Вынікі барацьбы за білет у “Цягнік Памяці – 2023”

На базе Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” ў рамках беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці-2023”. Мэта конкурсу – вызначэнне новых удзельнікаў праекта, выяўленне і распаўсюджванне паспяховай работы лідараў. У конкурсе прымалі ўдзел вучні, якія вызначыліся ў вучэбнай, грамадскай, спартыўнай, валанцёрскай дзейнасці, а таксама лідары вучнёўскага самакіравання, актывісты грамадскіх арганізацый.

За права стаць пасажырамі другога “Цягніка Памяці” змагаліся Дар’я Гардзіенка (Лукаўская СШ), Вольга Юруць (Макранская СШ), Вольга Барысюк (Вялікарыцкая СШ) і Ганна Кардзялюк (СШ №2 г. Маларыта). На пачатку творчага спаборніцтва да канкурсантаў звярнуўся ўдзельнік першага беларуска-расійскага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці-2022”, вучань 11 “А” класа раённай гімназіі Яўген Бурда. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі ад паездкі, адзначыў,  што яна спадабалася, падарыла шмат станоўчых эмоцый,  новых знаёмстваў, стала яскравай і незабыўнай у жыцці. Яўген падкрэсліў, што “Цягнік Памяці” – гэта своеасаблівае і ўнікальнае падарожжа па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яго ўдзельнікі праехалі 5911 кіламетраў, можна сказаць, па ваенных дарогах, наведалі мноства музеяў і мемарыялаў, пабывалі нават у Савеце Федэрацыі Расіі. А самае галоўнае, што 200 юнакоў і дзяўчат з Беларусі і Расіі даказалі, што для сяброўства няма нацыянальных і дзяржаўных межаў.

Конкурсная праграма складалася з пяці выпрабаванняў. Удзельнікам неабходна было прадставіць сваю візітную картку,  прайсці  творчы конкурс “Я магу”,  конкурс відэаматэрыялаў “Мая краіна”, конкурс эсэ “Пра тую вясну…”, прадэманстраваць веды ў інтэлектуальна-пазнавальнай гульні “Памяць пакаленняў”.

Журы вырашыла,   што Дар’я Гардзіен­ка працягне барацьбу,  каб  стаць пасажырам “Цягніка Памяці-2023”. Яе хутка чакае абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота прадастаўлена Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Поделиться:
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий