Юныя маларытчане з поспехам на “Белавежскай зорцы”
У Брэсце прайшоў V міжнародны шматжанравы фестываль “Белавежская зорка”. Арганізатарамі гэтага прэстыжнага спаборніцтва сталі філіял “Брэсцкі абласны Палац культуры” ўстановы “Рэспубліканскі Палац культуры прафсаюзаў” і таварыства з абмежаванай адказнасцю “Фестывалі бай”. Мэта фестывалю – прадаставіць пляцоўку для таленавітых жыхароў краіны ва ўзросце ад трох гадоў і старэйшых.
У міжнародным спаборніцтве бралі ўдзел юныя маларытчане, якія наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Вакальныя спевы” Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і студыю “Music boom” (педагог Вікторыя Лышчык). Па выніках “Белавежскай зоркі” ў скарбонцы творчых дасягненняў юных спевакоў – дванаццаць заслужаных узнагарод. Усе яны атрыманы ў намінацыі “Эстрадны вакал”.
Журы міжнароднага спаборніцтва адзначыла дыпломам лаўрэата І ступені Аляксандру Касянюк, якая прадставіла песню “Мы разам”. У той жа намінацыі на “Белавежскай зорцы” выдатна выступілі Кіра Алесіюк, Марыя Бурштын, Кацярына Клокава, Марыя Ляўчук і Кацярына Бурштын, Вера Мантурава, Аліса Навумчык, Варвара Струнец. Гэтыя юныя спевакі адзначаны дыпломамі лаўрэатаў ІІІ ступені. Поспех спадарожнічаў таксама Ільі Блоцкаму, Юліі Пятровай, Мікалаю Сакалюку. Яны сталі дыпламантамі І ступені.
Вікторыі Лышчык арганізатары міжнароднага фестывалю выказалі пісьмовую падзяку за асабісты ўклад у культурнае, маральнае і эстэтычнае выхаванне маладога пакалення.
Мікалай НАВУМЧЫК.