55 гадоў педагагічнай справы Марыі Федарук

Марыя Федарук – выхавальніца групы падоўжанага дня ў першай гарадской школе. У гэтай установе адукацыі яна працуе чацвёрты год. Але ўвогуле Марыя Пятроўна адна са старэйшых педагогаў Маларытчыны. 55 гадоў яна аддала педагагічнай справе.

Маці Марыі Федарук Аляксандра Мікалаеўна была паляводам, бацька Пётр Фёдаравіч – шаўцом. Яе дзяцінства прайшло на Міншчыне – у Мядзелі, сталіцы блакітных азёр. Марыя Пятроўна захаплялася мінулым роднага краю. Дзяўчынцы хацелася захаваць і перадаць іншым паданні роднай зямлі. А для гэтага яна марыла вывучыцца на настаўніцу.

Пасля заканчэння дзесяцігодкі Марыя Пятроўна вырашыла ажыццявіць сваю дзіцячую мару і сабралася паступаць на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна. За вышэйшай адукацыяй дзяўчына адправілася за сотні кіламетраў ад роднага дома.

– Мяне вабіў Брэст, яго гераічнае мінулае. Я вырашыла,  калі і вучыцца на настаўніка рускай мовы і літаратуры, дык толькі ў Брэсце. Бацькі майму выбару не пярэчылі.

Падчас вучобы Марыя Пятроўна вый­шла замуж   за аднакурсніка Міхаіла Васільевіча. На той час ён ужо актыўна супрацоўнічаў з перыядычным друкам – пісаў артыкулы ў абласную і рэспубліканскія газеты. У 1968 годзе пасля заканчэння інстытута Міхаіла Федарука на працу карэспандэнтам накіравалі ў Маларыцкую раённую газету “Сельскае жыццё”. За мужам паехала і маладая настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Федарук.

– Вакансій па маёй спецыяльнасці тады ў райцэнтры не было,  – успамінае Марыя Пятроўна. – Я ўладкавалася выхавальнікам у Маларыцкую школу-інтэрнат. Гэта былі гады майго станаўлення як педагога. Яны многае мне далі ў прафесійным плане. Час працы ў гэтай установе ўспамінаю з настальгіяй.

Кожны дзень у школе-інтэрнаце пачынаўся з ранішняй гімнастыкі, якая складалася з 6–8 практыкаванняў, прыняцця водных працэдур. Затым выхаванцы прыбіралі свае спальні, ішлі на сняданак. Вучэбныя заняткі пачыналіся ў дзевяць гадзін. У другой палове дня для вучняў праводзіліся спартыўныя заняткі, розныя гульні, прадугледжваліся заняткі ў гуртках, падрыхтоўка дамашняга задання, удзел у грамадска-карыснай працы. Пасля вячэры ў рэжыме дня была запланавана прагулка. Дарэчы,  у кожным з 1-га па 8-ы клас навучалася па 35 чалавек. Сумаваць выхавальнікам не было калі.

Праз чатыры гады Марыя Федарук перайшла на выкладанне рускай мовы і літаратуры. Да кожнага ўрока рыхтавалася надзвычай старанна і адказна. Маладой настаўніцы хацелася,  каб пра яе гаварылі толькі добрыя словы. Яна імкнулася стаць такой,  як лірычная гераіня верша Сяргея Грахоўскага “Народная настаўніца”. Не раз Марыя Пятроўна перачытвала словы з гэтага верша:

Усе заснуць, а ты святла не гасіш,

У шыбу стукае асенні матылёк,

Ты доўга думаеш, якім у першым класе

Твой будзе першы ў жыцці урок…

Не, Марыя Федарук не атрымала звання народнага настаўніка.

– У мяне,  напэўна,  ёсць нешта большае,  чым гэтае ганаровае званне, – гаворыць мая субяседніца. – Гэта павага і ўвага маіх былых вучняў. А колькі іх у мяне было! Не злічыць. Кожны раз, калі сустрэнуць на вуліцы мае дзяўчаты і хлопцы, усміхаюцца, вітаюцца, распытваюць пра жыццё-быццё… Не граматы і дыпломы з’яўляюцца самым важным у жыцці настаўніка. Хоць і ўвага дзяржавы да тваёй працы – гэта таксама заўсёды прыемна і ганарова.

Зрэшты, узнагарод за працоўнае жыццё ў Марыі Федарук было шмат. Яна – неаднаразовая ўладальніца знака “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”. Першы раз яго атрымала ў 1972 годзе. У скарбонцы дасягненняў таксама ёсць граматы і дыпломы рознага ўзроўню.

Працягваю размову з субяседніцай і цікаўлюся,  якім на яе погляд павінен быць настаўнік сёння?

– Педагог абавязаны пастаянна працаваць над сабой, павышаць свой прафесійны ўзровень, ісці ў нагу з часам, не стаяць на адным месцы. Я не саромеюся вучыцца ў сваіх вучняў. Успамінаю словы сваёй мамы, якая не раз мне гаварыла аб тым, што настаўнік не належыць сабе. Ён павінен шчыра любіць дзяцей, адносіцца да іх як да роўных. Трэба, каб вучні паверылі настаўніку, каб дзяліліся з ім сваімі поспехамі, праблемамі, радасцю, – разважае Марыя Пятроўна.

Настаўніца лічыць, што заўсёды і ў любой сітуацыі трэба імкнуцца быць справядлівай,  а яшчэ патрабавальнай, строгай і прынцыповай, калі гэтага патрабуе сітуацыя.

– Мае вучні заўсёды ведалі, калі на ўроку можна пажартаваць і пасмяяцца, а калі сядзець і маўчаць, – расказвае Марыя Федарук. – Своеасаблівым дэвізам педагагічнага жыцця ў мяне сталі словы Льва Талстога “Добры настаўнік любіць тое, што робіць. Настаўнік, які любіць сваіх вучняў бацькоўскай любоўю, лепш за таго, хто прачытаў мноства кніг, але так і не палюбіў ні сваё рамяство, ні сваіх падапечных. І толькі той, хто любіць сваіх вучняў і сваё рамяство, можа называцца дасканалым настаўнікам”. Я заўсёды імкнулася да гэтага. Іншая справа,  што,  напэўна,  не заўсёды гэта атрымлівалася.

– Гонар любога настаўніка – яго вучні. А ў вас ёсць тыя, кім найбольш ганарыцеся? – пытаюся ў Марыі Пятроўны.

– Безумоўна, і не адзін, – з захапленнем адказвае мая субяседніца. – За час сваёй педагагічнай працы мне пашчасціла быць класным кіраўніком у чатырох класах (з пятага па выпускны). Многіх са сваіх вучняў успамінаю з цеплынёй і замілаваннем. Гэта старшыня суда Маларыцкага раёна Вольга Смірнова, намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Кобрынскаму раёну – начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Маларыцкаму раёну Іна Манько, старшы выкладчык кафедры вышэйшай матэматыкі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Міхаіл Юхімук, выхавальнік Маларыцкай раённай гімназіі Наталля Мірчук і іншыя.

Марыя Пятроўна лічыць сябе выдатніцай па жыцці, аптымістам і рамантыкам адначасова. А яшчэ яна чалавек, які любіць падарожнічаць. Неадольная цяга да пазнання навакольнага свету кожнае лета падчас адпачынку штурхала яе да таго, каб куды-небудзь з’ездзіць.

– Пакавала чамаданы і кожны раз накіроўвалася ў цікавае і пазнавальнае шматдзённае падарожжа, – успамінае субяседніца. – Калі яшчэ выкладала рускую мову і літаратуру, то імкнулася пабываць на радзіме знакамітых пісьменнікаў. Незабыўныя ўражанні пакінулі мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Якуба Коласа, Янкі Купалы, Мікалая Гогаля, Тараса Шаўчэнкі, Уладзіміра Маякоўскага,  Мікалая Някрасава, Аляксанда Пуш­кіна, Фёдара Дастаеўскага, Антона Чэхава, Міхаіла Лермантава… Гэта ўзбагачала духоўна,  давала магчымасць судакрануцца з вытокамі творчасці знакамітых мастакоў слова. Пазней мне захацелася ўбачыць на свае вочы свет “замежны”. Таму летнія падарожжы пераарыентавала на краіны Еўропы. Германія, Польшча, Чэхаславакія,  Італія,  Галандыя, Іспанія,  Партугалія,  Францыя,  Аўстрыя – пералік можна доўжыць і доўжыць. Аднак найбольш запаў у сэрца горад Каны і яго славутасці.

Марыя Федарук – чалавек, які без справы сядзець не можа.

– Летам, – расказвае яна, – выручае дача. Сядаю на веласіпед і еду туды папрацаваць. Калі пахаладае, перасаджваюся на “Фальксваген”. Правы атрымала ва ўзросце сарака гадоў. Першым аўтамабілем быў “Масквіч”. З таго часу за рулём…

– А вось што рабіць зімою чалавеку на пенсіі? – працягвае разважаць мая субяседніца. – Сумаваць… Але ж  гэта не для мяне. На адным месцы хутка надакучвае сядзець. Чым жа заняцца? Дзеці і ўнукі даўно выраслі,  усе кнігі перачытаны, фільмы перагледжаны (усміхаецца). Першыя месяцы, калі выйшла на заслужаны адпачынак, вельмі сумавала па школе, трызніла ёю. З надзеяй штодня чакала, што запросяць хаця б на тыдзень на падмену ў школу. Калі такая прапанова паступіла,  то была,  як кажуць, на сёмым небе ад радасці. На працу ў школу заўсёды іду як на свята. Настаўніцтва для мяне – гэта стан душы. Побач з дзецьмі маладзею і адчуваю сябе шчаслівай.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 16
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий