Сустрэча Вадзіма Шпетнага з вучнямі Макранскай сярэдняй школы ў межах працы кірмаша мэтавай падрыхтоўкі
Настаўнік – той, хто ставіць вучняў на шлях да поспехаў і дасягненняў. Настаўнік – той, хто сам упэўнена стаіць на дарозе бясконцай любові да дзяцей, няспыннага імкнення да пазнанняў.
Менавіта такую перакананасць на сустрэчу ў межах працы кірмаша мэтавай падрыхтоўкі прынёс з сабою да педагагічнага класа Макранскай сярэдняй школы Вадзім Паўлавіч Шпетны, настаўнік геаграфіі, член клуба “Хрустальны журавель”, пераможца конкурса “Настаўнік года”. Цікавае мерапрыемства, якое праляцела ў адно імгненне, заставіла маладое пакаленне задумацца аб прафесіі настаўніка, пералічыць якасці, якімі ён павінен валодаць.
Парад вучнёўскіх думак і меркаванняў прагучаў у гэты дзень. Зацікаўленыя незвычайным правядзеннем сустрэчы вучні актыўна ўдзельнічалі ў дыспуце, выказвалі свае адносіны, выбіралі галоўнае, спрачаліся і пераконваліся ў тым, што прафесія гэтая зусім няпростая. Думкі дзяцей супадалі, адрозніваліся, дапаўнялі адна адну. І постаць сапраўднага настаўніка, палескага інтэлегента, раз за разам паўставала ў зале.
На сустрэчы не было абыякавых. Нават тыя, хто зусім не збіраўся трапіць на настаўніцкі факультэт, раптам зацікавіліся гэтай прафесіяй. І сапраўды, настаўнік – гэта выклік такой няпростай сучаснасці, грамадскай нераўнавагі. Прадстаўнікі менавіта гэтай прафесіі сёння на прешай лініі грамадскага фронту: пабудаваць мірнае і шчаслівае будучае ў іх магчымасцях.