Юбілейная дата Маларыцкай раённай гімназіі
11 студзеня 1993 года ўрачыста адчыніў дзверы новы будынак, дзе цяпер знаходзіцца Маларыцкая раённая гімназія.
Будынак раённай гімназіі мае 33 вучэбныя кабінеты, дзве спартыўныя залы, вялікую сталовую, бібліятэку, а таксама трэнажорную і актавую залы. Цяпер ва ўстанове адукацыі навучаецца 836 вучняў у 1–11 класах і працуе 75 педагогаў, з іх тры – выдатнікі адукацыі, па два – аўтары і рэцэнзенты вучэбных дапаможнікаў, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за працу з адоранымі дзецьмі, распрацоўшчыкі вучэбных модуляў для адзінага рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурса для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, адзін – настаўнік-метадыст, адзін – пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2001”.
У юбілейную дату ёсць нагода пагартаць старонкі гісторыі. Так, 18 чэрвеня 1987 года райвыканкам прыняў рашэнне аб будаўніцтве новай трохпавярховай школы на вуліцы Паркавай, 10 у Маларыце на 1296 пасадачных месцаў. Акт выбару і абследавання зямельнага ўчастка быў падпісаны 24 чэрвеня 1987 года. Затым пачаліся падрыхтоўчыя работы і ўзгадненне неабходных дакументаў. Само будаўніцтва СШ №3 пачалося ў 1990 годзе. Генпадраднай арганізацыяй стала Маларыцкая ПМК-20 “Аблсельбуда”. Агульны каштарысны кошт новай установы адукацыі ў цэнах 1990 года склаў 2,2 мільёны рублёў.
Першым дырэктарам СШ №3 быў Іван Барысавіч Шышук. Установу адукацыі ён узначальваў да 2006 года. Затым тут год дырэктарстваваў Віталь Дзмітрыевіч Чорны, два гады – Наталля Віктараўна Пракапук (Іванова).
З 2004/2005 навучальнага года на трэцім паверсе быў адкрыты раённы ліцэй. У 2009 годзе ён і СШ №3 рэарганізаваны ў Маларыцкую раённую гімназію. Тры гады яе ўзначальваў Сяргей Уладзіміравіч Антонаў, затым у першым паўгоддзі 2012/2013 навучальнага года – Віталь Мікалаевіч Касцючык. З 15 красавіка 2013 года па жнівень 2017 года дырэктарам раённай гімназіі была Ала Аркадзьеўна Закрутная, з 15 жніўня 2017 года па 2 студзеня 2022 года – Алена Мікалаеўна Серада. З 3 студзеня 2022 года ўстанову адукацыі ўзначальвае Таццяна Васільеўна Касцючык.
Мікалай НАВУМЧЫК.