У Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы адкрыўся яшчэ адзін стацыянарны рэнтген-кабінет

Яшчэ нядаўна ля флюараграфічнага кабінета на першым паверсе паліклінікі ў райцэнтры назіраліся вялікія чэргі. Цяпер жа сітуацыя змянілася. З 1 сакавіка ў хірургічным корпусе Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы адкрыўся яшчэ адзін стацыянарны рэнтген-кабінет.

Па словах яго загадчыцы Кацярыны Кузьміч, цяпер у  ЦРБ  пяць рэнтгенаўскіх  апаратаў, якія размешчаны ў трох кабінетах.  З абсталяваннем працуюць два ўрачы і чатыры лабаранты. Неабходныя абследаванні па накіраванні ў рэнтген-кабінетах праводзяцца ў рабочыя дні з 8.00 да 20.00: на чацвёртым  паверсе паліклінікі – рэнтгенадыягнастычныя абследаванні, у хірургічным корпусе – прафілактычныя, дыягнастычныя. Рэнтген-кабінет у хірургічным корпусе па неабходнасці працуе і ў выхадныя дні.

Сучасны апарат рэнтгенадыягнастычны “Уніэксперт 2 плюс” фірмы “Аdani” беларускай вытворчасці  ў кабінет атрыманы па лініі Міністэрства аховы здароўя яшчэ ў 2017 годзе. Аднак з мая 2020-га ён быў зачынены ў сувязі з рамонтам  хірургічнага корпуса. У апошні час былі для рэнтген-апарата набыты неабходныя дэталі, якіх не хапала, праведзены рамонт у самім кабінеце.

У дыягнастычным абсталяванні ў хірургічным корпусе выкарыстоўваецца сучасная сістэма лічбавай рэнтгенаграфіі, якая дазваляе  праводзіць усе віды рэнтгенаабследаванняў, перадаваць высакаякасныя рэнтгенаўскія здымкі на экран для апрацоўкі і аналізу. Функцыянаванне сучаснага высокадакладнага лічбавага медыцынскага апарата істотна палепшыць якасць абслугоўвання насельніцтва раёна, скароціць час пастаноўкі дыягназу, павысіць яго дакладнасць, знізіць нагрузку на рэнтген-кабінет у паліклініцы. Рэнтген-апарат дае магчымасць дэталёва абследаваць пацыента, калі ён стаіць, сядзіць, ляжыць – ва ўсіх праекцыях; даследаваць, напрыклад, лёгкія і косці, унутраныя органы і мяккія тканкі… На працэдуру – не больш за дзесяць хвілін.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  • 8
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий