Віншаванні жанчын-маці ў Гвозніцкім сельсавеце

Напярэдадні свята шматлікія віншаванні  і  першыя вясновыя кветкі прымаюць нашы дарагія жанчыны – мамы і бабулі, сёстры і каханыя.

Асаблівай павагі заслугоўваюць у нашым грамадстве і жанчыны, якія ўзялі на сябе нялёгкую ношу – выхаванне прыёмных дзяцей. Толькі гэтыя цярплівыя і мудрыя жанчыны ведаюць, колькі бяссонных начэй, клопатаў і трывог стаіць за словамі “прыёмная маці”, а сэрцы іх выпраменьваюць сапраўды бязмежную дабрыню і цяпло, якіх хапіла б, напэўна, на ўвесь свет. Кожны дзень і кожную хвіліну яны імкнуцца ахінуць сваім крылом абдзеленых лёсам дзетак, якія па нейкіх прычынах не могуць жыць і выхоўвацца ў сваіх родных сем’ях.

У Гвозніцкім сельсавеце такіх мам чатыры. Павіншаваць напярэдадні 8 Сакавіка Людмілу Бягеза, Вікторыю Сілюк, Галіну Пракапук і Ганну Кудравец прыехалі старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын.

Алег Пятровіч шчыра павіншаваў жанчын з надыходзячым святам і пажадаў ім заставацца такімі ж упэўненымі ў сваіх сілах, захоўваць мір і ўзаемаразуменне ў сем’ях, дабра, шчасця, надзейнага пляча побач і каб блізкія прыносілі ім толькі радасць.

Добрыя словы прагучалі ў адрас жанчын-маці і з вуснаў Людмілы Бурштын:

  • Жадаем вам міру і спакою ў краіне, каб мы з вамі заўсёды былі спакойныя за дзяцей і блізкіх, радаваліся кожнаму новаму дню, цанілі тое, што маем. А яшчэ простага вам жаночага шчасця і паболей усмешак на тварах.

Шаноўныя госці ўручылі жанчынам кветкі і падарункі да свята. Трымаючы ў руках пяшчотныя цюльпаны,  жанчыны-маці ад ўсёй душы падзякавалі за ўвагу і клопат пра іх, за тое, што іх нялёгкая праца не застаецца незаўважанай. А на зямлі, здаецца, у гэтыя хвіліны стала яшчэ святлей і цяплей ад шчырых усмешак на тварах нашых дарагіх жанчын.

Галіна Пракапук.

Фота Алега Крэмянеўскага.  

Поделиться:
  •  
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий