цяперашняй моладзі не ўсё роўна, якая будзе будучыня ў яе і Беларусі.

Удзельнік  міжнароднага патрыятычнага адукацыйнага праекта “Цягнік Памяці-2022” вучань 11 “А” класа раённай гімназіі Яўген Бурда ад імя моладзі раёна запэўніў, што юнакі і дзяўчаты будуць не толькі беражліва шанаваць гісторыю, ганарыцца вялікім подзвігам народа,  але і стануць  прадаўжальнікамі лепшых традыцый нашага народа, будуць працаваць на карысць роднай  Беларусі,  прыкладаць усе намаганні для далейшага яе росквіту і паступальнага руху наперад.

Затым  Жанна Стаціўка, Алег Якубчык, Станіслаў Ляшчук, Марыя Горнік,  Лідзія Пішчык (намеснік начальніка аддзела па адукацыі), Ірына Пятрухіна (дырэктар Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў), Генадзь Германюк (дырэктар спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна) уручылі дыпломы і падарункі пераможцам і прызёрам прадметных алімпіяд і вучнёўскіх навукова-даследчых канферэнцый,  дыпламантам і лаўрэатам творчых конкурсаў і фестываляў, чэмпіёнам і прызёрам спартыўных спаборніцтваў.

Святочна-прыўзняты настрой на працягу мерапрыемства стваралі яго вядучыя – вучань 11 “Б” класа СШ №2 Давід Сацюк і метадыст Клаўдзія Буян,  а таксама юныя артысты ГДК,  дзіцячай школы мастацтваў, раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Мікалай   НАВУМЧЫК.

 

Поделиться:
  •  
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий