Маёр міліцыі Аляксандр Аўдзяюк: “Стаяць на варце спакою і бяспекі людзей – гэта вялікая адказнасць”

Аддзяленне аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў Маларыцкага райвыканкама ўзначальвае Аляксандр Аўдзяюк. У райаддзеле ўнутраных спраў няма, напэўна, іншай службы, якая выконвала б столькі розных задач, як гэтая. Прафілактыка злачынстваў, правапарушэнняў, кантроль за асобамі, якія знаходзяцца на розных уліках, ахова грамадскага парадку падчас правядзення масавых мерапрыемстваў, хуткае рэагаванне на звароты грамадзян, якія паступаюць у дзяжурную часць на тэлефон 102…

Цяпер у аддзяленні службу нясуць 13 супрацоўнікаў. Ад участковых інспектараў міліцыі залежыць спакой і парадак у дамах, населеных пунктах. Па словах Аляксандра Аўдзеюка, служба ў міліцыі – не бяздумнае выкананне загадаў і інструкцый. Яна патрабуе аналітыкі,  разважання, пошуку сутнасці ў кожнай з’яве і канкрэтнай сітуацыі. Усё пералічанае павінна тычыцца ўчастковага інспектара, які ў адной асобе спалучае дазнавацеля, следчага, патрульнага паставога і псіхолага. Яму трэба не толькі ведаць выдатна законы, але і ўмець уступаць з людзьмі ў зносіны і знаходзіць агульную мову, быць лёгкім на пад’ём, настойлівым, адказным, гатовым поўнасцю аддавацца рабоце, мець актыўную жыццёвую пазіцыю. Менавіта такім сябе за час службы зарэкамендаваў маёр міліцыі Аляксандр Аўдзяюк. Ён з’яўляецца прыкладам для падначаленых у нясенні службы, выкананні службовых абавязкаў. Паспяховаму выкананню пастаўленых аператыўна-службовых задач спрыяе жыццёвы вопыт, вернасць абавязку, прынцыповасць, аператыўнасць у прыняцці рашэнняў.

Міліцэйская біяграфія Аляксандра Аўдзеюка пакуль змесціцца, напэўна, на адным лісце паперы. Аднак за гэтымі скупымі і стандартнымі радкамі хаваецца шмат рэальных спраў, начэй без сну, няпростых рашэнняў.

Да вяршынь прафесіяналізму Аляксандр Аўдзяюк ішоў не адзін год. Служыць у органах унутраных спраў ён не збіраўся. Скончыўшы Збуражскую СШ, вучыўся ў Маларыцкім ПТВ-155, праходзіў тэрміновую ваенную службу ва ўзброеных сілах. Пасля ўладкаваўся на працу ахоўнікам у ААТ “Прадтавары”. Менавіта тут і вызначыўся з будучым жыццёвым шляхам.

Па службовых абавязках Аляксандру Аўдзеюку кожны дзень даводзілася  кантактаваць з супрацоўнікамі патрульна-паставой службы. Падчас размовы даведаўся, што ў іх роце ёсць вакансія. Міліцыянеры прапанавалі ўладкавацца на працу да іх. Зрэшты, такая думка ў Аляксандра Пятровіча  ўжо не раз узнікала і раней. Падштурхоўвала і тое, што яго бацька – Пётр Іванавіч – працаваў у органах унутраных спраў. Юнак добра ведаў спецыфіку службы, таму прапанова зацікавіла.

Праз некалькі тыдняў пасля гэтага Аляксандр Аўдзяюк ужо едзе на шасцімесячную вучобу ў Магілёўскі  каледж Міністэрства ўнутраных спраў. Скончыўшы яе, атрымлівае накіраванне на першае месца працы ў Бярозаўскі райаддзел унутраных спраў. Тут некаторы час служыць міліцыянерам патрульна-паставой службы.

У верасні 2007 года перагорнута яшчэ адна старонка жыцця. Аляксандр Аўдзяюк пераводзіцца на працу ў Маларыцкі РАУС на пасаду малодшага ўчастковага інспектара міліцыі. Да выканання сваіх службовых абавязкаў ён заўсёды адносіўся адказна і сур’ёзна. Аляксандр Пятровіч ведаў, што самаўдасканаленню няма межаў.  Ён адчуваў: каб расці прафесійна, быць кампетэнтным у сваёй справе, не хапае неабходных ведаў. Таму паступае вучыцца спачатку ў Магілёўскі каледж МУС, а пасля яшчэ заканчвае і Магілёўскі  інстытут МУС.

З кастрычніка 2020 года Аляксандр Аўдзяюк з’яўляецца  начальнікам  аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Ён не любіць расказваць пра сваю службу, кажа, што самая лепшая адзнака напружанай і нястомнай работы  супрацоўнікаў органаў унутраных спраў – прызнанне, давер і спакой людзей.

– Мы 24 гадзіны сем дзён на тыдзень ахоўваем правапарадак, падымаемся па трывозе ў любы момант, – гаворыць  Аляксандр Аўдзяюк. – Бываюць напружаныя дні. Аднак у сярэднім за суткі паступае па 6-8  паведамленняў у аператыўна-дзяжурную службу.  Як  правіла, падставай для большасці  з  іх становяцца сямейныя  скандалы, хуліганскія дзеянні, а таксама  крадзяжы, моцны шум у суседзяў у начную пару.  І ад таго, наколькі  кампетэнтна,  тактоўна аднясуцца  да  звароту  грама­дзян  ў “дзяжурцы”, зрэагуюць на яго, залежыць паспяховасць вырашэння ўзнятай праблемы. Шмат правапарушэнняў здзяйсняюць людзі ў п’яным угары. І калі б мы змаглі перамагчы зялёнага змія, злачыннасць адразу б пайшла на спад.

Аляксандр Пятровіч  адзначыў, што цяпер у райцэнтры ў грамадскіх месцах размешчана 31 відэакамера. Сістэма відэаназірання выводзіць адлюстраванне на манітор камп’ютара аператыўна-дзяжурнай службы. Дзякуючы гэтаму ўжо было раскрыта 7 злачынстваў…

Аляксандр Аўдзяюк перакананы, што на службу ў органы ўнутраных спраў ідуць толькі па прызванні. Для тых, хто звязаў свой лёс з гэтай прафесіяй, галоўнае ў жыцці – захаванне правапарадку і законнасці. Калі часам узнікаюць няпростыя сітуацыі ў паўсядзённай напружанай службе,  мой субяседнік задае не пытанне “Чаму я?”, а “Хто, калі не я?”.  Маёр міліцыі Аляксандр Аўдзяюк, як і яго саслужыўцы, стаіць на варце спакою і бяспекі людзей – гэта вялікая адказнасць. Ён не мае права не апраўдаць давер сваіх землякоў, таму  і з’яўляецца Аляксандр Аўдзяюк  заўсёды аператыўна ў аддзел.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  • 10
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий