Сустрэча вучняў раённай гімназіі з курсантам-сяржантам факультэта ўнутраных войск Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь

На Маларытчыне працягваецца месячнік грамадзянска-патрыятычнага выхавання і абаронна-масавай работы. Ва ўстановах адукацыі раёна праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікаюць прафарыентацыйныя сустрэчы. Так, вучні 9 “В” класа раённай гімназіі сустрэліся з курсантам-сяржантам І курса факультэта ўнутраных войск Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Максімам Крэнем. Ён упэўнены, што выбар прафесіі – сур’ёзны, адказны крок. Каб не памыліцца, трэба ўсё грунтоўна ўзважыць, абдумаць.

– Быць афіцэрам – прэстыжна, – гаворыць Максім Сяргеевіч. – Гэта не толькі першае месца службы,  але і дастойная аплата працы,  сацыяльныя гарантыі і перспектывы для далейшага прафесійнага і кар’ернага росту. Стаць спецназаўцам – значыць з упэўненасцю глядзець у будучыню. Такую магчымасць дае Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь. Калі ў мяне пытаюцца, чаму абраў службу ў падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння, адказваю так: “Я люблю сваю Радзіму і перакананы, што гэта ганаровы абавязак – абараняць яе і спакой нашага народа”.

Максім Крэнь нарадзіўся і вырас у вёсцы Ланская. Ужо ў 7 класе ў свядомасці хлопца канчаткова сфарміравалася думка аб тым, што стане ваенным. Іншыя прафесіі яго не цікавілі. Да свайго выбару ішоў свядома і самастойна. Максіма заўсёды прывабліваў вобраз афіцэра: стройнага,  падцягнутага, моцнага, фізічна падрыхтаванага, упэўненага ў сабе,  мужнага,  які бачыў у кінафільмах і тэлеперадачах. На такога вайскоўца хацелася быць падобным.

Абараняць Айчыну, родных, лічыць юнак, – ганаровы і пачэсны абавязак. Максім Крэнь вырашыў,  што служыць будзе ў падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння. Да гэтага старанна рыхтаваўся. З задавальненнем бегаў на доўгія дыстанцыі,  іграў у футбол,  баскетбол, валейбол; са школьных прадметаў аддаваў перавагу тым,  якія неабходна было здаць пры паступленні на цэнтралізаваным тэсціраванні. Аднак жаданне хутчэй пайсці ў армію было такім моцным,  што пасля заканчэння Ланской СШ юнак не стаў паступаць вучыцца ў Ваенную акадэмію. Максім пайшоў служыць па кантракце ў спецназ (г. Мінск). Першыя тыдні службы не разачаравалі, а надалі ўпэўненасці, што зрабіў правільны жыццёвы выбар. Служба была нялёгкай,  але насычанай і цікавай. Яна шмат дала ў плане фарміравання характару,  звычак.

Размовы з начальнікам групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Маларыцкага раёна капітанам Паўлам Каньковым пераканалі, што неабходна набыць вышэйшую адукацыю. Памятае Максім Крэнь яго словы: “Жыццё афіцэра складаецца з узлётаў і падзенняў. Узляцець цяжка, а падаць заўсёды балюча. Неабходна служыць так,  каб не было ніякіх балючых падзенняў”. Цяпер імкнецца іх прытрымлівацца.

– У маі-чэрвені мінулага года мяне вызвалілі ад службы і накіравалі на курсы падрыхтоўкі да паступлення,  – гаворыць  Максім  Крэнь. – Рыхтаваўся старанна,  таму цэнтра­лізаванае тэсціраванне па беларускай мове, матэматыцы і гісторыі Беларусі здаў паспяхова. Набраных балаў хапіла, каб стаць курсантам і набываць спецыяльнасць “Прававое забеспячэнне дзейнасці ўнутраных войск”. У акадэміі ў нас строгі распарадак дня,  дысцыпліна ва ўсім. За паўгода я стаў больш сабраным,  арганізаваным і пунктуальным. Ваенная акадэмія фарміруе дысцыпліну,  абавязковасць, адказнасць. На многія рэчы стаў глядзець па-іншаму. Адкрыў для сябе такія паняцці,  як калектыў,  надзейнае плячо таварыша і сапраўднае сяброўства. У акадэміі без гэтага ніяк не абысціся. Нягледзячы на маю нядрэнную падрыхтоўку, спачатку нялёгка было прывыкнуць да ўмоў вучобы: ранні пад’ём, фіззарадка, страявая падрыхтоўка. Зараз ужо ўцягнуўся,  прывык і стараюся ад працэсу навучання атрымліваць максімум карысці. Не было такога моманту,  каб я пашкадаваў аб тым,  што вырашыў паступіць менавіта на факультэт унутраных войск.

 Будучы афіцэр падрабязна “расклаў па палічках” дзевяцікласнікам асаблівасці вучобы ў Ваеннай акадэміі: ад праходжання медкамісіі да стыпендыі і бытавых умовах у казармах і інтэрнатах.

Напрыканцы сустрэчы курсант-сяржант адказаў на пытанні вучняў.

Навум Мікалаеў.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий