Вынікі работы за год падвялі педагогі

Прайшоў пашыраны савет аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама, на якім былі разгле­джаны вынікі работы за 2022 год, вызначаны  задачы на 2023 год і меры па павышэнні адказнасці кіруючых кадраў за эфектыўнасць работы. У пасяджэнні савета прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук.

 З асноўным дакладам выступіў начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Пятручык. У сваім выступленні ён спыніўся на дасягненнях і праблемных пытаннях, ключавых момантах развіцця сістэмы адукацыі раёна, расказаў аб арганізацыі навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, аб удас­каналенні сістэмы выхаваўчай работы. Начальнік аддзела прааналізаваў таксама кад­равы склад педагогаў, акрэс­ліў асноўныя накірункі арга­нізацыі сістэмнай работы з таленавітымі вучнямі, абазначыў, як выра­шаюцца задачы ліч­бавізацыі ўстаноў адукацыі раёна,  засяродзіў увагу на перамогах, якія заваявалі вучні раёна на творчых і інтэ­лектуальных спа­борніцтвах.

Штогод напя­рэдадні новага навучальнага года ў раёне праходзіць жнівеньская нарада педа­гогаў Маларытчыны, на якой падрабязна і грунтоўна гаворыцца аб тым, што ўжо зроблена і над вырашэннем якіх актуальных пытанняў неабходна папрацаваць. Таму, напэўна, будзе апраўдана цяпер звярнуць увагу толькі на некаторыя вынікі работы.

Па прычыне малой напаўняльнасці груп прынята рашэнне аб ліквідацыі з 1 верасня мінулага года Ланскога дзіцячага сада. У гэтым годзе плануецца рэарганізацыя Радзежскага дзіцячага сада  шляхам далучэння яго да Радзежскай СШ.

Адукацыйны працэс ва ўстановах адукацыі раёна ажыццяўляюць 737 педагогаў, з іх 641 мае вышэйшую адукацыю, адзін – кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, 465 педагогаў – вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Колькасць выхаванцаў у да­школьных установах адукацыі ў 2022 го­дзе знізілася на 45 і склала 1024 чалавекі. Колькасць вучняў устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі склала 3132 чалавекі, што на 8 менш, чым летась.

У раённым банку дадзеных аб дзецях з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў 2022-м знаходзілася на ўліку 446 дзяцей (2021 годзе – 416 дзяцей). Спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай ахоплена сто працэнтаў дзяцей.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна маецца 21 камп’ютарны клас (па 2 класы ў раённай гімназіі, СШ №1 і СШ №2), 34 мультымедыйныя праектары, 10 інтэрактыўных дошак, 23 сэнсарныя панэлі (мульціборды), 3 лінгафонныя кабінеты. У 2022 годзе за кошт раённага бюджэту закуплены другі камп’ютарны клас у СШ №1 (6+1).

У 2022 годзе выкананы бягучы рамонт на суму 186,2 тысячы рублёў. У снежні мінулага года  праведзены работы ў Олтушскай СШ.

У раёне забяспечваецца падвоз навучэнцаў і выхаванцаў сельскіх устаноў адукацыі. Для арганізацыі іх падвозу задзейнічана 15 аўтобусаў і 2 аўтамабілі са спецыяльна абсталяваным пад’ёмнікам (падвоз дзяцей з інваліднасцю). Падвозам у 12 населеных пунктах ахоплен 371 навучэнец. За кошт абласнога бюджэту набыты аўтобус для Ланской сярэдняй школы.

Са 162 выпускнікоў адзінаццатых класаў працягнулі навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі 107, ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі паступілі 37, ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі – 10 чалавек.

Гарачае харчаванне атрымліваюць усе навучэнцы ўстаноў адукацыі. У мінулым годзе для харчблокаў устаноў адукацыі набыты посуд і мэбля на суму 23,9 тысячы рублёў, а таксама тэхналагічнае абсталяванне на агульную суму 18,5 тысячы рублёў.

Па выніках работы за 2022 год лепшымі ўстановамі адукацыі раёна сталі: дзіцячы сад №1 і Олтушская СШ (першае месца, загадчыца Вольга Пархаць, дырэктар Алена Марук), дзіцячы сад №2 і раённая гімназія (другое месца, загадчыца Марына Гімчынская, дырэктар Таццяна Касцючык), дзіцячы сад №6  і Макранская СШ (трэцяе месца, загадчыца Людміла Ярмалінская, дырэктар Валянціна Літвін).

Навум МІКАЛАЕЎ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий