27 студзеня на вуліцы Саўгаснай прайшоў мітынг-рэквіем “Помнім і шануем!”

27 студзеня на вуліцы Саўгаснай прайшоў мітынг-рэквіем “Помнім і шануем!”, прымеркаваны да Дня памяці ахвяр Халакоста. У ім прынялі ўдзел  прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў, вучні устаноў адукацыі горада.

 Халакост ‒ масавае знішчэнне яўрэяў у перыяд нямецкай акупацыі. Гітлераўцы здолелі стварыць маштабную, добра адладжаную сістэму па знішчэнні людзей. Паводле дадзеных навуковых крыніц падчас акупацыі загінула 74-82% яўрэйскага насельніцтва Беларусі. На тэрыторыі Беларусі шмат месцаў, якія нагадваюць пра Халакост. Адно з іх якраз і знаходзіцца ў Маларыце на вуліцы Саўгасная. Гэта  воінскія могілкі, на якіх захавана каля  трох тысяч жыхароў Маларыты і раёна, зверскі  забітых фашыстамі ў ліпені 1942 года. Сярод іх – 2800 яўрэяў. За гэтымі лічбамі крыецца боль, адчай, зламаныя і загубленыя  жыцці. Гора нельга вымераць.

Падчас мітынгу-рэквіему выступіў старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Фёдар Галянчук,  старшыня маладзёжнага парламента другога склікання пры раённым Савеце дэпутатаў Арцём Макарчук. Яны гаварылі аб тым, што наш абавязак – захаваць гістарычную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне, зрабіць усё магчымае, каб зберагчы мір.

Удзельнікі мітынгу-рэквіему ўшанавалі памяць загінулых землякоў хвілінай маўчання, усклалі да падножжа помніка вянкі і жывыя кветкі, запалілі лампадкі памяці. Нішто не забыта ‒ ніхто не забыты. Гісторыя Халакоста ‒ гэта сімвал газавых камер, печаў, масавы расстрэл нявінных мірных жыхароў. Ён з’яўляецца папярэджаннем аб бесчалавечнасці вайны, заклікае захоўваць і аберагаць гістарычную праўду аб падзеях  Вялікай Айчыннай вайне.

Дарэчы, на Саўгаснай у пачатку кастрычніка мінулага года з левага боку ад помніка падчас мітынгу актывістамі БРСМ, прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў раёна пры падтрымцы Маларыцкай ЖКГ была ўстаноўлена на стойку інфармацыйную таблічку з QR-кодам. Пры дапамозе яго можна перанесціся на платформу, дзе размешчаны фотаздымак помніка, геаграфічная карта яго месцазнаходжання, даецца інфармацыя пра помнік, змешчаны ўспаміны  ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Марыі Струк.

Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці ахвяр Халакосту, прайшлі таксама і ва ўстановах адукацыі раёна. У раённай гімназіі, напрыклад, было праведзена мерапрыемства “Ніхто не забыты – нішто не забыта” для вучняў устаноў адукацыі горада з удзелам прадстаўнікоў раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, у чытальнай зале раённай бібліятэкі быў арганізаваны набат памяці “Мы памятаем” для вучняў Олтушскай СШ і  ўрок-рэквіем “Пакуль мы памятаем, мы жывём” – для старшакласнікаў гімназіі, у Гвозніцкай сельскай бібліятэцы – урок мужнасці  “Гэта нельга забыць” ‒ для вучняў мясцовай школы з удзелам старшыні  сельвыканкама Аляксея Дзямінскага.

 

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

 

 

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий