Дзяўчаты з каманды «Лазурыт» СШ №1 на фінале рэспуб­ліканскага конкурсу па чырлідынгу

 

У мінскім Палацы спорту прайшоў фінал рэспуб­ліканскага конкурсу па чырлідынгу сярод школьных каманд, які праводзіў Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту вучняў і студэнтаў. Брэсцкую вобласць на спаборніцтве прадстаўлялі дзяўчаты з каманды «Лазурыт» СШ №1 райцэнтра. Маларытчанкі ў дысцыпліне «Чырлідынг шоу-каманда» ў малодшай узроставай групе ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені.

– Каманда «Лазурыт» – гэта 24 вучаніцы 1–5 класаў нашай установы адукацыі,  – расказвае кіраўнік творчага аб’яднання па чырлідынгу Аляксандра Ва­шчынчук. – На спаборніцтвы мы трапілі дзякуючы фінансавай падтрымцы бацькоў дзяцей. Хочацца сказаць ім вялікі дзякуй і за маральную падтрымку. У нас было мала часу на падрыхтоўку, але дзяўчаты здолелі зрабіць многае, каб увайсці ў тройку лепшых у рэспубліцы.

Дзяўчынкі ў чарговы раз змаглі здзівіць журы і гледачоў яркім і грацыёзным выступленнем, прафесіяналізмам і неверагоднай сінхроннасцю рухаў. Дарэчы,  гэта не першая перамога маларыцкай каманды на рэспубліканскім узроўні. Дыпломы за ўдзел у конкурсах па чырлідынгу  былі заваяваны ўжо тры разы: у 2019 годзе – ІІІ ступені,  у 2022-м – два дыпломы І ступені.

– Нашы трэніроўкі праходзілі некалькі разоў на тыдзень, –

гаворыць Аляксандра Ва­лер’еўна. – Вялікая ўвага надавалася не толькі акрабатычнай падрыхтоўцы, але і харэаграфічнай, бо чырлідынг – адзін з самых відовішчных відаў спорту, які гарманічна спалучае ў сабе элементы акрабатыкі,  гімнастыкі,  сучаснай харэаграфіі і шоу.

Дарэчы,  творчае аб’­яд­нанне «Чырлідынг» у сярэдняй школе №1 Аляксандра Вашчынчук арганізавала ў 2013 годзе. А ўжо ў 2017  годзе школьная каманда «Алмаз» заняла чацвёртае месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах па чыр­лідынгу. Усе касцюмы для выступлення дзяўчат Аляксандра Валер’еўна распрацоўвае і шые сама, чаруе над імі ў вольны час. Бывае, што дапамагаюць і бацькі дзяцей.

«Лазурыт» працягвае трэні­роўкі. Каманда цяпер рыхтуецца да ўдзелу ў новых конкурсах, дзе, безумоўна, будуць чарговыя перамогі!

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий