Таленты Ніны Мікітчук – загадчыцы Олтушскага Дома рамёстваў

У нашым раёне ёсць н­е­калькі населеных пунк­таў,  якія цяпер можна наз­ваць цэнтрамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці.  Адзін з іх – аграгарадок Олтуш.

– Дом рамёстваў у Олтушы можа стаць унікальным цэнтрам культуры, своеасаблівай творчай лабараторыяй, дзе не толькі адраджаюцца страчаныя тэхналогіі, рэканструюцца старадаўнія вырабы, але ствараюцца і заяўляюць правы на аўтарства новыя айчынныя віды і жанры прыкладной мастацкай творчасці, з’яўляюцца новыя прыёмы майстэрства, раскрываючы інды­відуальнасць кожнага майстра-мастака, нашага сучасніка, – гаворыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама Галіна Стасюк. – Працягвае і развівае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў аграгарадку Олтуш загадчыца мясцовага Дома рамёстваў Ніна Мікітчук. Яна таленавіты чалавек. Вышыўка, вязанне, бісерапляценне, лепка з гліны, маляванне – гэта толькі невялікая частка з тых захапленняў, у якіх яна – сапраўдны майстар. Да таго ж  жанчына спрабуе свае сілы ў  дызайне адзення і інтэр’еры дома. Прыгожыя і арыгінальныя рэчы, якія выклікаюць захапленне і зачараванне, з’яўляюцца сапраўднымі ўзорамі майстэрства.

Вакол сябе Ніна Пятроўна змагла сабраць такіх жа аднадумцаў, як і сама, апантаных прагай да творчасці. Жанчына таксама прапагандуе і папулярызуе дэкаратыўна-прыкладное мастацтва сярод моладзі, далучае яе да захапляльнага і таямнічага свету творчасці.

– Наш Дом рамёстваў ставіць перад сабой мэту падарыць дзецям розных узростаў радасць творчасці, далучыць іх да магчымасцей сучаснага мастацтва, паказаць прыёмы лепкі і працы з пэндзлем, пазнаёміць з вобразнай стылізацыяй рас­ліннага і геаметрычнага арнаменту, аднавіць і зберагчы лепшыя традыцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Адбываецца гэта на занятках шасці аматарскіх аб’яднанняў, якія дзейнічаюць у Доме рамёстваў. Выбар, можа, і не такі вялікі і разнастайны,  як хацелася б. Але ён дае магчымасць  правесці вольны час з карысцю для сябе, чамусьці навучыцца. Было б толькі  жаданне! – расказвае Ніна Мікітчук.

– Ніна Пятроўна,  а дзе можна ўбачыць вашы работы і работы вашых гурткоўцаў?

– Нашы работы экспануюцца падчас правядзення розных раённых мерапрыемстваў. У Інстаграме ёсць мая персанальная старонка. Там размяшчаю фотаздымкі многіх сваіх работ. У памяшканні выставачнай залы Дома  рамёстваў арганізоўваюцца персанальныя выставы майстроў нашага населенага пункта, тэматычныя выставы,  праводзяцца майстар-класы і сустрэчы па абмене вопытам. Работы майстроў народнай творчасці Наталлі Крэнь, Наталлі Каваленка,   Яўгеніі Мошчык і іншых часта ўпрыгожваюць калекцыю выставачнай залы. У перспектыве асаблівую ўвагу плануецца надаць развіццю такіх відаў прыкладной творчасці, як валянне, дэкупаж, тэхніка ватнага пап’е-машэ,  лепка з гліны.

Нейкаму аднаму занят­ку, як расказвае Ніна Мікітчук,  перавагу яна не аддае. Ёй падабаецца знахо­дзіцца ў пастаянным творчым пошуку.

Творчая жылка ў мяне  прачнулася ў дзяцінстве. Колькі сябе памятаю, столькі і спрабавала нешта “стварыць”. Шыць,  вязаць, вышываць вучылася ў бабулі. Выдатнай настаўніцай стала і маці Ганна Якаўлеўна. Не раз свае пальцы калола іголкамі, але, сціскаючы губы, справу не кідала, упарта яе працягвала. “На паўдарозе нельга спыняцца ніколі,  пачатую справу неабходна заўсёды давесці да канца”, – часта мне паўтарала бабуля. Гэтыя словы засталіся ў памяці. Я люблю ствараць “з нуля”,  даводзячы пачатае да лагічнага завяршэння. Не важна,  колькі на гэта будзе затрачана часу. Для мяне галоўнае – вынік,  тое,  што запланавала,  у рэшце рэшт убачыць свет. Бывае,  што адразу і не атрымліваецца, тады шукаю выйсце,  эксперыментую,   раюся. Такімі ж  упартымі ў дасягненні пастаўленай мэты былі родная сястра мамы Надзея і  мой дзядуля Якаў. Я ў іх пайшла!

У нашай радні спрадвеку цанілі і паважалі  любую пра­цу. Мае дзяды і прадзеды  знаходзілі ў ёй асалоду і атрым­лівалі задавальненне. Не цураюся сялянскай справы і я. Многае ўмею і магу зрабіць сама.

Ніна Мікітчук нарадзілася і вырасла ў маляўнічай вёсцы Буцынь Стара­выжыўскага раёна Валынскай вобласці Украіны. Яе бацька ўсё жыццё працаваў шафёрам у мясцовым калгасе, а маці шчыравала настаўніцай пачатковых класаў.

– У нас дома была багатая бібліятэка, – успамінае Ні­на Пятроўна. – Спачатку я раз­глядала кнігі з малюнкамі. А калі ж навучылася чытаць, асаб­лівую цікавасць у мяне стала выклікаць літаратура і часопісы па рука­дзеллю. Іх купляла мама, паколькі  сама ў вольны час гэтым захаплялася. Мне многаму хацелася навучыцца. І я паступова вучылася, а чаго не магла зразумець, за дапамогай ішла да маці. Яна адкладвала сшыткі ўбок і паказвала, як неабходна зрабіць тое ці іншае.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Ніна Мікітчук падала дакументы ў Луцкі кааператыўны тэхнікум, каб набыць спецыяльнасць бухгалтара. Бацька і маці такому выбару дачкі не пярэчылі. “З такой прафесіяй не прападзеш. Бухгалтары заўсёды будуць запатрабаваны”, – казалі яны. Атрымаўшы дыплом, дзяўчыне не давялося папрацаваць па спецыяльнасці. Яна выйшла замуж і пераехала жыць у Шацк.

– Быў нялёгкі час, – успамінае Ніна Пятроўна. – Пэўная няў­ладкаванасць жыцця,  адсут­насць пастаяннай працы і год­ных заробкаў прымусілі за­думацца аб змене месца жыхарства. Знаёмыя мужа не раз раілі пераехаць у Маларыцкі раён. Аб гэтым жа гаварыла і мая старэйшая сястра Вольга, якая на той час ужо скончыла Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і працавала на адным з прадпрыемстваў Брэста. Цяжка было зрывацца з наседжанага месца, але такое рашэнне ўсё ж такі было прынята. У Олтушы нам адразу выдзелілі  жыллё. Пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку некаторы час працавала ў мясцовым дзіцячым садзе, сакратаром у школе.

Тагачасны дырэктар Олтушскай сярэдняй школы Наталля Зезюкова, даведаўшыся пра здольнасці Ніны Пятроўны, прапанавала весці гурткі “Чароўная гліна” і “Крэатыўнае рукадзелле”. З тканіны, картону, паперы яна вучыла дзяцей рабіць незвычайныя па сваёй прыгажосці рэчы. З газет, быццам з лазы, плесці кошыкі, са звычайных клубкоў нітак робіць вазы. Акрамя таго, Ніна Мікітчук у школе стала яшчэ выкладаць і абслуговую працу ў дзяўчат. 

У Доме рамёстваў у аграгарадку Олтуш з’явілася вакансія загадчыка. Гэтую пасаду прапанавалі Ніне Пятроўне. Са студзеня 2016 года яна стала працаваць загадчыкам.

– На новым месцы працы ў мяне з’явілася больш магчымасцей рэалізаваць сябе, зай­мацца тым, ад чаго атрымліваю задавальненне,  што ўмею рабіць і люблю, – усміхаецца Ніна Мікітчук. –  Новая пасада мяне як бы акрыліла, надала штуршок для далейшай творчасці. Я цалкам аддавалася рабоце. Хацелася многаму навучыцца, многае паспрабаваць зрабіць. Імкнулася дапамагчы мясцовым майстрыхам рэалізаваць  творчыя задумкі і праекты.

Ніна Мікітчук здолела многае рэалізаваць з задуманага. Аднак на дасягнутым яна не збіраецца спыняецца.

– Цяпер выношваю мару стварыць і ўсталяваць дома ўласную творчую майстэрню, – кажа мая субяседніца. – Я не раз задавала сабе пытанне, чаму так мала людзей сярод нас займаецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Гэта справа робіць чалавека жыццярадасным і шчаслівым. Для дзяцей ва ўстановах адукацыі і культуры ёсць розныя секцыі, аб’яднанні па інтарэсах. А куды пайсці вучыцца даросламу чалавеку, які ўжо выбраў свой шлях, стварыў сям’ю, але хоча толькі ўнесці ў паўсядзённае жыццё светлыя адценні радасці  і атрымаць задавальненне ад творчасці? Такіх людзей мне і хочацца запрасіць у  майстэрню да сябе на майстар-класы.

– Ніна Пятроўна, як да гэтага адносіцца ваш муж?

– Муж  Мікалай Леанідавіч падтрымлівае маю ідэю. Ён, калі вяртаецца з паездкі, амаль заўсёды прывозіць мне нейкі матэрыял для творчасці. Падтрымліваюць мяне дачушкі Анастасія і Ірына. Дарэчы, ма­лодшая Ірына скончыла выяў­ленчае аддзяленне Ма­ларыцкай дзіцячай школы мас­тацтваў. Цяпер яна студэнтка трэцяга курса будаўнічага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, дзе на­бывае спецыяльнасць  архітэк­тара-дызайнера.

– А вы ж  яшчэ і малюеце?

– Так,  гэтае захапленне ў мяне таксама з дзяцінства. Цяпер жа перавагу аддаю нацюрмортам і маляванню птушак.

Якой бы справаю ні займалася Ніна Мікітчук, усё ў яе атрымліваецца прыгожым,  пры­носіць воку задавальненне і сэрцу асалоду. Аднак неабходна памятаць, што прыгажосць не ствараецца з наскоку. Спачатку яна ўзнікае ў душы, а пасля паступова нараджаецца ў руках. Для гэтага патрэбны ўседлівасць, настойлівасць, карпатлівая  і напружая праца.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий