Жыццё і творчасць Вольгі і Рыгора Ківачукоў

З пачатку гэтага года Вольга і Рыгор Ківачукі з Хаціслаўскага сельскага Дома культуры на сцэне радавалі гледачоў сваёй творчасцю разоў з дзесяць. Цяпер без іх удзелу не абыходзіцца ні адно выступленне ансамбля народных інструментаў «Хаціслаўскія баламуты», дзе іграе Рыгор Дзмітрыевіч, і народнага ансамбля  народнай песні і музыкі «Хаціславяне», дзе саліруе Вольга Афанасьеўна.  А з нядаўняга часу жонка і муж яшчэ на сцэне радуюць гледачоў сваёй творчасцю дуэтам. Апошняе іх сямейнае выступленне прайшло ў гарадскім парку падчас святкавання Масленіцы. А да гэтага Ківачукам апладзіравалі на раённым туры абласнога свята народнага гумару «Спораўскія жарты», раённым туры абласнога фестывалю «Грай, гармонік, звіні, прыпеўка», падчас канцэрта мастацкай самадзейнасці  на справаздачным  сходзе СУП «Хаціслаўскі» па выніках работы за мінулы год… І ўсюды выступленне было «на біс»!

Вольга Ківачук родам з вёскі Тур Рат­наўскага раёна Украіны. Пасля заканчэння сярэдняй школы вырашыла адразу пайсці на свой хлеб. На малой радзіме працу не змагла знайсці, таму пераехала ў беларускую вёску Хаціслаў.

– Ехала ўсвядомлена і з пэўнай мэтай, – гаворыць Вольга Афанасьеўна. – Была пераканана, што на новым месцы мая доля будзе ўдачлівай, што знайду сваё шчасце. У Хаціславе тады ўжо жылі і працавалі мае старэйшыя сёстры  Вера і Таццяна. Яны не раз расказвалі  пра ўладкаванасць побыту, пра старшыню калгаса «Запаветы Леніна» Леаніда Лявонава, яго клопаты пра людзей. Багатая гаспадарка, добрая зарплата, забяспечанасць жыллём калгаснікаў і спецыялістаў – гэта прываблівала. Але найбольш, напэўна, падкупіла тое, што ў Хаціславе быў свой Дом культуры і дзейнічалі калектывы мастацкай самадзейнасці. А спяваць я любіла з дзяцінства. Гэта ў мяне спадчыннае. У маці і бацькі былі цудоўныя галасы. Бацька, памятаю, калі падрасла, часта рабіў заказ – прасіў, каб я выканала тую ці іншую песню. Ён заўсёды ўважліва ўслухоўваўся, як брала кожную ноту. І, калі не фальшывіла, пляскаў у далоні ды задаволена казаў, што з мяне вырасце сапраўдная артыстка. Бацьку заўсёды хацелася дагадзіць.

У Хаціславе Вольга Ківачук адразу ўладкавалася на ферму даяркай. Да сялянскай працы ёй не трэба было прывыкаць. Ведала змалку, што і як неабходна на ферме рабіць. Жыццё навучыла. Працавала адказна і старанна.

 Калі выхадны дзень выпадаў на суботу ці нядзелю, Вольга Ківачук абавязкова ішла з сяброўкамі на дыскатэку ў мясцовы Дом культуры. На першай з іх адразу ў вочы кінуўся сімпатычны юнак, які іграў у  вакальна-інструментальным ансамблі. Ён таксама прыкмеціў Вольгу. Падчас чарговай дыскатэкі маладыя людзі пазнаёміліся. Рыгор запрасіў Вольгу на танец. Успыхнула  каханне, полымя якога разгаралася з большай сілай пасля кожнай чарговай сустрэчы. Спатканні былі ў асноўным па выхадных. Па буднях сустракацца не было калі. Пасля напружанага працоўнага дня хацелася і адпачыць.

Рыгор Ківачук нарадзіўся і вырас у Мельніках. Пасля заканчэння Маларыцкага ПТВ-155 на працу ён уладкаваўся ў мясцовы калгас трактарыстам. Рыгор Дзмітрыевіч таксама вырас у музычнай сям’і. Бацька яго яшчэ ў дзяцінстве заўважыў, што ў сына ёсць здольнасці да музыкі.  Каб іх развіць, купіў гармонік. Гэта стала вядома вясковым хлопцам. Старэйшыя з іх на поўным сур’ёзе не раз гаварылі Рыгору, што ў сярэдзіне гармоніка схаваны вафлі.  Аднаго разу, калі бацькоў не было дома, хлопец вырашыў праверыць. Ён узяў нож і разрэзаў на палавіну музычны інструмент, шукаючы салодкі ласунак. Бацькі сына не сталі  сварыць за такі недарэчны ўчынак, каб не адбіць ахвоту іграць. Проста па-сур’ёзнаму пагаварылі.

– Я самавучка, – кажа Рыгор Ківачук. –Спецыяльнай адукацыі ў мяне няма. З музыкай іду па жыцці. Падчас вучобы ў ПТВ-155 іграў у вакальна-інструментальным ансамблі, затым запрашалі як музыку на вяселлі. Калі ў калгасе «Запаветы Леніна» задумалі арганізаваць ансамбль,  я быў у ліку першых, каго туды запрасілі. Згадзіўся з задавальненнем.  Здаецца, што мне якраз гэтага і не хапала. Раней у нашым СДК  дыскатэкі праводзіліся пад жывую музыку. Іграў там наш ВІА. Аднаго разу заўважыў незнаёмую дзяўчыну, якая прыгожа танцавала. Яна мяне адразу зацікавіла. У знаёмых пачаў распытваць пра яе. А калі незнаёмка  прыйшла ў чарговы раз, вырашыў падысці і пазнаёміцца. Мне здаецца, што са з’яўленнем Вольгі, знайшоў тую чароўную папараць-кветку, якую шукаў і якую марыць знайсці кожны юнак. Вольга падарыла мне радасць жыцця, акрыліла, зрабіла шчаслівым.

Вяселле  сыгралі 30 кастрычніка 1982 года. З таго часу вось ужо 40 гадоў ідуць разам па жыцці рука ў руку Вольга і Рыгор Ківачукі. Усё было на іх сумесным шляху, але любыя сямейныя непаразуменні, якія часам і ўзнікалі, дапамагала пера­адолець музыка і песня. Па словах Вольгі Афанасьеўны, гэта цудоўныя лекі. Яны маюць гаючыя ўласцівасці.

Песня і музыка сталі неад’емнай часткай жыцця Вольгі і Рыгора Ківачукоў. У мінулым годзе яны адзначылі не толькі саракавы юбілей сумеснага жыцця. Амаль столькі ж гадоў і іх сямейнаму дуэту на сцэне. Жонка і муж гарманічна дапаўняюць адно аднаго. Калі адчуваецца сугучнасць музыкі, слова і кахання, то песня, здаецца, льецца недзе з глыбіні душы, як ціхая плынь рачулкі. Яна кранае слухача, заварожвае. А голас Вольгі Афанасьеўны ніколі не зблытаеш з іншым. Ён асаблівы, запамінальны. Зрэшты, цяперашні дырэктар Хаціслаўскага СДК Галіна Хомік, калі пачула, як спявае Вольга Ківачук, адразу прапанавала ёй  прыйсці на рэпетыцыю ансамбля «Хаціславяне». Тады Галіна Іванаўна пераканала, што  Вольга Афанасьеўна павінна быць у складзе творчага калектыву, яго салісткай.

У кватэры Вольгі і Рыгора песні і музыка гучаць часта. А калі за адным сталом  разам збіраюцца яшчэ і сем’і сыноў Аляксандра і Сяргея, то без песні ніяк нельга абысціся. Тады спяваюць усе. Падпяваюць нават унукі Сеня і Ваня. У такія моманты ў Вольгі Ківачук узнікае думка: а чаму б не адрадзіць сямейны ансамбль і разам усім зноў выступаць на сцэне? Зрэшты, сямейны ансамбль Ківачукоў некаторы час існаваў у Хаціславе. У ім выступалі сыны Вольгі Афанасьеўны, яе родная сястра Таццяна са сваёй дачкой Юліяй. Вольга Ківачук са шкадаваннем разумее, што цяпер гэта зрабіць ужо немагчыма па шмат якіх прычынах.

Вольга Афанасьеўна ўжо на заслужаным адпачынку, але яшчэ працуе. Некалькі гадоў таму яна стала спяваць у царкоўным хоры Спаса-Праабражэнскай царквы аг. Хаціслаў. Гэта была душэўная патрэба, якая дае заспакаенне, унутраную раўнавагу.

Рыгор Ківачук цяпер працуе слесарам па рамонту малочнага абсталявання на малочнатаварнай ферме. Аднак кожны год падчас уборкі ён перасаджваецца за штурвал камбайна. Уяўляецца Рыгору Дзмітрыевічу, што па хлебнай ніве павольна плыве камбайн, які нагадвае карабель у бяскрайнім моры. Мужчына заўважае лёгкія павевы ветрыку. Прабяжыць ён па полі – атрымліваецца своеасаблівая музыка хлебнай хвалі, якія, здаецца, гучыць ледзь улоўна. Радасна на душы і спакойна…

У рэпертуары сямейнага дуэта Вольгі і Рыгора Ківачукоў шмат розных песень. Калі яны вясёлыя, то абавязкова на твары гледачоў з’яўляецца ўсмешка, калі сумныя, то, бывае, што і слязу не стрымаюць. Ад чаго так?  Ад таго, што выкананне ідзе ад сэрца. 

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 13
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий